І майстар-клас у дадатак ад Ігара Квашэвіча

184

І майстар-клас у дадатак ад Ігара КвашэвічаЯК мы паведамлялі, вечарам 29 лістапада ў гарадскім Доме культуры адбудзецца эстраднае шоу Ігара Квашэвіча, лаўрэата міжнародных конкурсаў і фестываляў, Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Калі Ігар Міхайлавіч завітваў у рэдакцыю, пацікавіліся яго асабістай творчасцю, ці складана сёння “прабіцца” на сцэну вялікіх канцэртных залаў? У размове акардэаніст-віртуоз, які родам з пасёлка Целеханы Івацэвіцкага раёна, пачаў з таго, што ў нашай краіне створаны цудоўныя магчымасці для развіцця і станаўлення таленавітай моладзі, кожны з’яўляецца гаспадаром свайго шчасця. Трэба толькі настойліва самаўдасканальвацца, ні ў якім выпадку не спыняцца на дасягнутым. Мы самі адказныя за сваю будучыню, якая залежыць ад усіх нас, ад нашых адносін да працы, ад нашай веры, цярпення і тварэння.—Ігар Міхайлавіч, падзяліцеся, наколькі складаным аказаўся ваш шлях у свет музыкі?

— Даволі звілістым, хаця ігрой на інструментах стаў захапляцца рана. У шэсць-сем год ужо даволі ўпэўнена трымаў у руках баян, акардэон. Аднак стаць добрым музыкантам у той час не марыў, мяне больш захапляў спорт. І гэта не проста словы. Дастакова будзе сказаць, што ў дванаццаць год выступаў за юнацкую зборную каманду Брэсцкай вобласці па футболе. Пералом наступіў, калі ў Івацэвічах патрапіў на канцэрт маладых выканаўцаў, сярод якіх дамінаваў Аляксандр Пылік. Таленавіты брэстчанін з’яўляўся стыпендыятам расійскага фонду “Новыя імёны”, а баян яму ўручыў асабіста Барыс Ельцын. Вось мне тады і падумалася: а няўжо я не змагу выступаць на сцэне гэтак жа, як Пылік? Аказалася, змог. Вядомая справа, падымаўся да прафесіянальнага ўзроўню не адзін год. З вялікай удзячнасцю таксама ўзгадваю сваіх цудоўных педагогаў, якія многаму мяне навучылі — Алу Протас з Целеханскай музычнай школы, выкладчыка Баранавіцкага музычнага вучылішча Галіну Смяян, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Мікалая Сеўрукова…

— Добры інструмент, напэўна, каштуе немалых грошай?

— Сапраўды, за прафесійны акардэон трэба аддаць парадку 14-15 тысяч долараў ЗША. Грошы зарабляю у час канцэртных тураў. Ведаеце, каб мець нейкую капейчыну ў кішэні, трэба шмат працаваць. У пэўнай меры выручае і адчувальная падтрымка з боку дзяржавы. Ёсць кватэра, разам з жонкай Нінай, урачом па прафесіі, кандыдатам медыцынскіх навук, выхоўваем дочак — Фросю і Танюшу.

— Мабыць, у канцэртах, якія вы мяркуеце даць у бліжэйшы час па гарадах Беларусі ёсць нейкія адрозненні ад іншых выканаўцаў?

— Так. Мне хацелася б, каб акардэон, баян заваёўвалі ўсё большую папулярнасць у нашай краіне. Гэта ж такія цудоўныя інструменты, іх мелодыі, пры майстэрскім выкананні, узнімаюць людзям настрой, палоняць душу і сэрца. Таму перад канцэртам правяду ў Мядзеле майстар-клас, на які могуць прыйсці ўсе жадаючыя. Буду чакаць іх у Доме дзіцячай творчасці ў 16.30. Думаю, што і на Мядзельшчыне знойдуцца таленавітыя дзеці, якія, магчыма, нават выйдуць на сцэну ў якасці выканаўцаў у час майго канцэрта. Істотным дапаўненнем да яго з’явіцца і выступленне шоу-балета Валерыя Бурага.

Гутарыў

Павел ЖУКАЎ.

На здымку: пераможца Вышэйшай лігі мэтраў сусветнага акардэона Ігар Квашэвіч.