Беларуская архітэктура ў Строчыцах

295

Беларуская архітэктура ў СтрочыцахАДЗІН з найцікавейшых музеяў краіны знаходзіцца не ў самім Мінску, а за некалькі кіламетраў ад сталіцы. Гэта музей архітэктуры і побыту Беларусі “Строчыцы”. Па яго тэрыторыі будзе цікава паблукаць цэлы дзень — плошча музея складае 151 гектар.

Тут паказаны ўзоры вясковай архітэктуры Беларусі. Храмы і капліцы, хаты і двары, пуні і адрыны, млыны і гумны, школа, кузня і карчма. Увогуле на тэрыторыі размешчана больш за 30 аб’ектаў традыцыйнай народнай архітэктуры канца XVIII і пачатку XX ст.

І ўсё гэта не раскідана бессістэмна. Тэрыторыя музея падзелена на шэсць сектараў, якія адпавядаюць гісторыка-этнаграфічным рэгіёнам краіны. Праўда, на цяперашні час дзейнічаюць тры з іх: цэнтральная Беларусь, Падняпроўе і Паазер’е. Кожны рэгіён прадстаўлены фрагментам характэрнага і тыповага паселішча.

Нас, вядома, больш цікавіць рэгіён Паазер’е. Менавіта там прадстаўлены экспанаты з Мядзельшчыны. Напрыклад, ветраны млын з вёскі Янушаўка — помнік народнай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Кажуць, што гэта незвычайны млын: яго канструкцыя прыстасавана да самастойнага павароту па накірунку ветру. Гэты тып называецца млын-пальтрак, рэдкі ў Беларусі.

Беларуская архітэктура ў СтрочыцахМожна пабачыць вяночны двор-комплекс пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Варашылкі, акружаны па перыметры жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. Яшчэ экспанаты з нашага раёна можна адшукаць і ў іншых будынках — напрыклад, давялося пабачыць шафу зноў жа з Варашылак.

Цікава завітаць у вясковую хату. Тут пабачыце традыцыйны інтэр’ер: печ, бабін кут з паліцай для посуду, чырвоны кут з абразамі, шырокія лавы ўздоўж сцен… А на сталах і стравы выстаўлены: бліны, каўбаскі, грыбочкі — шкада, што ўсё гэта макеты. Хаця ў музеі і карчма працуе, дзе прапануюць пакаштаваць беларускія стравы. У некаторых памяшканнях наладжаны міні-выставы — на тэму “Беларускі лён”, пчалярства, ткацтва і іншыя.

У апошнія гады музей “Строчыцы” ўсё больш на слыху: тут праводзяць народныя святы, канцэрты — з тым, каб больш людзей маглі дакрануцца да традыцыйнай культуры беларусаў.

На здымку: ветраны млын з вёскі Янушаўка; шафа з Варашылак.

Фота А. Высоцкага.