Пётр Шаранговіч — беспартыйны бальшавік

23

Для пачатку крыху гісторыі. Па хадайніцтве работнікаў аддзела культуры райвыканкама і супрацоўнікаў музея народнай славы вуліца Школьная і завулак Школьны ў райцэнтры ў сувязі з 70-годдзем Узброеных Сіл СССР рашэннем выканкама Мядзельскага пасялковага Савета народных дэпутатаў былі перайменаваны і названы ў гонар Пятра Міхайлавіча Шаранговіча —
удзельніка Грамадзянскай вайны, начальніка штаба 27-й Омскай стралковай дывізіі.

Памятаецца, адбыўся мітынг, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнай дошкі, якая і цяпер вісіць на будынку музея народнай славы. На ёй словы: «Гэта вуліца названа ў гонар Шаранговіча Пятра Міхайлавіча (1893-1938), ураджэнца вёскі Качаны Мядзельскага раёна, удзельніка Грамадзянскай вайны, начальніка штаба 27-й Омскай стралковай ды­візіі, начальніка кафедры Ваенна-палітычнай акадэміі». Да мемарыяльнай дошкі прысутныя ўсклалі кветкі, у ганаровую вахту да яе сталі піянеры. Такім чынам мядзяльчане ўшанавалі светлую памяць земляка, яго заслугі ў станаўленні Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі.

Ужо не засталося тых, хто на ўласныя вочы бачыў жудасныя падзеі Першай сусветнай вайны. Яно і не дзіўна: больш за стагоддзе мінула з тае пары. Засталіся толькі ўспаміны. У свой час нямала іх чуў ад аднавяскоўцаў у гадах і юнак з Каракулічаў
Мар’ян Дукса. А калі пачаў пісаць вершы, не прамінуў тэму жахлівага перыяду на роднай зямлі, бо і вёска, дзе нарадзіўся творца, была ў зоне зацяжных баёў. З-пад пяра з’явіўся верш з такімі радкамі:

На Мядзельшчыне
ўсё яшчэ акопы
Ніяк не зарастаюць
з той вайны,
Па-над зямлёй
прыўзняўшыся, як копы,
Глядзяць магільным
вокам з-пад сасны.
З асколкамі,
што рассыпала ліха,
Ніяк не можа
справіцца іржа.
Тут некалі
на Мядзельшчыне ціхай
Праходзіла агністая мяжа…

Яе сляды бачны і сёння. У ваколіцах можна знайсці амаль цэлыя, не на адзін паверх бетаніраваныя доўгачасовыя агнявыя кропкі, праз амбразуры якіх кайзераўцы касілі з кулямётаў рускіх салдат. Пётр Шаранговіч таксама спаўна зведаў ліха. Першую сусветную хлопец з Качаноў пачынаў радавым пяхотнага палка. З улікам таго, што меў неблагую адукацыю (скончыў следам за старэйшым братам Сямёнам і пры яго дапамозе ў Маладзечне настаўніцкую семінарыю), яго накіроўваюць на чатырохмесячныя курсы ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча ў Маскве. Пасля іх

Пётр Міхайлавіч — ужо малодшы афіцэр, у снежні 1916 года прапаршчык Пяцігорскага палка ўзведзены ў чын падпаручніка. Праз нейкі месяц, ужо ў званні паручніка, якое адпавядае цяперашняму лейтэнанту, пераведзены ад’ютантам у 732-гі Пакройскі полк. Без доўгіх ваганняў Пётр Міхайлавіч прыняў Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю, у снежні 1917 года добраахвотнікам прыйшоў на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію.

Пётр Шаранговіч - беспартыйны бальшавік

Менавіта тут ва ўсю моц праявіўся вайсковы талент Пятра Міхайлавіча. Яго прызначаюць спачатку начальнікам разведвальнага аддзела ў штабе пятай арміі, а ў красавіку 1919 года — начальнікам штаба 27-й стралковай дывізіі. Па ўспамінах яе ка­місара, у будучым доктара гістарычных навук Андрэя Кучкіна, «Шаранговіч валодаў выдатнымі вайсковымі здольнасцямі, быў ініцыятыўным і смелым камандзірам». Надзвычай ярка гэтыя якасці Пётр Міхайлавіч прадэманстраваў пры правядзенні Байсараўскай аперацыі ў раёне ракі Белая. Калчакаўцы змаглі прарваць фронт дывізіі і сталі заходзіць ёй у тыл. Камандзір Аляксандр Паўлаў загадаў Шаранговічу распрацаваць загад па ліквідацыі прарыву і знішчэнні праціў­ніка, што і было аператыўна ажыццёўлена. Такая ж сітуацыя паўтарылася і пры правядзенні Залатавустаўскай, Чалябінскай аперацый, фарсіраванні ракі Табол, узяцці Омска і Марыінска. У гарадах чырвонаармейцы захапілі шмат палонных і трафеяў.

Войскі Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміі адмірала Аляксандра Калчака былі разбіты. Як прызнанне вялікіх заслуг 27-й стралковай дывізіі прысвоілі ганаровае званне «Омская» і ўзнагародзілі двума Чырвонымі сцягамі — Сібрэўкома і Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта. Высока адзначылі і баявыя заслугі Пятра Шаранговіча: яму ўручылі першы і вышэйшы ордэн Савецкай улады таго часу — Чырвонага Сцяга. На гэтым баявыя дзеянні стралковай дывізіі на Усходнім фронце закончыліся, а ў 1920-м яе перакідваюць на Заходні — супраць белапалякаў.

Пры арганізацыі імклівага маршу начальнік штаба дывізіі Пётр Шаранговіч праяўляў вялікае напружанне і дбайнасць. Часці з Краснаярска рухаліся на Оршу, яны расцягнуліся не на адну тысячу кіламетраў. Тым не менш, перадыслакацыя праходзіла арганізавана, 11 ліпеня 1920 года чырвонаармейцы вызвалілі Мінск, затым разграмілі варожыя пазіцыі пад Баранавічамі, фарсіравалі Заходні Буг. Цяжкія баі вяла дывізія на Вісле, на подступах да Варшавы. Аднак там усё завяршылася паразай Чырвонай Арміі і агульным панічным адступленнем ад польскай сталіцы. Ці варта казаць, што ў такіх умовах ад начштабдзіва для ўтрымання парадку ў моцна патрапаных часцях патрабавалася ваеннае майстэрства, уменне аператыўна прымаць нестандартныя рашэнні? Больш за тое, для вываду байцоў з акружэння пад Беластокам Пётр Міхайлавіч асабіста павёў іх у атаку. Яго выключная вытрымка ў спалучэнні з гераізмам чырвонаармейцаў дазволілі авалодаць горадам і вырвацца з пасткі. За гэты подзвіг Пятру Шаранговічу ўручылі другі ордэн Чырвонага Сцяга. Наколькі вядома, пры адступленнях так уша­ноў­валі толькі за сапраўдны гераізм. Гэта пацвярджаюць і радкі з прадстаўлення да ўзнагароджання: «…у перыяд вымушанага адступлення дывізіі праявіў надзвычайную стойкасць і вытрымку… Рызыкуючы ўласным жыццём, дзеля захавання кіраўніцтва войскамі і парадку ў часцях, адыходзіў з ар’ергарднымі падраздзяленнямі, прымаючы ўдзел у баявых дзеяннях палкоў 79-й брыгады».

За баявымі дзеяннямі пайшлі армейскія будні, Пётр Міхайлавіч закончыў Вышэйшыя курсы пры ваеннай акадэміі Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Калі стварылі Беларускую ваенную акругу, Пятра Шаранговіча перавялі туды ў штаб начальнікам пятага аддзела. Аднак пакрысе над усімі афіцэрамі Чырвонай Арміі, якія ў свой час служылі ў царскай, пачалі збірацца хмары, у нетрах Аб’яднанага дзяржаўнага палітупраўлення спела правакацыя спецслужбаў пад кодавай назвай «Вясна».

Пачыналася яна з малога: вопытных ваенных спецыялістаў паступова адсоўвалі на другарадныя пазіцыі — выкладчыкаў акадэмій альбо ваенрукоў цывільных навучальных устаноў. Вось і Пётр Міхайлавіч у лютым 1930 года апынуўся ў Новасібірску ў якасці начальніка ваеннай падрыхтоўкі навучэнцаў цывільных навучальных устаноў Сібірскай ваеннай акругі.

З некаторых афіцыйных крыніц можна даведацца, што па стане здароўя Пётр Міхайлавіч Шаранговіч у 1931 го­дзе пераходзіць на выкладчыцкую работу ў ваенна-па­літычную акадэмію імя Талмачова. Старшы выкладчык, начальнік кафедры — такі шлях на гэтай рабоце Пятра Міхайлавіча. Па сутнасці справы тут толькі частачка праўды. Асноўная ў тым, што ў маі Пятра Шаранговіча арыштавалі. Па ўсёй бачнасці, усе абвінавачванні ён катэгарычна адмятаў, на хітрыкі следчых не паддаваўся. Час быў такі: невялікія тэрміны ці нават поўнае вызваленне атрымлівалі якраз тыя, хто ні ў чым не прызнаваўся.

Таму неўзабаве нашага земляка адпусцілі, ён зноў апынуўся на выкладчыцкай працы. Той жа з афіцэраў, хто верыў следчым і падпісваў прызнанне ў кіраўніцтве «контррэвалюцыйнымі арганізацыямі», уласнаручна візіраваў сабе смяротны прысуд. Добра вядома парада Генрыха Ягоды Ісаку Бабелю на дачы ў Максіма Горкага. На пытанне «Як сябе паводзіць чалавеку, які трапіў у лапы да чэкістаў?» той коратка адказаў: «Усё адмаўляць! Тады мы бяссільныя!» Пазней, пры Яжове ў 1937-1938 гадах, не мела вызначальнага значэння, прызнаўся чалавек у палітычных злачынствах ці не…

Гэта ўсё змятаючая на сваім шляху хваля рэпрэсій захапіла і Пятра Шаранговіча. Спачатку ў ліпені 1937 года па палітычным недаверы яго звольнілі ў запас, а ў жніўні арыштавалі па абвінавачванні ў здрадзе Радзіме і прыналежнасці да контррэвалюцыйнай афіцэрскай арганізацыі. Прысуд Камісіі НКУС і Пракуратуры СССР з такой фармулёўкай быў заканамерным: вышэйшая мера пакарання. У 1955 годзе брат Пятра Сямён, на той час старшы інжынер на маскоўскім аўтамабільным заводзе імя Сталіна, звярнуўся ў Вярхоўны суд СССР з просьбай пера­гледзець справу Шаранговіча. І яе задаволілі: 21 лістапада 1956 года судзейская калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда СССР адмяніла пастанову камісіі НКУС і Пракурора СССР ад 15 студзеня 1938 года ў адносінах да Пятра Міхайлавіча Шаранговіча па прычыне адсутнасці доказаў яго віны.

Заслугоўвае ўвагі і выказванне тых часоў генерал-лейтэнанта запасу Аляксандра Тадорскага: «Я добра ведаў Пятра Міхайлавіча Шаранго­віча па сумеснай службе ў штабе Беларускай ваеннай акругі, калі ён быў начальнікам 5-га аддзела, а я памочнікам камандуючага… Гэта быў сапраўды доблесны камандзір і цудоўны штабны работнік, які заўсёды клапаціўся пра інтарэсы справы па ўмацаванні баявой магутнасці Чырвонай Арміі… Яго паважалі, цанілі, любілі і начальнікі, і падначаленыя як баявога заслужанага ўдзельніка Грамадзянскай вайны, як высокападрыхтаванага ваеннага спецыяліста, які ахвотна перадаваў свой практычны вопыт, ваенна-тэарэтычныя веды камандна-палітычнаму і чырвонаармейскаму складу. Ні ў кога і ніколі сярод шырокага кола камандзіраў і палітработнікаў БВА не было і хвіліны сумнення ў палітычнай сумленнасці Пятра Міхайлавіча Шаранго­віча. Гэта быў безумоўна савецкі чалавек, шчыра і да канца адданы савецкаму народу, Камуністычнай партыі і сацыялістычнай Радзіме».

Пасля гэтых радкоў прыгадваюцца трапныя словы, сказаныя на тым даўнім мітынгу пры адкрыцці мемарыяльнай дошкі Пятру Шаранговічу тагачасным старшынёй выканкама Мядзельскага пасялковага Савета народных дэпутатаў Іванам Шаранговічам: «З моманту добраахвотнага пераходу на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію Пётр Міхайлавіч зарэкамендаваў сябе палымяным беспартыйным бальшавіком». Падумалася яшчэ і аб тым, што калі б такіх вось здольных афіцэраў, няхай сабе і «царскай» загартоўкі, аднак сапраўдных сыноў сваёй Радзімы, не павыбівалі на ўсялякі выпадак у гады рэпрэсій, нашы страты ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны не былі б такімі вялізнымі. Вядома, гэта проста душэўнае шкадаванне, бо гісторыя не мае ўмоўнага ладу, мінулае ніколі не вяртаецца — у адрозненне ад памылак, якія мы ўчыняем!

Павел Жукаў