«Родны кут» — дастойны канкурэнт камерцыі

205

«Родны кут» -- дастойны канкурэнт камерцыіМАГАЗІН «Родны кут», што ў аграгарадку Будслаў, знаходзіцца на добрым ліку ў кіраўніцтва райспажыўтаварыства. З удзячнасцю адгукаюцца пра яго работу і пакупнікі, а гэта жыхары Будслава, шматлікія экскурсанты і пілігрымы, якія прыбываюць у аграгарадок, каб наведаць санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Ён, дарэчы, размяшчаецца побач. Жыхары суседніх населеных пунктаў таксама даволі часта прыязджаюць за пакупкамі ў аграгарадок, дзе, па іх словах, можна знайсці тавары на любы густ.

І сапраўды, асартымент у магазіне заўсёды вялікі, амаль усё, што неабходна ў паўсядзённым жыцці, можна набыць у гэтай краме. Працуюць прадаўцы і па заяўках насельніцтва. Што зручна і выгадна.

У сучасных умовах «Родны кут» з’яўляецца моцным канкурэнтам камерцыйнаму магазіну, які ажыццяўляе сваю дзейнасць непадалёку. А поспех у любой справе, як вядома, забяспечваюць людзі.

Калектыў тут невялікі, дружны і згуртаваны. Жанна Паўлоўская па пасадзе загадчыцы працуе год. Але гэта не азначае, што ў гандлі яна навічок. Наадварот, за прылаўкам яна больш за дзесяць год. І ўвесь гэты час яна працуе ў тандэме з прадаўцом Аленай Кратовіч, з якой, апроч дзелавых, усталяваліся добрыя сяброўскія адносіны. Дарэчы, Алена ў 1985 годзе закончыла Мінскае гандлёвае вучылішча. І з таго часу не здраджвае абранай прафесіі. Працавала прадаўцом у магазінах вёсак Ельніца, Восава, іншых населеных пунктаў. Шмат гадоў узначальвала калектыў работнікаў менавіта гэтай гандлёвай кропкі. І Жанна, і Алена добра ведаюць сваіх пакупнікоў, іх густы.Чацвёрты год працуе тут прадаўцом Алёна Бабкевіч, ёй хапіла гэтага часу, каб сваёй руплівасцю і стараннем заваяваць аўтарытэт і павагу не толькі калег, але і шматлікіх пакупнікоў.

У даволі вялікім для сельскага магазіна памяшканні ніводная паліца не пустуе, наведвальнікі маюць магчымасць выбіраць сабе тавар па гусце з вялікага асартыменту. Гандлёвая кропка ўсе асноўныя патрэбы вясковых пакупнікоў задавольвае. Свежыя мясныя і каўбасныя вырабы завозяцца тры разы на тыдзень. Малако і малочныя вырабы дастаўляюцца ў краму з Маладзечна, Мінска, Гродна і г. д. Пастаянна на прылаўках ёсць свежы хлеб і хлебабулачныя вырабы з Мінскіх №1, №3, №6, Вілейскага, Докшыцкага і іншых хлебазаводаў. Добра забяспечаны гандлёвы пункт хала¬дзільным абсталяваннем, так што захоўваць прадукты ёсць дзе. Шырокі асартымент кандытарскіх вырабаў, цукерак. Ёсць у продажы садавіна і гародніна. А чаго няма — можна заказаць, прывязуць.

Асобна варта адзначыць, што цесны кантакт не першы год існуе ў прадаўцоў з УП «Ілаўскае». Прадукцыя менавіта гэтага прадпрыемства займае дастойнае месца на прылаўках: сокі, павідла, джэм, варэнне, чыпсы, віно.

Набліжаюцца навагоднія святы. Калектыў магазіна, як і ў мінулыя гады, прыме актыўны ўдзел у раённым конкурсе на лепшае афармленне памяшкання. Гэта характарызуе яго толькі з лепшага боку і сведчыць, што ў сваю работу прадаўцы сапраўды ўкладаюць часцінку душы.

— Прадаўцы з «Роднага кута» — цудоўныя спецыялісты, якія выдатна ведаюць сваю справу і заслугоўваюць самых шчырых слоў удзячнасці за працу, — гаварылі многія жыхары аграгарадка Будслаў, з якімі давялося пагутарыць у час наведвання магазіна. — Гэтыя жанчына заўсёды ўважлівыя і ветлівыя з пакупнікамі, калі неабходна, яны дапамогуць вызначыцца з пакупкай. Дык няхай і ім шанцуе ў жыцці…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: прадавец магазіна «Родны кут» аграгарадка Будслаў Алёна Бабкевіч.

Фота Георгія Прысмакова.