Тавары, попыт, цэны …

199

Тавары, попыт, цэны …У ПЕРАДАПОШНЮЮ суботу жніўня гарадскі рынак, як заўсёды, быў напоўнены сваім звычайным, мітуслівым жыццём. Хіба што, вастрэй адчувалася набліжэнне восені. Бо ўжо шмат з’явілася садавіны, гародніны, дароў лесу. Менавіта на гэтыя тавары і рабілі найперш акцэнт пакупнікі. Каб прыдбаць сёе-тое да стала, на прысмакі дзецям, на зімовыя закруткі.

Ужо на ўваходзе размясціліся некалькі гандляроў. Вось жанчына прапануе чырвоныя крутабокія памідоры. Пытаюся, па колькі? Аказалася, па 10 тысяч рублёў за кілаграм. Далей прадавалі брусніцы, прасілі за вядро ажно 150 тысяч рублёў. Вядома ж, нялёгка ў лесе гнуць спіну за імі! Але “адшукаў” пасля брусніцы за сто тысяч. Іх гаспадыня з ахвотай патлумачыла, што сёння трэці раз ужо наведваецца на рынак — усё разбіраюць. Вось што значыць, правільна вызначыць “цэнасную палітыку!”. Вядро свежай бульбы можна было набыць за 40 тысяч, а гуркі “пацягнулі” ад пяці да 10 тысяч рублёў за кілаграм. Крыху далей прапануюць слоікі рознай ёмістасці для закрутак. Упакоўка трохлітровікаў (6 штук) каштавала 50 тысяч рублёў. Шырокі выбар гарбузоў (ад 4 да 5 тысяч за кілаграм), вабілі і жаўтабокія дыні — па 12 тысяч, вінаград розных гатункаў каштаваў ад 18 да 22 тысяч, перац — па 10 тысяч. Была і капуста — па 5 тысяч рублёў.

А вось прадукцыя пчаляроў, як кажуць, на самы розны густ. Мёд, вядома ж, не танны. Прыкладна, 100 тысяч каштаваў літровы слоік. Прадавалі таксама, хоць і не ў вялікай колькасці, моркву, буракі, цыбулю, яблыкі. Адна з бабуль не паленавалася і прынесла грудок лісічак. Сапраўды, не ісці ж з імі на дарогу!

А цяпер аб прамысловых таварах. Асартымент іх таксама шырокі: адзенне, абутак, разнастайныя рэчы для хатняга ўжытку і рамонту, прылады для аўтааматараў, узоры шыкоўнай мэблі і іншае. Прадстаўлены і тавары харчовай групы.

Перад надыходам навучальнага года актывізавалі работу шапікі са школьнымі прыналежнасцямі: адпаведная літаратура, розныя вучнёўскія прыналежнасці. А праз дынамікі адміністрацыя рынку дадаткова інфармуе наведвальнікаў, арыентуючы іх у бясконцым моры тавараў. А нехта нават папрасіў агучыць аб’яву аб тым, што прадаецца аўтамабіль “ВАЗ”!

Вось так і жыў рынак мінулую суботу. А неўзабаве пачнуцца традыцыйныя восеньскія кірмашы, калі ўжо гаспадаркі раёна прывязуць сюды прадукцыю палёў і ферм, каб задаволіць попыт гараджан, дапамагчы ім назапасіцца на зіму.