Заслужаная перамога вакальнай групы “Сяброўкі”

177

Заслужаная перамога вакальнай групы “Сяброўкі”НА СТАРОНКАХ раённай газеты “Нарачанская зара” паведамлялася ўжо аб удзеле работнікаў і дзяцей работнікаў установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” у другім этапе абласнога агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод калектываў устаноў аховы здароўя і ўстаноў Мінскай вобласці, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй медыцынскай адукацыі. Лічу не лішнім нагадаць, што лячэбную ўстанову азёрнага краю прадстаўлялі на гэтым прэстыжным конкурсе вакальная група “Сяброўкі” (кіраўнікі Марына Вярэніч і Ірына Мазура), сямейнае трыа ў складзе Мікіты Антановіча, яго мамы Ганны і бабулі Марыі Пуні. Спявалі таксама Вікторыя Багінская, сястрычкі Дар’я і Юлія Мехавіч.

Нядаўна сталі вядомы вынікі агляду, які прысвячаўся тэме: “Феерверк творчасці” альбо “У рытме вясны”. І яны больш чым ашаламляльныя. Мядзельцы атрымалі 7 дыпломаў і кубак лаўрэата. Так, дыплом I ступені быў уручаны ўстанове аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” у абласным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод калектываў мастацкай самадзейнасці і індывідуальных выканаўцаў устаноў аховы здароўя. А яшчэ і сертыфікат на суму 10000000 беларускіх рублёў. Атрымала цэнтральная раённая бальніца таксама дыплом “За творчы рост”.

Шмат узнагарод дасталося і вядомай, любімай многімі на Мядзельшчыне вакальнай групе “Сяброўкі”. Практычна ніводнае мерапрыемства ў раёне не абыходзіцца без яе ўдзелу. Калектыў існуе амаль 35 гадоў. І за гэты час атрымаў нямала розных узнагарод. Зараз ён ужо другі раз запар быў удастоены дыплома і кубка лаўрэата ў намінацыі “Лепшы фальклорны калектыў”. На рахунку “Сябровак” таксама дыплом лаўрэата ў намінацыі “За асабісты ўклад у самабытнасць народнай творчасці”. У намінацыі “Лепшы мастацкі кіраўнік” была адзначана дыпломам кіраўнік вакальнай групы “Сяброўкі” Ірына Мазура. Дыплом I ступені атрымала таксама пераможца ў намінацыі “Лепшы размоўны нумар” нязменная ўдзельніца “Сябровак” Святлана Радзевіч.

Як ведаем, цэнтральную раённую бальніцу прадстаўляла на абласной сцэне сямейнае трыа ў складзе медсястры дзіцячай кансультацыі Ганны Антановіч, яе сына Мікіты і мамы Марыі Пуні. У іх выкананні прагучала на аглядзе песня “Памолімся за бацькоў”. Сэнс у ёй закладзены даволі глыбокі. Але, каб прагучала яна пранікнёна, кранула за душу, патрабуецца майстэрства. Парадавала, што сямейнае трыа бліскуча справілася з пастаўленай задачай і пакарыла сваім выступленнем кампетэнтнае журы. У выніку ўзнагароджана дыпломам II ступені.

У тым, што ў цэлым установа аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” атрымала столькі дыпломаў, кубак, а таксама сертыфікат, вялікая заслуга ўсіх без выключэння ўдзельнікаў агляду-конкурсу — і дарослых, і дзяцей. Так-так, усе разам — і работнікі, і іх дзеці, унукі сваім выступленнем на сталічнай сцэне даказалі, што ва ўстанове ёсць нямала самабытных, таленавітых людзей, якія не толькі выдатна працуюць, але і ўмеюць сваёй творчасцю і майстэрствам радаваць іншых, уздымаць ім добры настрой.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.