Гісторыя станаўлення пажарнай службы

273

Гісторыя станаўлення пажарнай службыУ РОЗНЫЯ гістарычныя перыяды разбуральная сіла агню ў момант мяняла лёсы асобных людзей і гарадоў, аказвала негатыўны ўплыў на развіццё эканомікі і прамысловасці цэлых рэгіёнаў. Ператвораныя за стагоддзі ў кучу вугалю і попелу, зніклі назаўсёды бясцэнныя помнікі сусветнай культурнай спадчыны. На жаль, не мінуў такі лёс і Беларусь. Летапісы і хронікі данеслі да нас прыклады вогненных катаклізмаў сярэднявечча, калі часта ад адной іскры выгаралі цэлыя пасяленні.

Толькі ў XIV — XVI стагоддзях у гарадах, якія атрымалі Магдэбургскае права, самакіраванне пачало ўкараняць у жыццё абавязковыя пастановы па правілах пажарнай бяспекі — так званыя «вогненныя парадкі». Акрамя забароны на выкарыстанне агню, імі было замацавана, што тушэнне пажараў — абавязак усіх без выключэння гараджан. Таго, хто ухіляўся, гналі на барацьбу з агнём сілай ці сурова каралі.Наступнае стагоддзе прынесла ў арганізацыю пажарнай справы змены, якія сталі ў параўнанні з папярэднімі часамі, значным прарывам. Гарадскія магістраты ўводзяць выбарныя пасады «ахоўнікаў ад агню», на якіх ускладвалася кіраўніцтва тушэннем пажараў і кантроль за выкананнем прафілактычных мерапрыемстваў. Між тым, як і раней, барацьбу з агнём вялі гарадскія жыхары, якія прыбягалі на пажары са сваімі вёдрамі, сякерамі і баграмі.

25 ліпеня 1853 года Мінскае губернскае праўленне і гарадская дума прынялі пастанову аб стварэнні прафесійнай пажарнай каманды. Менавіта гэты год і паклаў пачатак прафесійнай пажарнай службе ў Беларусі.

У 1902 годзе ў Мядзеле адбыўся моцны пажар. Агнём былі знішчаны многія пабудовы. Таму ў 1903 годзе пачалося стварэнне пажарнай аховы. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе пачалося стварэнне першай самастойнай савецкай пажарнай аховы ў Мядзеле, Крывічах і Свіры. Станаўленне праходзіла ў цяжкіх умовах. Не хапала тэхнікі. Фурманкі з невялікім запасам вады спяшаліся на дапамогу людзям. Сярод агняборцаў таго часу варта адзначыць Ігната Пятровіча Чычыкіна, Івана Міхайлавіча Грыдзіна, Ілью Міхайлавіча Шмырава, Леаніда Фларыянавіча Клімовіча, Уладзіміра Купрыянавіча Мялешку, Рыгора Васільевіча Грышкевіча, Міхаіла Рыгоравіча Гудзенку. Шмат гадоў аддалі пажарнай ахове Міхаіл Іванавіч Падгол, Вячаслаў Эдмундавіч Таразевіч, Адам Іосіфавіч Пражэнік. Узначальваючы Мядзельскую гарадскую пажарную каманду і пажарную ахову раёна, яны аддалі шмат сілы і энергіі для яе станаўлення і развіцця. У 1950 годзе на ўзбраенне гарадскіх пажарных каманд паступілі першыя пажарныя машыны. Гэта былі грузавыя аўтамабілі, аснашчаныя пажарнымі мотапомпамі і ручнымі помпамі…

А. ВАРАБЕЙ.

Намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях, падпалкоўнік унутранай службы.