У гімне ДУА «Цэнтр дзіцячай творчасці дзяцей і моладзі» ёсць радкі, што адлюстроўваюць стан дзіцяці, які першы раз пераступае парог гэтай установы:
«Зусім няўмейкай сюды ты прыйшоў,
І боязна крыху, і тахкае сэрца.
Хвілінка праходзіць -сябе ты знайшоў:
І спорыцца праца, і тчэцца ўмельства».
Гэтыя словы тычацца многіх дзяцей, якія прыходзяць сюды, каб спачатку паглядзець на работы сваіх аднагодкаў, а потым і самім стаць сапраўднымі творцамі. Менавіта творцамі, бо калектыў педагогаў установы дадатковай адукацыі, настаўнікі, якія вядуць заняткі ў гуртках на базе школ, робяць усё магчымае, каб раскрыць талент кожнага дзіцяці. І маленькія рукі пачынаюць ствараць сапраўдныя шэдэўры… Я ніколькі не памылілася, назваўшы дзіцячыя працы шэдэўрамі. Пра гэта гавораць і вынікі абласной выставы, якая ладзіцца штогод і з якой нашы навучэнцы вяртаюцца з узнагародамі.
Ураджайнай выдалася і сёлетняя абласная выстава, якая называлася «Скарбонка талентаў». 10 дыпломаў атрымалі навучэнцы розных гурткоў. Дыпломамі I ступені адзначаны дзве работы. У тым ліку «Дрэва шчасця» Аляксандры Балінскай (гурток «Папяровыя фантазіі»). Работа, выкананая ў тэхніцы «квілінг», прыцягвае ўвагу задумай і акуратнасцю. Бадай, самай маленькай
удзельніцай гэтай выставы стала шасцігадовая Марыя Новак. Яе ўмелыя ручкі стварылі з салёнага цеста непаўторную карціну каляднай ночы.
Дыпломамі II ступені ўзнагароджана шэсць гурткоўцаў. Працы выкананы ў рознай тэхніцы, маюць адмысловыя сюжэты. Ілля Субач ужо не першы год наведвае гурток «Разьба па дрэве». У сваёй рабоце «Хлебароб» хлопчык паказаў сябе сапраўдным разьбяром, дасканала валодаючым інструментам і маючым мастацкі густ. Журы высока ацаніла твор Юліі Мялешка, навучэнкі гімназіі-інтэрната г. Мядзел. Трыпціх, выкананы ў тэхніцы «выцінанка» і названы «Навагодні настрой», адлюстроўвае і прыгажосць зімы, і навагодні каларыт, і, несумненна, вясёлы настрой самой дзяўчынкі. Працавітасць і стараннасць Аліны Уліцкай, якая другі год наведвае гурток «Чароўная стужка», прынесла свой плён. Работа, якая была прадстаўлена на выставе, радавала і гледачоў, і журы цеплынёй фарбаў, нездарма яна і называлася адпаведна — «Кветкі для мамы». Дзіяна Кайко, нягледзячы на невялікі ўзрост і на тое, што ўсяго толькі першы год наведвае гурток «Салёнае цеста», зрабіла прыгожую вазу і аздобіла яе гароднінай і садавінай. Атрымаўся эксклюзіўны твор, які таксама выклікаў у членаў журы станоўчыя эмоцыі.
Здавалася, ну які шэдэўр можна стварыць пруткамі і шыдэлкам: звязаць адмысловую сурвэтку альбо што-небудзь непаўторнае з вопраткі? А вось Ганна Мялешка, вучаніца ДУА «СШ №2 г. Мядзел», звязала шашкі. Несумненна, згуляць імі партыю захочацца не толькі малышам, але і нам, дарослым. Ды і як жа інакш, калі папасці ў дамкі спяшаюцца божыя кароўкі, а на шляху да перамогі іх сустракаюць прыгожыя блакітныя кветкі. Ды і само поле прыварожвае ігракоў, бо яно таксама звязана пруткамі. Творчым падыходам, арыгінальнасцю заўсёды адрозніваюцца працы
вучняў ДУА «Занарацкая СШ». Вось і на сёлетнюю выставу Лізавета Купрэева прадставіла работу пад назвай «Мы заўсёды побач», якую выканала ў тэхніцы «тэкстыль, барэльефная лялька». Дыплом II ступені — вынік стараннасці дзяўчынкі.
Не меншую цікавасць уяўляюць работы, якія адзначаны дыпломамі III ступені. Арцём Зарэцкі, які з задавальненнем наведвае гурток «Батык», выканаў «Восеньскі нацюрморт». У новай тэхніцы «малюнак пяском» была прадстаўлена праца вучняў ДУА «Слабодская СШ» Аліны і Дзмітрыя Крыўко «Божае нараджэнне», якая таксама ўдастоена ўзнагароды.
Засталося назваць педагогаў дадатковай адукацыі, якія дапамаглі вучням дасягнуць пэўных перамог. Гэта Алена Уладзіміраўна Зайцава, Марына Уладзіміраўна Новак, Аляксандр Паўлавіч Ждан, Святлана Рыгораўна Глазко, Алена Уладзіміраўна Ардынец, Ала Канстанцінаўна Кот, Антаніна Пятроўна Крыўко.
Я. ЧАРНЯЎСКАЯ.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Цэнтр дзіцячай творчасці».