Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

1383

У сувязі з пандэміяй каранавіруса лепш пакуль адкласці падарожжы і па магчымасці заставацца дома. А вось завочныя вандроўкі не адмяняюцца! Сёння ў сумесным праекцеНарачанскай зарыі  інтэрнэтрэсурсаПланета Беларусь” (planetabelarus.by) мы пазнаёмім вас з адметнымі мясцінамі Занарацкага сельсавета. А калі каранавірус адступіць (усё мінае, міне і СОVID-19), вы зможаце наведаць гэтыя цудоўныя мясціны і ўбачыць самае цікавае на свае вочы.

ДАВЕДАЧНА. Занарацкі сельсавет створаны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Мя­дзельскага раёна Вілейскай вобласці (з 20 верасня 1944 года — Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 — Мінскай). У цяперашніх межах існуе з 1 ліпеня 2013 года, калі ў яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Сырмежскага сельсавета. Частка населеных пунктаў цяперашняга Занарацкага сельсавета да 01.09.1959 належала тагачаснаму Свірскаму раёну.

У аграгарадку Занарач месціцца сельвыканкам. На тэрыторыі сельсавета 31 населены пункт, у тым ліку 3 аграгарадкі (Занарач, Старлыгі і Сырмеж), 27 вёсак і хутар. Дарэчы, ганаровы статус аграгарадка Занарач атрымала першай у раёне. Па стане на 1 студзеня на тэрыторыі сельсавета 1881 жыхар. Найбольш — у Занарачы (600), Старлыгах (257), Стахоўцах (162), Буйках (159), Сырмежы (91), Жалезніках (92). Працуюць адкрытае акцыя­нернае таварыства “Занарачанскі”, Сырмежскае лясніцтва, УП “ЭкаДомБуд”, участкі дарожных арганізацый, газаразмеркавальная станцыя. Ёсць установы адукацыі (сярэдняя школа і дзіцячы сад у Занарачы, вучэбна-педагагічныя комплексы ў Старлыгах і Сырмежы) і аховы здароўя (амбулаторыя ўрача агульнай практыкі ў Занарачы і фельчарска-акушэрскія пункты ў Старлыгах і Сырмежы). У Занарачы маецца пажарны аварыйна-выратавальны пост. У Занарачы і Буйках — сельскія Дамы культуры, у Старлыгах — Дом культуры і вольнага часу; у трох гэтых населеных пунктах — бібліятэкі. У Занарачы і Старлыгах працуюць аддзяленні паштовай сувязі, у Занарачы і Сырмежы — аддзяленні “Беларусбанка”. На тэрыторыі сельсавета 10 магазінаў, размешчаны яны ў Занарачы, Старлыгах, Сырмежы і Буйках.

Пяць прычын пабываць у Занарацкім сельсавеце

  1. Убачыць мясціны, дзе вяліся баі за Парыж

Звярнуўшы з шашы Купа—Занарач—Брусы ў напрамку Стахоўцаў, убачыце інфармацыйныя шчыты, з якіх можна даведацца пра Нарацкую аперацыю 1916 года.

Што вы ведаеце пра Першую сусветную вайну? На ўсялякі выпадак нагадаю, што Траісты Саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя і Італія) у 1914 годзе аб’явіў вайну Антанце, дзе галоўнымі былі Ра­сійская імперыя, Францыя і Англія. Ваявалі больш за тры дзясяткі дзяржаў з насельніцтвам паўтара мільярда чалавек — такога маштабнага канфлікту сусветная гісторыя яшчэ не ведала. У 1916 годзе французы не вытрымлівалі варожых атак — існавала рэальная небяспека для Парыжа. Патрабавалася спешная дапамога саюзнікаў, якія адцягнулі б на сябе частку германскіх сіл. І падтрымка прыйшла — пачалося наступленне на ўсходнім фронце, якое атрымала назву Нарацкай аперацыі. У цяжкіх умовах вясновага разводдзя яна доўжылася з 18 па 28 сакавіка (паводле новага стылю). З велізарнымі стратамі на балоцістых берагах Нарачы ратавалі Парыж…

Гэтыя мясціны сталі месцам вечнага спачыну тысяч вайскоўцаў з абодвух бакоў, пра што сведчаць шматлікія пахаванні. Так, на грамадзянскіх могілках вёскі Чарэмшыцы знаходзіцца брацкая магіла воінаў рускай імператарскай арміі. На невялікай плошчы, дзесьці 10 х 10 метраў, пахавана 900 чалавек. Мяркуецца, што забітых складалі радамі, паслойна перакладаючы шынялямі. Невялікая пліта на брацкай магіле з’явілася ў ХХІ стагоддзі. Як і прымацаваная да зробленага са старога дуба крыжа шыльдачка: “Доблестным воинам-сибирякам, павшим в Нарочской операции 1916 г., от благодарных потомков. Фонд «Вернувшийся полк». Иркуцк 2014”. Шыльдачку прывезлі з расійскага горада Іркуцка, драўляную аснову ў выглядзе крыжа, да якой яна прымацавана, зрабіў мясцовы ўмелец Фёдар Акішаў.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

…А на могілках ля вёскі Пронькі пахаваны нямецкія вайскоўцы.

У праваслаўнай царкве Пераўтварэння Гасподяга, што ў Занарачы, памінаюць воінаў рускай імператарскай арміі, якія загінулі ў гэтых мясцінах падчас Першай сусветнай. Няпростым быў лёс і самой святыні. Яе знішчалі падчас абедзвюх сусветных войнаў, але царква зноў адраджалася. Сучасны будынак з’явіўся ў 2000 годзе дзякуючы ахвяраванням вернікаў, дапамозе нямецкай дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобылю” і мясцовага калгаса.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

  1. Пабываць на Партызанскіх базах

Пакінула крывавы след у гэтых мясцінах і Вялікая Айчынная вайна, хоць такіх маштабных баёў, як у Першую сусветную, тут не было.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

Едучы ад Брусоўскага кальца ў напрамку Занарачы, па правым баку дарогі заўважыце памятны знак, на якім здалёку добра чытаюцца гады: 1941-1944. А калі спынецеся і падыдзеце бліжэй, з шыльды даведаецеся, што ў гэтым лесе дыслакаваліся Вілейскія падпольныя абкамы кампартыі і камсамолу, партызанскія брыгады імя Варашылава і імя Будзённага, Паўночнае бюро ЦК кампартыі бальшавікоў Літвы, мядзельскія падпольныя райкамы кампартыі і камсамолу. А яшчэ (пра гэта няма на шыльдзе) тут месцілася рэдакцыя падпольнай “Сялянскай газеты”.

У лес збягае грунтавая дарога… Не спяшайцеся адразу збочваць туды: гэта запаведная тэрыторыя. Наведванне мемарыяльнага комплексу “Партызанскія базы” патрэбна ўзгадняць з Нацпаркам “Нарачанскі”.

Мемарыяльны комплекс у гэтым памятным месцы створаны не адразу пасля вайны. У 1963 годзе былі адноўлены тры зямлянкі, у 1980-м з’явіліся мемарыяльныя знакі. Штогод у маі тут праходзіць раённае мерапрыемства — Сустрэча пакаленняў.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота) Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

  1. Адчуць подых гісторыі ў Шэметаве

Гісторыя Шэметава сягае ў глыб стагоддзяў. Сядзібу стварала не адно пакаленне ўладаль­нікаў. А належала яна на працягу свайго існавання розным гаспадарам, сярод якіх Шэметы, Сулістроўскія, Скірмунты. Калі маеце жаданне даведацца, як выглядала сядзі­ба даўней — вам не ў Шэметава, а ў Мядзельскі музей народнай славы, дзе захоўваецца яе макет. Бо ад самой сядзібы засталося няшмат: што было знішчана падчас вайны, што няўмольна руйнуе час…

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

А калі жадаеце адчуць подых стагоддзяў — ваш шлях ляжыць усё ж у Шэметава. Тым больш, што касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі працуе і сёння. Драўляная званіца каля яго таксама выдатна захавалася.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

Мяркуецца, што першым культавым збудаваннем у тутэйшых ваколіцах была капліца на могілках у Памошшы, пабудаваная ў 1651 годзе. У 1697-м капліца з’явілася і ў Шэметаве. Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў пачатку ХІХ стагоддзя існавала Шэметаўская парафія. У 1810 годзе Казімір Сулістроўскі завяршыў будаўніцтва драўлянага касцёла на тры алтары, а неўзабаве была заснавана сядзіба кляштара кармелітаў старога абраду. Пасля паўстання 1830-31 гадоў царскія ўлады скасавалі Шэметаўскую парафію, а касцёл аддалі ўніятам. Тыя перавезлі будынак у Саснова (населены пункт ля возера Мя­дзел паблізу вёскі Скары, цяпер не існуе) і зрабілі ў ім царкву. Толькі ўніяцкай яна пабыла нядоўга: перароблена на праваслаўную пасля скасавання ў 1839 годзе уніі.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

У пачатку ХХ стагоддзя Баляслаў Скірмунт значна дабудаваў сямейную святыню ў Шэметаве (вядомую з 1816 года мураваную капліцу з усыпальніцай), ператварыўшы яе ў касцёл. 30 ліпеня 1904 года храм быў асвечаны пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

  1. Сплавіцца на байдарцы па Нарачанцы

Пра самае вялікае возера краіны пагутарым пры наведванні Нарацкага сельсавета. Зараз заўважу толькі, што ў Нарач праз рачулку Скема вада трапляе з возера Мястра і з сямнаццаці ручаёў. А вось выцякае з возера толькі адна рака, на сучасных геаграфічных картах і ў большасці даведнікаў названая Нараччу. Мясцовыя ж людзі здаўна завуць яе Нарачанкай. Агульная даўжыня ракі — 75 кіламетраў, на тэрыторыі нашага раёна — 12,7. Нарачанка нясе свае воды ў Вілію — прыток Нёмана.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

Тым, хто рашыцца на байдарачнае падарожжа, варта памятаць, што цячэ рака праз запаведную зону Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, а значыць, сысці на бераг можна не ў любым месцы. Каб не парушыць спакой гэтага ўнікальнага куточка прыроды (і сабе не нажыць непрыемнасцей), варта ўсё загадзя ўдакладніць на сайце Нацпарку.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота) Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

  1. Убачыць ветраэнергетычныя ўстаноўкі

Рухаючыся па шашы Купа—Занарач—Брусы, убачыце тры ветраэнергетычныя ўстаноўкі. Першая з іх з’явілася яшчэ ў 2000 годзе і была першым такім аб’ектам у Беларусі.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

Самая яркая падзея

Канечне, міжнародны фестываль класічнай музыкі “У Шэметаве ў Шастаковічаў”! Хоць імпрэза пачала праводзіцца параўнальна нядаўна (з 2016 года), але ўжо мае адданых прыхільнікаў. У касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі гучаць класічныя творы ў выкананні сусветнага ўзроўню майстроў музычнага мас­тацтва! Ініцыятар фестывалю — ураджэнец Беларусі, вядомы оперны спявак, старшыня асацыяцыі “Францыя — Беларусь. Сяброўства” Аркадзь Валадось.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

Адкуль такая назва фестываля — “У Шэметаве ў Шастако­вічаў”? І якое дачыненне да населенага пункта ў Занарацкім сельсавеце мае знакаміты кампазітар Дзміт­рый Шастаковіч? Тлумачу. Пра­дзед аўтара 7-й Ленінградскай сімфоніі Пётр Шастаковіч нарадзіўся ў 1808 го­дзе ў вёсцы Калодна тагаснага Шэметаўскага прыходу Завілейскага павета Віленскай губерні і, верагодна, быў ахрышчаны ў Шэметаўскім касцёле. Дакументальнага пацверджання, што гэтага чалавека выслалі за ўдзел у паўстанні, пакуль не знойдзена. Але ў мемуарах сын Пятра Баляслаў згадвае пра бацьку: “Ён, як і многія іншыя, папла­ціўся за 1830 год”. Гэта дае падставу меркаваць, што ў Сібір ураджэнец Калодна Пётр Шастаковіч падаўся не па ўласнай ініцыятыве. Членам рэвалюцыйных арганізацый 1860-х быў дзядуля славутага кампазітара (той самы аўтар мемуараў Баляслаў), а бацька напрыканцы ХІХ стагоддзя ўдзельнічаў у студэнцкай дэманстрацыі.

Вандруем па малой радзіме: Занарацкі сельсавет (фота)

Сучасныя рэаліі, цікавыя падарожніку

  • Як даехаць?

На аўтамабілі, матацыкле ці веласіпедзе можна без праблем трапіць у любы населены пункт Занарацкага сельсавета. Да многіх ходзіць аўтобус з Мядзела. А вось са сталіцы ў Занарач можна дабрацца аўтобусамі “Мінск—Нарач праз «Зубраня»” і “Мінск—Свір праз «Зубраня»”.

  • Што прывезці?

Лучший подарок, по-моему, мёд, — сцвярджаў Віні-Пух з савецкага мультфільма.

Калі вы таксама лічыце, што самы лепшы сувенір — ядомы, — вам у магазіны ААТ “Занарачанскі”. Размешчаны яны ў аграгарадках Занарач і Старлыгі. Там гаспадарка прадае мёд са свайго пчальніка і прадукцыю ўласнага мясаперапрацоўчага цэху. Усё гэта будзе да смаку і вам, і тым, каго пачастуеце. Адзі­ны недахоп такіх сувеніраў — радаваць яны вас будуць нядоўга. Бо, як справядліва заўважыў той самы Віні-Пух, “Мёд если есть, то его сразу нет!”

  • Дзе падсілкавацца?

На тэрыторыі сельсавета няма ўстаноў грамадскага харчавання. А прадуктовыя магазіны маюцца ў Занарачы, Сырмежы, Буйках і Старлыгах.

  • Дзе спыніцца?

На тэрыторыі сельсавета адсут­нічаюць гасцініцы і хостэлы. Але нямала аграсядзіб: тры — у Занарачы, па адной — у Шэметаве і Концінентах. Даведацца адрасы і тэлефоны можна на сайце Мядзельскага райвыканкама (myadel.minsk-region.by, старонка “Сельские исполкомы”, гля­дзіце “Занарочский сельский исполнительный комитет”). Не варта скідваць з рахунку і здраўніцы, многія з якіх зусім побач, хаця і на тэрыторыі іншага сельсавета — Нарацкага.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота Сяргея Плыткевіча (“Планета Беларусь”) і Аляксандра Высоцкага.