Культурна-забаўляльнае мерапрыемства «Нарачанскі кірмаш»

188

Культурна-забаўляльнае мерапрыемства "Нарачанскі кірмаш"ЦІКАВАЕ, запамінальнае культурна-забаўляльнае мерапрыемства пад назвай “Нарачанскі кірмаш” прайшло ў мінулую нядзелю ў курортным пасёлку. Як патлумачыла намеснік старшыні райвыканкама І. І. Барыева, мэтай ставілася найперш разнастаіць прабыванне ў нашым краі гасцей Нарачанскіх здраўніц, а таксама прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў. Адразу зазначу, што кірмаш атрымаўся на славу і будзе мець працяг.

А цяпер падрабязней аб тых падзеях, што адбываліся з раніцы да поўдня ў “зялёнай зоне” курортнага пасёлка. Першымі расставілі сталы для свайго тавару майстры народнай творчасці раёна. А сабраліся сюды яны з Лотвы і Сватак, Старлыг і Нарачы. Былі і майстры з Маладзечанскага раёна, якія займаюцца бондарствам. Сабралі каля сябе нямала цікаўных, бо іх адметныя вырабы кідаліся ў вочы здалёк.

Культурна-забаўляльнае мерапрыемства "Нарачанскі кірмаш"Што тычыцца культурнай праграмы, тут у якасці гаспадароў выступіў санаторый “Прыазёрны”. Вяла праграму загадчыца сектара культуры гэтай здраўніцы Ірына Вінаградава. Адразу сустрэлі духмяным караваем гасцей з санаторыя “Нарач”, затым — адпачываючых санаторыяў “Белая Русь”, “Нарачанскі бераг” і “Спадарожнік”, турыстычнага комплексу “Нарач”. Дала старт добраму настрою вядомая беларуская песня “Цячэ вада ў ярок”, і пайшлі падарункі “са значэннем”: хлопцам з санаторыя “Нарач”, напрыклад, уручылі бурачны качан, каб не бегалі іх дзяўчаты ў “Прыазёрскі рэстаран”. Дзяўчатам з санаторыя “Спадарожнік” уручылі капусту — каб у кішэнях грошай было густа, а прадстаўнікам санаторыя “Нарачанскі бераг” — цыбулю, каб заўсёды ў пары былі дзядуля і бабуля.

Сваімі ўражаннямі ахвотна падзялілася госця свята з санаторыя “Нарач” мінчанка Алеся Бусел:Культурна-забаўляльнае мерапрыемства "Нарачанскі кірмаш"

— Не першы раз адпачываю тут, вельмі падабаецца. У тым ліку і такія вось святы, як гэта. Проста душа радуецца!

У ходзе танцавальна-забаўляльнай праграмы “Вяселле” было нямала жартаў, вясёлых сцэн. Калі стваралі сімвалічную курортную сям’ю, у якасці прэтэндэнтак у нявесты аказаліся разам з беларускамі і прадстаўніцы з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Быў і знатны кавалер у нацыянальным строі. Як і належыць, з рахункам у банку, машынай, дачай і цешчай у дадатак. Заданні былі самыя розныя: прайсціся пад беларускую польку, праспяваць калыханку, назбіраць сярод прысутных найбольшую колькасць абутку. А потым яшчэ і станцаваць. Былі і сваты, і традыцыйнае “Горка”. Так што, павесяліліся на славу.

Культурна-забаўляльнае мерапрыемства "Нарачанскі кірмаш"Затым працяглы час прыцягваў увагу гасцей свята народны фальклорны гурт “Гасцінец». Выступленне артыстаў са сталіцы таксама знайшло водгук у душах і сэрцах гасцей свята. Было яно шчырым і прафесіянальным. А яшчэ і на памяць з прыгожымі дзяўчатамі можна было сфатаграфавацца. Завяршыла дзею святочная дыскатэка. Асобныя заўзятары не пакінулі зялёную палянку перад сцэнай аж да самага абеду, пакуль іх не паклікалі да аўтобусаў.

Без перабольшвання можна сказаць, што мерапрыемства падаравала яго ўдзельнікам цудоўны настрой, дадало станоўчых эмоцый. Што, бадай, і ёсць самае галоўнае.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Маладзечанскія майстры-бондары; 2. Гасцям — духмяны каравай, 3,4. Іншыя моманты кірмашу.

Фота аўтара.