«Няхай мой аповед будзе памяццю аб іх»

367

«Няхай мой аповед будзе памяццю аб іх»У руках трымаю апошнюю кнігу краязнаўцы з Камарова Івана Драўніцкага «Пастаўскае педагагічнае вучылішча ў люстэрку часу». Выйшла яна ў выдавецкай ініцыятыве «Сумежжа». У кнізе Іван Пятровіч расказаў пра стварэнне і дзейнасць педагагічнага вучылішча ў Паставах, выпускніком якога быў і ён, і яшчэ мноства вядомых на Мядзельшчыне людзей. У выданні прыведзены падрабязныя звесткі пра тое, як стваралася вучылішча і было арганізавана навучанне, пра педагогаў і навучэнцаў, іх далейшы лёс — у кнізе больш за 220 старонак.
Працавала вучылішча з 1944 па 1954 гады, і за гэты час падрыхтавала больш за 350 настаўнікаў пачатковых класаў для Пастаўскага і суседніх раёнаў.
У выданні можна знайсці расказы пра многіх вядомых на Мядзельшчыне педагогаў і навукоўцаў — Антона Іванавіча Шыкаўца, Віктара Ціханавіча Купрэвіча, Барыса Сцяпанавіча Пестуна, Вольгу Іванаўну Семяновіч, Міхаіла Сцяпанавіча Уліцкага, Аркадзя Сцяпанавіча Палоніка, Лію Мацееўну Салавей, Камелію Баніфацаўну Бурак, Алену Вікенцьеўну Шаблыку, Паліну Уладзіміраўну Грычык, Аркадзя Іосіфавіча Нафрановіча, Яраслава Генрыхавіча Звяругу, Яўгена Нічыпаравіча Рапановіча, Леаніда Віктаравіча Валасевіча і іншых.
— Матэрыялы для кнігі Іван Пятровіч збіраў больш за пяць год, — расказвае ўдава краязнаўцы Караліна Мечыславаўна. — Яму карцела напісаць пра сваю навучальную ўстанову, пакінуць памяць пра тых хлопцаў і дзяўчат, якія падымалі адукацыю пасля вайны. Казаў: «Калі не напішу, то больш ніхто гэта не зробіць». Збіраў адразу ў запісках — як казаў, «на карталюшках». Ездзіў у архівы ў Глыбокае, Маладзечна, наведваў былых навучэнцаў на Мядзельшчыне, у Паставах, Смаргонскім раёне, запісваў успаміны. Шмат над кнігай працаваў. Таму, калі яна выйшла, чула водгукі: «Калі ён паспеў? Калі столькі інфармацыі сабраў?»
Асабліва цікава чытаць у выданні ўспаміны: былыя выпускнікі прыгадваюць, як вучыліся ў пасляваенныя часы. Успамінаюць цяжкія і светлыя, сумныя і вясёлыя моманты з жыцця і вучобы — скажам, як хадзілі пешшу дадому (хто і за 50 кіламетраў), як хлопцы на цягніку ехалі «зайцамі» і іх злавіў кантралёр, экскурсію ў Маскву і тэатральную пастаноўку…
Вось што прыгадваў Віктар Ціханавіч Купрэвіч (нарадзіўся ён у Шыкавічах): «Жыццё і вучоба былі не з лёгкіх: картачная сістэма, памяшканне інтэрната было спачатку ў прыстасаваным панскім доме, другі паверх быў на паддашку, туды падымацца патрэбна было амаль па вертыкальнай лесвіцы. Свой паверх мы называлі «Парнас». Памяшканне дрэнна ацяплялася, стаяла цыліндрычная «буржуйка», дроў не было, самі збіралі ламачча па горадзе і абаграваліся. Зімой іншы раз клаліся спаць у адзенні і абутку. Электраасвятленне было дрэннае і не заўсёды, то карысталіся капцілкамі, зробленымі з чарнільніц і запраўленымі газай»; «Сярод студэнтаў было шмат здольных, таленавітых, працавітых і адораных юнакоў. З Мядзельшчыны гэта
М. Хоцька — гарманіст, Барыс Пястун — цымбаліст, вылучаліся кемлівасцю Антон Дашчынскі, Міхаіл Уліцкі, Яраслаў Звяруга, Зіна Лук’яновіч, М. Хвалько,
М. Гіль, Дзікі, Церашкевіч, Амельяновіч і другія».
Аркадзь Палонік з прычыны ваенных падзей толькі ў 1947 годзе закончыў Мядзельскую сямігодку. «Узнікла пытанне, куды пайсці вучыцца далей, — успамінае ў кнізе Аркадзь Сцяпанавіч. — Адкрыццё 8 класа ў Мядзеле не было вырашана, а вось у Паставах можна было атрымаць прафесію настаўніка. На гэтым і спынілася сямейная нарада, дзе вучыцца далей…»
Вось яшчэ ўрывак з яго ліста-ўспаміна: «Жыццё наша было і цікавым, і вясёлым, і складаным, і напружаным. Засталося ў памяці жыццё пры картачнай сістэме, жыццё ў інтэрнаце, дзе патрэбна было самім паліць печкі, каб сагрэцца і прыгатаваць нейкую страву. І тым не менш па-добраму ўсплываюць вобразы і аднакурснікаў, і педагогаў».
А ўраджэнец вёскі Бонда Мікалай Андрэевіч Буйко прыгадваў, як навучэнцы трапілі на старонкі мядзельскай раёнкі: «Яшчэ ў пачатку вучобы на першым курсе мне ўдалося сабраць групу навучэнцаў педвучылішча, маіх землякоў з Мядзельскага раёна для таго, каб разам сфатаграфавацца і паслаць гэту фатаграфію разам з лістом ў мядзельскую раённую газету «Савецкая вёска». У лісце мы пісалі, што паспяхова авалодваем ведамі, набываем настаўніцкую прафесію, што хутка вернемся ў Нарачанскі край і будзем сумленна працаваць — вучыць дзяцей. Гэту работу правесці мяне папрасіў сакратар Мядзельскай рэдакцыі М. Т. Чарняўскі. Яго просьба была задаволена, ліст і фатаграфія былі надрукаваны. Я і мае землякі радаваліся. Пасля гэтай падзеі нават старшакурснікі з Мядзельскага раёна прызналі мяне сваім, неяк вылучалі сярод іншых».
***
«Гляджу на фотаздымак свайго выпуску, і становіцца сумна, бо амаль усе, хто на ім адлюстраваны, пайшлі ўжо з жыцця. Няхай мой аповед будзе памяццю аб іх», — пісаў Іван Пятровіч у заключэнні выдання. Яму, ужо ў бальніцы, удалося пабачыць сігнальны экзэмпляр кнігі. Парадаваўся, усміхнуўся: «Усё — паспеў. Хто захоча, няхай дапісвае…»

Матэрыялы старонкі падрыхтаваў Аляксандр ВЫСОЦКІ.