Адкрыўся магазін дзіцячых тавараў “Чароўнае дзяцінства”

196

Адкрыўся магазін дзіцячых тавараў “Чароўнае дзяцінства”У МІНУЛУЮ пятніцу ў нашым горадзе адкрыўся магазін дзіцячых тавараў. Называецца ён “Чароўнае дзяцінства”, а размяшчаецца на другім паверсе ў будынку райПО, дзе яшчэ нядаўна прадавалася мэбля.

У 13 гадзін разам з іншымі пакупнікамі па ўпрыгожанай шарамі і папяровымі кветкамі лесвіцы падымаемся наверх і заходзім у памяшканне крамы. Праходзім ля вітрын, стэлажоў з таварамі. Асартымент іх сапраўды багаты і даволі разнастайны. Ёсць практычна ўсё для малышоў, пачынаючы ад нара¬джэння да малодшага школьнага ўзросту. Гэта цацкі, абутак, верхняе і ніжняе адзенне, пасцельная бялізна, каляскі, нават мэбля — ложкі, столікі, крэселкі…

— Раней тавары дзіцячага асартыменту ў Мядзеле прадаваліся на другім паверсе ўнівермага разам з усёй прамысловай групай, — расказвае першы намеснік старшыні праўлення райПО Алена Яўгенаўна Лукша. — Цяпер у нас з’явілася цудоўная магчымасць выставіць для продажу прадукцыю для юных грамадзян асобна. Па крайняй меры, месца гэта дазваляе зрабіць. Мяркую, што новы магазін спадабаецца малышам і іх бацькам, а таксама бабулям і дзядулям. Вядома, з часам асартымент плануем яшчэ пашырыць.

Адкрыўся магазін дзіцячых тавараў “Чароўнае дзяцінства”— А якая прадукцыя тут рэалізоўваецца? Толькі айчынная, ці ёсць імпартныя тавары? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.

— Не, у продажы не толькі тавары беларускіх вытворцаў, хоць перавага аддаецца менавіта ім. Ёсць і імпартная прадукцыя, — адказвае Алена Яўгенаўна. — А гэта: адзенне расійскіх фабрык, у тым ліку “Бель Бімба”. Акрамя таго, ёсць рэчы з пінскага трыкатажу, панчохі, калготкі з Брэсцкага камбіната, сарочкі для хлопчыкаў з Дзяржынскай швейнай фабрыкі “Эліз”, ніжняе адзенне, майкі — са “Світанка” з Жодзіна… Будзе ў продажы і дзіцячае харчаванне для малышоў. У асноўным сухія малочныя прадукты, натуральныя пюрэ з садавіны, фруктаў і гародніны.

Абслугоўвае наведвальнікаў крамы прадавец Таццяна Пятроўна Кісялёва. Жанчына не навічок у сферы гандлю. Як-ніяк прысвяціла ёй 38 гадоў жыцця. Прычым, асноўную іх частку сістэме раённай спажывецкай кааперацыі. Як сама прызнаецца, працавала ў свой час з рознымі групамі тавараў: і з прамысловымі, і з харчовымі. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але без справы не можа сядзець, а тамуАдкрыўся магазін дзіцячых тавараў “Чароўнае дзяцінства” ахвотна прыняла запрашэнне кіраўніцтва райПО пашчыраваць у новым магазіне.

Пакуль размаўлялі з Таццянай Пятроўнай, да касы падышлі першыя пакупнікі. Імі аказаліся Насця Нікіфарук і яе бабуля Л. С. Усціновіч. Жанчына вырашыла набыць для сваёй унучкі кубікі і гульню-слайд, а таму дзяўчынка проста свяцілася ад шчасця. Пацікавілася ў Леанарды Сяргееўны яе ўражаннямі ад новага магазіна. Адказ быў наступны: “Крама мне вельмі спадабалася. Тут даволі шмат разнастайных тавараў для малых дзяцей. А таму будзем з унучачкай тут часта бываць”.

Адкрыўся магазін дзіцячых тавараў “Чароўнае дзяцінства”Хочацца спадзявацца, што магазін “Чароўнае дзяцінства” будзе карыстацца ў гараджан і гасцей нашага горада попытам, бо там сапраўды ўсім рады.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Першая пакупніца крамы Насця Нікіфарук; 2. Прадавец Т. П. Кісялёва; іншыя моманты адкрыцця крамы.

Фота Аляксандра Высоцкага.