У МІНУЛУЮ суботу ў к. п. Нарач адбылася доўгачаканая падзея — урачыста адчыніла дзверы крама “Еўраопт” вядомай сістэмы “Еўрагандаль”. Знаходзіцца крама ў цэнтры пасёлка — займела гандлёвыя плошчы ў будынку былога ўніверсама. З яе дырэктарам Янінай Ляпота і адбылася днямі размова.
— Не цяжка здагадацца, Яніна Іванаўна, што арыентуецеся вы, у першую чаргу, на мясцовых пакупнікоў…
— Менавіта так. Цэнавая палітыка складзена такім чынам, каб максімальна задаволіць інтарэсы жыхароў пасёлка, асабліва вось гэтай яго часткі. Ды і адпачываючых тут нямала. Пэўныя цяжкасці ў іх былі, асабліва калі ўніверсам зачынілі на рамонт. Цяпер тут на другім паверсе будзе прамысловы магазін і піцэрыя. А на першым — месцімся мы.— І што сабой уяўляе нарацкі “Еўраопт”?
— Гандлёвая плошча ў нас 290 квадратных метраў супраць 500 мядзельскага “Еўраопта”. Адпаведна, і магчымасці меншыя. Але асноўны асартымент захаваны. Маем невялікую прамысловую групу самых неабходных тавараў. Прадстаўлены таксама агароднінная і салодкая кансер¬вацыя, сухафрукты, кандытарскія, малочныя і каўбасныя вырабы, свежая рыба, замарожаная птушка, разнастайныя напоі, чай, кава, фрукты, гародніна, алей, вялікая секцыя ўласнай вытворчасці. Маю на ўвазе ахалоджанае мяса (раздзелка), якое нам прывозяць з Маладзечна.
— Як набіралі калектыў? Ведаю, патрабаванні да работнікаў тут значна большыя, чым у “традыцыйным” гандлі.
— Кадры ўсе мясцовыя. Прайшлі падрыхтоўку ў магазіне “Еўраопт” Мядзела. Хто па месяцу, хто па два. Людзей пачалі набіраць яшчэ ў кастрычніку. Пры гэтым большасць — без гандлёвай адукацыі, самых розных прафесій: настаўнікі, дызайнеры, выхавальнікі. Усяго ў штаце 35 чалавек. Патрабаванні да работнікаў, канечне, высокія і нагрузка немалая. Але і зарплата па нашых мерках дастойная, забяспечаны поўны сацыяльны пакет. Не выключаю, што сёй-той і адсеецца, не вытрымаўшы выпрабаванне. Бо не ўсе дакладна ўяўляюць, што іх тут чакае, асабліва з ліку моладзі.
— Напэўна, яшчэ не час гаварыць пра перспектывы нарацкага “Еўраопта”. Тым не менш, што паказалі першыя дні работы?
— Людзі з нецярпеннем чакалі дня адкрыцця. І вядома ж, напачатку завітала іх шмат: нешта набыць, проста падзівіцца. Але ў цэлым людзі задаволены, бо, сапраўды, у адным месцы можна рэалізаваць свае штодзённыя спажывецкія патрэбы. Зараз вось, як усе, жывём навагоднімі клопатамі. Трэба забяспечыць адпаведны асартымент, каб мясцовыя жыхары і госці засталіся задаволенымі. У перспектыве (бліжэй да лета) плануем арганізаваць выезд уласных аўтакрам у навакольныя населеныя пункты, пашырыўшы такім чынам сферу абслугоўвання. А яшчэ някепска было б наладзіць кантакт са здраўніцамі, якія маглі б таксама тут закупляцца. Цяпер у нас, як кажуць, этап станаўлення. Пачакайце крыху: папрацуем, асвоімся, набяромся вопыту. І, думаю, будучыня ў нарацкага “Еўраопта” ёсць!
Гутарыў
Аляксандр БЫКАЎ.
На здымках: 1. Загадчыца аддзела Ірына Дзятлік; 2. Таваразнаўца Валянціна Шыкавец.
Фота Георгія Прысмакова.