“Чэрвень граў на струнах лета”

187

“Чэрвень граў на струнах лета”ВОСЬ якую прыгожую назву мела канцэртная праграма, якая прайшла ў мінулую нядзелю ў гарадскім Доме культуры. У госці да мядзяльчан завіталі ўдзельнікі народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, створанага пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці звыш дзесяці гадоў таму. “Жывіца” аб’ядноўвае больш паўтары сотні самадзейных паэтаў і кампазітараў Міншчыны, сярод якіх ураджэнцы Мядзельшчыны: Валерый Хіхіч, Ала Дзікая, Тамара Кашчэва, Вячаслаў Броска. У скарбонцы клуба паўтара дзесятка паэтычных і песенных зборнікаў, некалькі дыскаў з запісамі музычных твораў самадзейных кампазітараў і выканаўцаў. Вось назвы некаторых з іх: “Непадкупны подых натхнення”, “Душа не можа памыліцца”, “Шчыраванне”, “Кропля жывіцы”, “Незабудкавыя таямніцы”. Ёсць і зборнікі для дзяцей: “Сонечны ліхтарык”, “Дзіцячыя сакрэты”. Дарэчы, восем зборнікаў і тры кампакт-дыскі госці падаравалі чытачам нашай бібліятэкі. Хочацца нагадаць радкі аднаго з вершаў:

Жыццё мільгае, як зарніца,

Мы ў ім як быццам незнарок.

Але з’яднала нас “Жывіца”,

Сабрала розных — у вянок.

І гэты россып цудадзейны —

Крыніца новых, светлых мар.

“Жывіца” — клуб сяброў надзейных,

“Жывіца” — неба шчодры дар.

“Чэрвень граў на струнах лета”Думаецца, што менавіта ў гэтым змаглі пераканацца ўсе, хто завітаў на канцэртную праграму “Жывіцы”. Гучалі цудоўныя паэтычныя радкі, лірычныя песні ў выканані Тамары Кашчэва, Алы Дзікай (Дзяржынскі раён), Сяргея Пракоф’ева, Жанны Левітан (Нясвіжскі раён), Таццяны Захарыч, Уладзіміра Цануніна (г. Вілейка), Алены Радкевіч, Мікалая Марына (Пухавіцкі раён) і інш.

У канцэртнай праграме прынялі ўдзел і прадстаўнікі нашага азёрнага краю. Вершы пачыталі Валянціна Ефімава, Даната Варабей, Вячаслаў Броска, Ірына Квяткоўская.

Дырэктар Старамядзельскага Дома культуры і вольнага часу Людміла Мінкоўская вынесла на суд гледачоў песню “Зямля адзіная”, музыку і словы да якой напісала сама. Прагучалі песні на словы Надзеі Чарапанавай, Валянціны Ефімавай.

Словам, на сцэну выходзілі аўтары і выканаўцы, з’яднаныя любоўю да роднага слова і Бацькаўшчыны, неспакоем душы і прагай да творчасці.

Госці ўсклалі кветкі да магілы М. Танка ў в. Новікі, а таксама пабывалі на экскурсіях у Мядзельскім музеі Народнай славы і дэндрасадзе імя С. Гомзы.

Т. НЫРЦОВА.

Дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

На здымках: спявае ўраджэнка Мядзельшчыны Тамара Кашчэва; вершы дэкламуе ўдзельнік клуба «Жывіца» Вячаслаў Броска.

Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА.