Была і бульба, і пшанічка

230

Была і бульба, і пшанічкаУ МІНУЛУЮ суботу стартавалі традыцыйныя восеньскія кірмашы, падчас якіх гаспадаркі раёна рэалізуюць насельніцтву сваю прадукцыю. На гарадскім рынку, як заўсёды, хапала наведвальнікаў. І, вядома ж, многія чакалі прыезду сельгасвытворцаў. Аднымі з першых даставілі прадукцыю палёў свіране. Адтуль прыбыў “КамАЗ” з бульбай сорту “ўладар” і “Адысей”. Прадавалі па 2 тысячы рублёў за кілаграм. Выгляд клубняў прываблівы, як кажуць, таварны. Людзі бралі даволі ахвотна. Ды яно напачатку і выбару не было, пакуль не прыйшла машына з ААТ “Будслаўскае” з аналагічным таварам. А вось каштавала будслаўская бульбачка (сорт “Рагнеда”) танней — па 1,5 тысячы рублёў за кілаграм. Таму і разабралі ўсю… Было крыху і мясной прадукцыі. Гэта пастараліся ў ААТ “Габы-Агра” — прывезлі ялавічыну.А вось з ААТ “Княгінін-Агра” даставілі фуражную пшаніцу. Разабралі збожжа хутка. І не толькі гараджане ўпадабалі. Так, апошнія сем мяшкоў забраў С. А. Бурак з вёскі Канстанцінава Слабодскага сельсавета.

— Зерне сухенькае, вельмі добры корм для курэй будзе, — тлумачыць Сцяпан Антонавіч.

Была і бульба, і пшанічка— Ды ўвогуле для хатняй жывёлы спатрэбіцца, — дадае гаспадыня Марыя Вітальеўна. — Бо свайго ячменю, што вырасцілі на сотках, не хопіць. Вось і козачка мая вельмі любіць і муку, і зерне. Да таго ж, збожжа тут танней каштуе, чым у прыватніка.

Аналагічны кірмаш адбыўся і ў курортным пасёлку Нарач. Туды з акцыянернага таварыства “Сваткі” прывезлі збожжа, а з ААТ “Занарацкі” — каўбасы ўласнай вытворчасці і, зноў жа, бульбу па паўтары тысячы рублёў за кілаграм.

Вядома ж, наперадзе будуць яшчэ кірмашы. І, думаецца, акажуцца яны больш прадстаўнічымі і багатымі на прадукцыю нашых палёў і ферм.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Гаспадар з вёскі Канстанцінава С. А. Бурак набыў пшанічку; 2. Калі ласка, свірская бульбачка!

Фота Аляксандра Высоцкага.