Гісторыі роднай гартаем старонкі

316

Гісторыі роднай гартаем старонкіЭТЫМАЛОГІЮ слова “Будслаў” можна растлумачыць па-рознаму. Адпаведна адной версіі — гэта “Буда слаўная” і “слаўся Буда”.

Сапраўды, мястэчку, якое ўзнікла на пачатку XVI стагоддзя, быў наканаваны адметны лёс, што пацверджана гісторыяй развіцця і не патрабуе доказаў. Будслаў — цэнтр каталіцкага жыцця Беларусі, дзе шукаюць дапамогі ў Маці Божай тысячы паломнікаў з усяго свету. Гэта святое месца, дзе глядзяцца ў нябеснае люстэрка купалы архітэктурнага шэдэўра стылю позняга барока — касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Але разам з тым Будслаў — радзіма выдатных дзеячаў культуры нашай краіны. Сярод іх пачэснае месца належыць П. В. Мядзёлцы — першай выканаўцы ролі Паўлінкі ў аднайменнай камедыі Я. Купалы на пецярбургскай сцэне. Будслаўчане ганарацца сваёй знакамітай зямлячкай. Яе імя носіць Будслаўская сярэдняя школа, дзе ёсць і прысвечаны ёй музей, у якім захоўваюцца асабістыя рэчы Паўліны Вінцэнтаўны, музычная літаратура. У яе гонар названа новая вуліца ў аграгарадку, а таксама кафэ.

Вядома, шмат напісана пра П. Мядзёлку. Ёсць біяграфічныя даследаванні, мемуары, розныя крытычныя матэрыялы, якія дазваляюць атрымаць больш поўнае ўяўленне пра яе, як асобу, прайшоўшую шлях ад простай вясковай дзяўчыны да прызнанага дзеяча культуры, артысткі, пісьменніцы, змагаркі за нацыянальную ідэю. Аднак нам, землякам, падаецца, што не ўсё сказана, што можна гаварыць пра яе бясконца, яшчэ і яшчэ. Ходзячы сцежкамі славутай будслаўчанкі ў школе, дзе яна выкладала, кіравала харавым і драматычным гуртком, бываючы каля дома № 10 на вуліцы Зялёнай, дзе жылі і памерлі яе бацькі і яна сама, наведваючы яе апошні прыстанак на мясцовых могілках, хочацца як мага глыбей зазірнуць у мінулае, каб асэнсаваць сучаснае і па магчымасці ўявіць будучае.

Безумоўна, выдатным крокам, дазваляючым пакланіцца велічнасці нашай зямлячкі, аддаць пашану і ўшанаваць светлую памяць аб ёй, стала літаратурна-музычная кампазіцыя “Без кахання, шчасця, долі няма на зямлі”, складзеная па матывах драматычных твораў

Я. Купалы “Паўлінка”, А. Дзялендзіка “Сцежкамі кахання” і кнігі ўспамінаў П. Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця” і прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння таленавітай ураджэнкі Будслава. У аснову была пакладзена гісторыя знаёмства Янкі Купалы і дзяўчыны з Мядзельшчыны, перасячэнне і драматычнасць іх лёсаў. Вучні 10 класа цудоўна сыгралі ролі Я. Купалы (Арцём Федарук) і П. Мядзёлкі (Таццяна Бурдун). І канечне ж, быў урывак з бессмяротнай “Паўлінкі”, дзе галоўныя персанажы (Дзіяна Камінская і Міхаіл Світа) адстойвалі сваё права на шчасце. Незабыўныя каларытныя вобразы прадстаўнікоў старэйшага пакалення атрымаліся ў Віялеты Парчынскай (Агата), Яўгена Будзько (Сцяпан Крыніцкі), Кацярыны Паповай (маці), Мікалая Каробчыца (Пранцысь).

Сустрэча знакамітага беларускага песняра з прыгажуняй-будслаўчанкай у кавярні “Зялёны штраль”, чытанне Купалам вершаў, эмацыянальнасць і чуллівасць артыстаў, адпаведныя дэкарацыі і касцюмы, музычнае афармленне, а гучала падчас літаратурна-музычнай кампазіцыі песня “Явар і каліна”, — усё гэта закранула сэрцы гледачоў, вучняў школы. Састаўляючы сцэнарый, рыхтуючы і рэпеціруючы мерапрыемства, як настаўнік беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік драматычнага гуртка, ставіла перад сабой мэту абуджэння ў школьнікаў пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, гонару і любові да сваёй краіны, разумення і ўсведамлення таго, на якой слаўнай зямлі жывуць, у якой школе вучацца, і чаму яна носіць імя знакамітай зямлячкі. Думаю, мэта была дасягнута. Этымалогія слова “Будслаў” да гэтага абавязвае.

Памяць пра П. Мядзёлку жыве не толькі ў навучальнай установе, але і ў вёсцы. Засталіся яшчэ людзі, якія ведалі яе, сустракаліся з ёю. Падчас размовы з імі адчуваецца веліч асобы Паўліны Вінцэнтаўны, яе клопат пра іншых, сумленнасць, справядлівасць. Вось як успамінае пра П. Мядзёлку С. М. Грышкевіч, у хаце якой некалі жыла выканаўца купалаўскай Паўлінкі: “Маіх дзяцей Казіка і Стасіка яна выхоў¬вала як родных, вучыла дабру, хвалявалася за іх. Усе нашы клопаты яна прапускала праз сябе — і хатнія, і матэрыяльныя”. Жанчына паказвае пісьмы, якія пацвярджаюць сказанае. Па словах А. І. Паўлоўскага, тагачаснага ўдзельніка драматычнага гуртка, якім кіравала П. Мядзёлка, Паўліна паводзіла сябе з артыстамі як маці, цікавілася іх жыццём, радавалася, калі ў іх усё ладзілася. Яна ўвогуле мела шмат сяброў сярод моладзі. Вучні прыбягалі да яе дадому, дзе працягвалі займацца музыкай.

Праца на ніве культуры цешыла і грэла Паўліну Вінцэнтаўну, яна жыла ёй. Дзясяткі гадоў прысвяціла служэнню Бацькаўшчыне, роднай вёсцы, людзям адукаваная, таленавітая і мудрая жанчына са слаўнага Будслава. Роздум над яе жыццёвым і творчым шляхам — крыніца натхнення для будучых пакаленняў. У вянок памяці ад сябе асабіста я напісала верш, які так і называецца: “Муза паэта”.

Я. ДЗЕМІДОВІЧ.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Будслаўскай СШ імя П. Мядзёлкі.

На здымку: П. Мядзёлка з пляменнікамі Станіславам і Казімірам (60-ыя гады).