Адзін з лепшых — калектыў работнікаў магазіна «Прадукты» ў вёсцы Урлікі

225

Адзін з лепшых -- калектыў работнікаў магазіна "Прадукты" ў вёсцы УрлікіЗАЎТРА шматтысячная армія работнікаў прылаўка нашай краіны адзначае сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў гандлю. У гэтай кагорце знаходзяцца і працаўнікі камунальнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Нарачкурортгандаль». Напярэдадні свята сустрэўся з намеснікам дырэктара прадпрыемства па гандлі В. У. Каўрус і папрасіў расказаць пра лепшыя калектывы.

— Усе ў нас працуюць з адказнасцю. Толькі добрае магу сказаць пра калектыў магазіна «Гарачы хлеб» на чале з Вольгай Сечко, які знаходзіцца ў курортным пасёлку Нарач. Тут наладжана і вытворчасць хлебабулачных вырабаў. Шматлікі падзякі ад мясцовага насельніцтва, адпачываючых на курорце паступаюць у адрас работнікаў гэтай гандлёвай кропкі, — кажа Вольга Уладзіміраўна. — Добрыя водгукі і пра калектыў магазіна № 21 у аграгарадку Нарач, які ўзначальвае Эльвіра Матукевіч.

З далейшай размовы даведаўся, што прадпрыемства мае 12 гандлёвых кропак і 4 — грамадскага харчавання. Усяго працуе каля 200 чалавек. Літаральна пра кожнага з іх гатова гаварыць цёпла, з удзячнасцю.

— А інакш нельга. Лічу, што нашы людзі, як кажуць, працаголікі. На ўсе святы, калі народ гуляе і весяліцца, мы пры справе. Ды не толькі на стацыянарных кропках, арганізаваны таксама і выязны гандаль, — дадае суразмоўца.

Яшчэ яна параіла наведаць магазін «Прадукты» ў Урліках. Там нядаўна закончылася рэканструкцыя, укаранёна сістэма самаабслугоўвання.

Адзін з лепшых -- калектыў работнікаў магазіна "Прадукты" ў вёсцы Урлікі— З месяца ў месяц калектыў спраўляецца з планам тавараабароту. На ліпень, напрыклад, ён складае 450 мільёнаў рублёў. Думаю, што гэты паказчык будзе выкананы, — працягвае размову Вольга Уладзіміраўна. — Касцяк калектыву — тры чалавекі, якія працуюць не адзін дзесятак год. У магазіне заўсёды чыста, ўтульна, добрая выкладка тавараў, шырокі асартымент. Культура абслугоўвання наведвальнікаў таксама на вышыні. Прадаўцы не саромеюцца слоў «калі ласка», «дзякую за пакупку»… Яны з задавальненнем могуць расказаць пра той ці іншы тавар, яго вартасці.

Пачуўшы такую характарыстыку, не змог не завітаць у магазін. Загадчыцай тут працуе Марына Нор. Менавіта фотаздымак гэтай жанчыны па выніках работы за мінулы год занесены на Дошку гонару раёна. На жаль, у гэты дзень яна была ў адпачынку, таму пазнаёміла з калектывам, умовамі працы намеснік загадчыцы Алена Кунцэвіч.

— З укараненнем сістэмы самаабслугоўвання пашырылі прамысловую групу тавараў, асобна выклалі сувенірную прадукцыю, якая карыстаецца попытам ў адпачываючых, — гаворыць А. М. Кунцэвіч.

— Тавары якіх вытворцаў не залежваюцца на паліцах? — цікаўлюся.

— Беларускіх. Добра бяруць прадукцыю «Камунаркі», Мінскага завода «Крышталь», каўбасныя вырабы, рыбу, у тым ліку вугра, — чую ў адказ.

Варта сказаць, што ў гандлі Алена Міхайлаўна працуе з 1984 года. Таму вопыту і навыкаў ёй не пазычаць. А прафесію прадаўца набыла ў тагачасным Нарачанскім кааператыўным вучылішчы. Шмат добрых слоў выказала жанчына ў адрас прадаўца Галіны Якубовіч.

— З пераходам на самаабслугоўванне штат наш павялічыўся. Прыйшлі працаваць Алёна Вайкоўская, Зінаіда Рэўтовіч і Вераніка Ворса. Яшчэ у нас працуе прыбіральшчыцай Ала Дзядзела. Вось і ўвесь калектыў, — кажа намеснік загадчыцы. — Зімой крыху вальней, а летам клопатаў хоць адбаўляй. Перавод крамы на работу па прынцыпу самаабслугоўвання дазволіў наблізіць пакупніка да тавару, а ў канчатковым выніку гэта павінна пасадзейнічаць росту тавараабароту. А што датычыць нас, то будзем рабіць усё магчымае, каб задаволіць попыт кожнага наведвальніка.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. За работай касір А. В. Вайкоўская; 2. Намеснік загадчыцы магазіна А. М. Кунцэвіч і прадавец З. У. Рэўтовіч.

Фота аўтара.