Калi трэба мультыварка…

243

Калi трэба мультыварка...ДНЯМІ ў цэнтры Мядзела расчыніла дзверы крама бытавой тэхнікі. Размясцілася яна ў рэканструяваным будынку былых “Культтавараў”. Гаспадарыць тут добра вядомы гараджанам (і не толькі ім!) індывідуальны прадпрымальнік Д. У. Берняковіч, які да гэтага гандляваў тэхнікай бытавога прызначэння ў павільёне на “малым рынку”.

— Працую ў дадзеным накірунку ўжо дзявяты год, — расказвае Дзмітрый Уладзіміравіч. — Паступова вучыўся новай справе, развіваўся. І стараўся заваёўваць пакрысе ўвагу кліентаў. Бо без гэтага ў гандлі аніяк. А сфера перспектыўная, бо, як вядома, бытавая тэхніка пастаянна будзе запатрабаваная. Да таго ж, асартымент хатніх агрэгатаў і прыбораў няўхільна пашыраецца. Калі яшчэ гадоў восем таму абавязковы “спіс” складаўся з 5-6 пазіцый (газавая пліта, халадзільнік, тэлевізар, мікрахвалевая печ, пыласос), дык цяпер ён значна падоўжыўся. Да прыкладу, людзі цікавяцца ўжо мультываркамі, цюнінгам для лічбавага тэлебачання, вабяць вока пакупнікоў “шырокафарматныя” тэлевізары з вадка-крысталічным экранам, пральныя машыны-аўтаматы, халадзільнікі-маразільнікі і шмат чаго іншага. Прагрэс рухаецца наперад, пастаянна абнаўляецца і бытавая тэхніка. Зразумела, растуць сугучна веку і запатрабаванні людзей. Тая ж самая пральная машына “Рыга” і пыласос “Ракета”, што былі некалі для гаспадынь “вяршыняй цывілізацыі”, даўно, як кажуць, адышлі ў гісторыю.

— Такім чынам, Дзмітрый Уладзіміравіч, з ростам попыту, павелічэннем асартыменту тавараў наспеў час пашырыць і свае гандлёвыя плошчы….

Калi трэба мультыварка...— Яно сапраўды так. Тым больш, што наш чалавек па звычцы найперш рэагуе на тавар вонкава, хоча памацаць яго рукой. Як было раней: стаіць у павільёне ў продажы адзін халадзільнік, а на яго наклеена пяць цэн! І даводзілася пакупніку тлумачыць, што вось ёсць яшчэ і іншыя мадэлі. А чаму выбралі менавіта гэты будынак? Канечне, шмат чаго значыць для поспеху справы размяшчэнне гандлёвай кропкі. А яно тут вельмі зручнае. І яшчэ адна акалічнасць умяшалася. У гэтага будынка як бы падвойны адрас: па дакументах лічыцца як “вуліца Крупскай, 8”, а шыльда на ім вісела “1 Мая, 11”. А ў мяне дзень нараджэння 11 мая. Вось вырашыў: гэта якраз тое, што мне трэба! Сродкаў у рэканструкцыю будынка, які ўзводзіўся па старых тэхналогіях, давялося ўкласці нямала. Што казаць, калі нават з цягам часу ўзровень асфальту на вуліцы аказаўся значна вышэй, чым падлога. Зрабілі цеплавую мадэрнізацыю, аздобілі памяшканне сучаснымі матэрыяламі.

— Зусім нядаўна вы справілі наваселле. Што ўяўляе цяпер сабой крама “Бытавая тэхніка”?

— Новыя гандлёвыя плошчы дазволілі значна пашырыць асартымент тавараў. І, што немалаважна, размясціць іх на вітрыне. Адных толькі пральных машын стаіць больш дзесяці найменняў. Шырока прадстаўлены халадзільнікі, ёсць газавыя пліты. І ўсё гэта даступна для агляду. Працую, як і раней, разам з жонкай Людмілай Віктараўнай. Частку памяшкання займае яшчэ адзін прадпрымальнік, які гандлюе дробнай бытавой тэхнікай. Людзі даўно чакалі адкрыцця гэтай крамы, падыходзілі, цікавіліся. Таму ўжо ў першы дзень работы было нямала наведвальнікаў. Як ужо казаў, у мяне склалася за гэтыя гады пэўнае кола “сваіх” пакупнікоў. А яны яшчэ прывялі знаёмых, сяброў… Завіталі і расіяне, якія адпачываюць у Нарачанскіх здраўніцах. Уражанне засталося ў іх станоўчае.

Як паведаміў Д. У. Берняковіч, пры жаданні за тавар можна разлічыцца, падзяліўшы яго кошт на чатыры плацяжы. Бывае чалавек не плануе рабіць пакупку, а потым мяняе рашэнне. Так нядаўна адзін з наведвальнікаў, завітаўшы ў краму дзеля інтарэсу, выйшаў ужо з халадзільнікам. Патрапіў якраз пад акцыю, якую праводзіла фірма “Самсунг”, прапануючы пэўныя скідкі. І тое, што тавар яшчэ можна ўзяць у растэрміноўку, аказалася дарэчы. Працуюць тут і па крэдытах з “Дэльтабанкам”. Варта таксама дадаць, што ў краме працэнтаў 70 буйной бытавой тэхнікі — айчыннай вытворчасці.

— Імкнёмся, каб і ў асартыменце дробнабытавой тэхнікі прысутнічала як мага больш беларускіх тавараў, — працягвае размову Дзмітрый Уладзіміравіч. — Падыход тут практычны. Імпартныя мясарубкі, напрыклад, не прызначаны для перапрацоўкі вялікіх аб’ёмаў, як нярэдка мы робім дома. Тое ж тычыцца і сокавыціскалак — прыгатаваў шклянку соку раніцай і хопіць! А вось нашы агрэгаты больш магутныя, трывалыя і карыстаюцца попытам у гаспадынь.

Далей Д. У. Берняковіч патлумачыў, што калі набыты тавар знаходзіцца на гарантыі і раптам нешта сапсавалася — без усялякіх пытанняў усе клопаты па вырашэнні ўзнікшай праблемы бяруць на сябе. І ўвогуле, стараюцца дапамагчы чалавеку і па-за межамі гарантыйнага тэрміну, бо з рамонтам бытавой тэхнікі ў нас, не сакрэт, існуюць пэўныя праблемы. Што толькі ідзе на карысць павышэння іміджу.

Калі папытаўся пра далейшыя планы, Дзмітрый Уладзіміравіч толькі загадкава ўсміхнуўся і адказаў:

— Новыя задумы, канечне, ёсць. Але няхай гэта будзе сюрпрызам для будучых наведвальнікаў!

На тым і развіталіся.

Аляксандр Быкаў.

На здымках: 1. Д. У. Берняковіч ля сваёй крамы; 2. Людміла Віктараўна дэманструе тавар, прадстаўлены ў гандлёвай зале.

Фота Георгія Прысмакова.