Абуджаў і клікаў да жыцця. Кароткае і драматычнае жыццё Адама Гурыновіча

84

ІМЯ гэтага паэта магло назаўсёды бясследна згубіцца ў мудрагелістых лабірынтах гісторыі. Перш за ўсё таму, што пры кароткім і ўвогуле драматычным жыцці Адама Гурыновіча не надрукавана ніводнага верша самабытнага аўтара. З невядомасці нашага зямляка вярнуў грамадскі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч, які ў 1921 годзе ў газеце “Беларускі звон” апублікаваў яго творы з захаванага рупнымі сваякамі невялічкага архіву. У прадмове Браніслаў Адамавіч напісаў пра Гурыновіча: “Ён снаваў планы будучае працы на ніве роднага краю з думкаю будзіць і клікаць да жыцця мову і літаратуру беларускага народа”.

Хто ж такі і адкуль Адам Гурыновіч, імя якога носяць вуліцы ў Мядзеле і суседняй Вілейцы, Свіры і аграгарадку Слабада, тамтэйшая сярэдняя школа? Нарадзіўся ён 25 сту­дзеня 1869 года ў пасажным фальварку маці Кавалькі азёрнага краю ў сям’і збяднелага шляхціца. Па радаводзе Гурыновічаў герба “Праўдзіц”, іх далёкія продкі прыбылі на Беларусь з Аравіі дзесьці ў XV стагоддзі. Спачатку, як мусульмане-татары, мелі прозвішча Гурын. Праз стагоддзе прынялі хрысціянства, а ў наступным змянілі прозвішча на Гурыновіч. Бацькі, Калікст і Элеанора, шмат увагі надавалі адукацыі дзяцей. Нягле­дзячы на пэўныя матэрыяльныя цяжкасці, першапачаткова яны вучыліся ў нанятых настаўнікаў, а далейшую адукацыю атрымлівалі ў Вільні. Дзеля таго, каб абыходзілася танней, купілі там у колішнім завулку Пірамонскі невялікі двухпавярховы дом, куды іншым разам бралі і кватарантаў. Старэйшага сына Юзафа адправілі ў юнкерскую школу, Адама і Яна — у рэальнае вучылішча.

Сур’ёзнае фінансавае выпрабаванне на сям’ю, у якой раслі шасцёра дзяцей, абрынулася са смерцю таты, калі Адаму было сем год. Трэба аддаць належнае 28-гадовай удаве — яна змагла вывучыць і сыноў, і дачок. Хаця даводзілася няпроста, аб чым сведчаць пісьмовыя звароты да Віленскага губернатара з просьбай зменшыць павіннасці і працэнтны збор з маёнтка. Адам Гурыновіч аказаўся здольным вучнем, у Віленскім рэальным вучылішчы шмат чытаў, займаўся літаратурнай творчасцю, зборам фальклору і навуковай працай. Юнак закончыў і дадатковы клас на механічным аддзяленні, апрача атэстата аб заканчэнні поўнага курса атрымаў адпаведнае пасведчанне. Можна лічыць заканамерным, што дапытлівы хлопец і ўступныя экзамены ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут здаў на “выдатна”. Праўда, студэнцкае жыццё выдалася зусім не бязвоблачным. Грошай хранічна не хапала нават на боты, даводзілася глыбокай восенню бегаць на лекцыі ў слабенькім абутку. Скончылася сумна: у снежні 1887 года Адам моцна захварэў, лячыўся ў Аляксандраўскай гарадской бальніцы. Давялося браць “акадэмічны” і ехаць дадому, у радавы маёнтак Крыстынопаль у ваколіцах вёскі Золькі на Вілейшчыне. Вучобу аднавіў налета, пачаўшы яе з першага курса. У змушаным водпуску не губляў дарэмна часу: пісаў вершы, збіраў беларускі фальклор. Адно кепска, даты ўнізе не ставіў, таму вызначыць сёння, што калі напісана, дакладна немагчыма. Для ўяўлення аб творчасці Адама Гурыновіча прывяду некалькі радкоў з верша “Дуб”:

Ці вые вецер, ці бура грае
І ломіць голле
пакорных дрэў,
Ён горда ў неба сябе ўзнімае,
Нібы гаворыць:
я кароль дрэў…
Хутчэй загіне
ў змаганні волат,
Чым дасць стыхіі
верх над сабой,
Такі асілак не схіліць голаў,
Ён толькі мёртвы
пакіне бой.
Недзе праз год студэнцтва Адам Гурыновіч уваходзіць у склад нелегальнага “Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай”, пэўны час нават кіруе дзейнасцю суполкі. Адсюль і бярэ пачатак яго рэвалюцыйная барацьба за лепшую долю для народа:
Ды не будзіць жа так
Векі вечныя,
А прыйдуць ніяк
Часы лепшыя.

Абуджаў і клікаў да жыцця. Кароткае і драматычнае жыццё Адама Гурыновіча

Свае вершы паэт пісаў на трох мовах: на беларускай, польскай і рускай. Існуе меркаванне, што на першую з іх творца зрабіў акцэнт пасля знаёмства з “Дудкай беларускай” Мацея Бурачка (псеўданім Францішка Багушэвіча). Гэты твор выдалі ў Кракаве ў 1891 годзе і патаемна пераправілі ў Беларусь. Так ужо атрымалася, што першым на яго адгукнуўся Адам Гурыновіч і выказаў тым самым сталаму аўтару падзяку ад імя маладога пакалення беларускіх літаратараў:
Дзякуй табе, браце,
Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы
збудзіў ты надзею,
Што між братоў
нашых знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам
і баляшчай груддзяй.
Дзякуй табе, браце,
і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі
нашай роднай мовы,
Бяры, браце, дудку,
наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная
ідзе ўкалейку
І будзіць у сэрцах мысль
аб лепшай долі,
Якой мы не зналі
дагэтуль ніколі.

З часам студэнцкі гурток набіраў сілу, аб’ядноўваў рэвалюцыйна настроеную моладзь не толькі тэхналагічнага, але і інстытутаў грамадзянскіх інжынераў, ляснога, Пецярбургскага ўніверсітэта… Апрача ўсяго іншага, меў стасункі з тэарэтыкам і паслядоўнікам марксізму Георгіем Пляханавым, дзеячам рэвалюцыйнага руху Іванам Франко… Адам Гурыновіч выконваў абавязкі па дастаўцы падпольнай літаратуры. Адно з пісьмаў на адрас сяброўкі-рэвалюцыянеркі Станіславы Пяткевіч, якая вучылася ў Цюрыху, наконт пастаўкі партыі такіх кніг на розных мовах, перахапіла паліцыя. Адбылося гэта напрыканцы 1892 года, што з’явілася падставай для ўстанаўлення за Гурыновічам і Пяткевіч тайнай сочкі. Неўзабаве паліцыя ўжо ведала: для атрымання рэвалюцыйнай літаратуры Адам выехаў у Вільню. Следам за ім паляцела і дэпеша Дэпартамента паліцыі: пры выяўленні ў хо­дзе вобыску забароненых кніг, “палітычнага арыштанта” і яго саўдзельнікаў заключыць пад варту. Пры вобыску на кватэры паліцыя забрала 16 ліпеня 1893 года нелегальную літаратуру і восем сшыткаў з рукапісамі вершаў, заметак, найбольш рэвалюцыйныя з якіх і паслужылі ў якасці абвінаваўчага матэрыялу супраць паэта. Гурыновіча арыштавалі, а неўзабаве кінулі ў змрочныя казематы Петрапаўлаўскай крэпасці. На следстве пра падпольную дзейнасць Адам паказаў, што яе мэта — “падрыхтаваць народ да змены ў будучым эканамічнага і сацыяльнага ладу, якая павінна ажыццявіцца гістарычным шляхам”. А вось тых сшыткаў з вершамі паэта ніхто не адшукаў і да цяперашняга часу.
Зняволенне для Адама Гурыновіча працягвалася адносна нядоўга, некалькі месяцаў, бо паэт захварэў на чорную воспу — высоказаразную вірусную інфекцыю, якая лічылася невылечнай. Таму і адправілі Адама пад наглядам паліцыі ў Крыстынопаль — сумесны маёнтак бацькі Ка­лікста і яго брата Абдона. У Кавальках тады з іх сям’і ўжо ніхто не жыў, фальварак здалі ў арэнду. Тут варта адзначыць наступную акалічнасць. Фіктыўна Адам Гурыновіч раней пабраўся шлюбам са Станіславай Пяткевіч, дачкой калежскага асэсара, — гэтак дзеля падпольных інтарэсаў рабілі многія рэвалюцыянеры. Пра сапраўднае каханне ў іх дамоўленасцей не было. Бадай, больш сур’ёзныя адносіны ў Адама выбудаваліся з Розай Швайніцкай, заручанай з яго родным братам Янам, да якога дзяўчына адносілася больш чым холадна. Ва ўсялякім разе, калі Роза даведалася, што Адам сур’ёзна захварэў, то напісала яму ліст, што гатова прыехаць да яго па першым запрашэнні, не зважаючы на асуджэнне сваякоў. Цяжка меркаваць, як бы разгортва­ліся гэтыя адносіны далей, але, калі пісьмо даставілі ў маёнтак, Адама ўжо не было на гэтым свеце. Як не застала яго ў жывых і паведамленне сакратара Антрапалагічнай камісіі Кракаўскай акадэміі навук з просьбай указаць адрас, на які можна пераслаць паўсотні адбіткаў яго публікацыі з фальклорна-этнаграфічнымі матэрыяламі і належны аўтару ганарар. Варта патлумачыць, што гэтыя запісы Адам Гурыновіч працяглы час збіраў на летніх вакацыях у ваколіцах Крыстынопаля, а надрукаваць іх у 1893 годзе ў акадэмічным часопісе “Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі” дапамог блізкі зямляк, вядомы фалькларыст і этнограф Ян Карловіч.

Добрая памяць пра Адама Гурыновіча жыве і цяпер на малой радзіме паэта. Матэрыялы пра яго жыццё і творчасць сабраны ў музеі Слабадской сярэдняй школы, работу якога накіроўвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Бурак. Пры размове Алена Міхайлаўна заўважыла, што моладзь і людзі старэйшага пакалення шануюць свайго знакамітага земляка за значны ўклад у развіццё беларускай паэзіі, а вучні з цікавасцю знаёмяцца з яго творамі на ўроках. Частка школьнікаў наведвае гурток музеязнаўства, дзе спасці­гаюць сакрэты экскурсавода. Адно задавальненне паслухаць вучаніц дзясятага класа Анастасію Сабольку і Дар’ю Лук’янец, якія добра ведаюць біяграфію Адама Гурыновіча, яго творчасць. Наведваюцца дзеці і на месца былога фальварка Гурыновічаў у Кавальках. Толькі цяпер там няма на што глядзець. Ад сядзібы застаўся толькі магутны клён у добрыя два абхваты ды некалькі камянёў ад падмурка.

Думаецца, памятны знак на тым месцы быў бы вельмі дарэчы. Адно суцешвае: мясцовы мастак Уладзімір Галеркін напісаў цудоўную карціну, на якой адлюстраваны былы немудрагелісты фальварак Гурыновічаў. Яна ўпрыгожвае цяпер калідор другога паверха навучальнай установы.

Абуджаў і клікаў да жыцця. Кароткае і драматычнае жыццё Адама Гурыновіча

У ранейшыя гады “шэфства” над школьным музеем трымала таксама настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Грынкевіч, якая жыве ў Слабадзе на вуліцы Адама Гурыновіча і ганарыцца гэтым. Вольга Уладзіміраўна дадала, што разам з вучнямі ў свой час пабывала на экскурсіі ў ваколіцах вёскі Золькі на Вілейшчыне, калі там адкрывалі памятную дошку на вялікім валуне пад разлапістай сасной. На ёй надпіс: “Тут у былым фальварку Крыстынопаль жыў і заўчасна памёр Адам ГУРЫНОВІЧ, беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер”. Побач — выява творцы і гусінае пяро, а ўнізе чатырохрадкоўе:
Зналі мы, што ты вярнешся,
Край не кінеш нешчаслівы,
Залатым лучом пральешся
На палі, лугі і нівы.

Сур’ёзны і цікавы артыкул пра творчы і жыццёвы шлях паэта, яго сям’ю, выдадзены ў 2007 годзе асобнай брашурай, падрыхтаваў краязнаўца Анатоль Рогач. А тры гады таму вучаніца 10 класа Маргарыта Муратшына напісала навукова-даследчую працу “Адам Гурыновіч: рэха ненадрукаваных вершаў”, якая заахвочана ў раённым конкурсе дыпломам II ступені.

Вельмі характэрна і тое, як аўтар лірычных і сатырычных вершаў, артыкулаў, перакладаў на беларускую мову пісаў пра сябе:
Я немножко литератор.
А при случаях (!) фатор.
А в счастливое мгновенье,
Коль случится вдохновенье,
Я могу быть и поэтом,
Хоть не признан
я злым светом.
Что увижу, опишу
И таким любить прошу.
Представляться не умею,
Лицемерить, лгать не смею,
Уж простите, коль смешу,
Но таким любить прошу.

Каштоўнасць Адама Гурыновіча на беларускім Парнасе бачыцца ў тым, што ён з’яўляецца адным з прадстаўнікоў новай літаратуры, якая не цуралася быстрыні і вострых сацыяльных пытанняў тагачаснага жыцця. Можна толькі шкадаваць, што самабытнаму паэту выпаў вельмі кароткі век у 25 год і ён не паспеў, хаця і працаваў упарта, ажыццявіць нават часткі сваіх творчых задум…

Павел Жукаў.