Перапіс у Дзягілях і школа ў Задубенні. Што пра нашы мясціны пісалі газеты і часопісы “пры Польшчы”

208

ХТОСЬЦІ сёння на поўным сур’ёзе расказвае, як добра жылося ў Заходняй Беларусі “пры Польшчы”. Аднак публікацыі ў тагачаснай перыёдыцы сведчаць пра зваротнае. І наводзяць на думку: каб не падзеі 17 верасня 1939 года, то беларусаў у нашых мясцінах да цяперашняга часу магло б і зусім не быць.

Перад вамі — своеасаблівыя дакументы эпохі. Без купюр і з захаваннем тагачаснай арфаграфіі і пунктуацыі перадрукоўваем два артыкулы, якія былі змешчаны ў заходнебеларускіх выданнях міжваеннага перыяду.

Народная перапісь
На заходняй часьці Беларусі, на так званых папольску “Kresach wschodnich” адбылася народная перапісь.

Рабілі гэтую перапісь па вёсках, амаль ня ўсюды, польскія вучыцялі, валасныя пісары й іх памочнікі. Беларускаму вучыцелю рэдка-дзе давялося прыняць удзел у перапісі. Так у Валожынскім павеце, Лугамавіцкай воласьці, ёсць 11 вучыцялёў польскіх школ, з каторых адзін беларус, і вось 10 з іх атрымалі званьне перапішчыкаў, а беларусу адмовілі.

Гэтыя, так званыя кваліфікаваныя, перапішчыкі выхрышчвалі беларусаў на палякаў рознымі спосабамі. Досіць цікавы спосаб выхрышчывання быў ужыты ў вёсцы Дзягілі Жосьнянскай воласьці, дзе перапішчыкам быў памочнік валаснога пісара пан Чыж. Вось ён і заспяваў, але не па чыжынаму: “Калі хто будзе запісывацца, што ён беларус, то выцанім у Менск на пяскі, дык лепей для вас саміх запісацца палякамі”. Пасля такое прамовы п. Чыж ні ў воднага селяніна не запытаў, якой ён нацыі, як быццам бы ў яго такое графы ня было, а проста ўсіх, і праваслаўных, і каталікоў, запісаў “narodowosci polskey”. Трэба заўважыць, што ў вёсцы Дзягілі каталікоў вельмі мала.

Праўду кажучы, гэтаму паночку няпершыня змагацца з беларускасьцю. Ён лез із скуры вон, каб не дапусьціць адчыніць беларускую школу ў Слабадзе. Стагнаў бедны дзень і ноч, пакуль паставіў на сваім. Але жаднае карысці для себе не дабыў, а толькі вёска засталася бяз школы.

Вельмі цікава ведаць, колькі яшчэ засталося беларусаў на крэсах і калі гэтых, што засталіся, пад камандаю пана Чыжа пагоняць у Менск на пяскі?

Я. Відук. (“Беларускія ведамасьці” №1-14 за 1921 год)

«Беларускія ведамасці» — штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета, выдавалася ў Вільні (14.09.1921—15.01.1922). Асвятляла эканамічнае і палітычнае жыццё ў Сярэдняй Літве і Заходняй Беларусі на першым этапе іх інкарпарацыі ў склад Польшчы.

 

 

Някультурнасьць на вёсцы
Вёска Задубеньне Крывіцкае вол. Вялейскага пав.
Някультурнасьць на вёсцы прыймае пагражаючыя разьмеры. Бойкі і “гульні” з нажамі павялічваюцца, бо беларускія хаты-чытальні, якія нясьлі сьвятло пад сялянскую страху, разам з беларускімі арганізацыямі, пазакрываны. На іх месца нічога яшчэ ня створана, а польскія арганізацыі беларускіх не заменяюць, бо ўсё вядуць папольску, незразумела для бел. сялян. Школа на вёсцы бяз роднае мовы таксама ня можа прычыніцца да замацаваньня граматнасьці. Каб ня быць галаслоўным, падаю факты. Сёлета было абвешчана, што ня будуць прыймаць у Латвію на сэзонныя работы няграматных, дык усе хлопцы з в. Задубеньне, каторыя думалі ехаць у Латвію, аказаліся няграматныя, хоць кожны з іх адседзіў сем гадкоў у пач. польскай школе, і былі змушаны хадзіць на вячэрнія курсы, каб навучыцца расьпісацца і гэтым дабіцца выезду ў Латвію. — Ясна, што для нашага народу патрэбная школа родная — беларуская. І сяляне в. Каранішачы і Задубеньне ў 1936 г. падалі дэклярацыі Школьнаму інспэктару Вялейскага пав. на адкрыцьцё ў Задубеньні беларускае школы, але далей існуе тут толькі польская школа. Бедната сялян стаіць пры тым на перашкодзе пашыраньню друкаванага слова. Адчуваецца голад кніжак, асабліва дзеля пашырэньня пачатковае асьветы. Бязумоўна трэба ўсе перашкоды перамагаць і будзіць моладзь да культурнага жыцця. Калі будзем баяцца перашкодаў, то і надалей будзем нешчасьліўцамі. Хто пераможа цемнату, той уцешаны будзе пазьнейшаю памыснасьцю.
Дык вось, браты! Кіньмо бойкі і п’янства і хутчэй за асьвету! Замест нажа ды другіх прыладаў да бойкі, купляймо супольна кніжкі і газэты. Пакажэма, што мы, як і ўсе культурныя людзі, хочам жыць палюдзку, культурна.
Кастусь.
(“Шлях моладзі”, 1938-1939 гг.)

“Шлях моладзі” — маладзёжны грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1929—1939 гадах у Вільні  лацінкай і кірыліцай.

Падрыхтавала Наталля ЛІСІЦКАЯ.