Лаўрэаты фестывалю

179

Лаўрэаты фестывалюПА традыцыі ў пачатку лета ў Паставах праходзіць фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. На гасціннай, шчодрай і багатай на таленты пастаўскай зямлі прадэманстравалі сваё майстэрства захавальнікі народных музычных традыцый і фальклорнай спадчыны з усіх абласцей і сталіцы Беларусі, Расіі, Украіны, Венесуэлы, Славакіі, Польшчы, Літвы і Латвіі. Аматарскія інструментальныя калектывы, ансамблі народнай музыкі, індывідуальныя выканаўцы з нашай і замежных краін парадавалі журы і ўдзячных гледачоў сваім непаўторным каларытам, нацыянальнай самабытнасцю, падарылі ім сваю любоў, часцінку душы.

Ансамбль баяністаў «Нарачанскі бамонд», створаны на базе Нарацкай СШ №2, другі раз прыняў удзел у фестывалі і выступіў паспяхова. Ён стаў лаўрэатам ІІІ ступені за захаванне і развіццё народных музычных традыцый і выканаўчае майстэрства. Кіраўнік ансамбля Уладзімір Міхайлавіч Калека. Калектыў удзельнічаў у намінацыі «Хто каго», дзе ім была выканана жартаўлівая і вясёлая польская полька «На зялёным паркеце», якая нікога не пакінула абыякавым і выклікала шквал апладысментаў.

Гэты поспех быў невыпадковым. На працягу года вучні не толькі рэпеціравалі, за што асаблівы дзякуй дырэктару школы Генадзію Віктаравічу Крыштафовічу, які стварыў для ансамбля ўсе ўмовы, але выступалі ў санаторыях «Белая Русь», «Прыазёрны», Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», дзе былі вельмі цёпла прыняты публікай. Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі пробашчу Нарацкага касцёла Святога Андрэя Апостала айцу Бярнарду за дапамогу ў перакладзе верша на польскую мову і за маральную падтрымку. Ну а мы, бацькі, жадаем нашым дзецям і кіраўніку ансамбля новых творчых перамог.

Бацькі: Рудзянковы, Турочын,

Бярновіч, Бародзіч, Паповы і іншыя.