“О, Будслаў, жыцця майго крыніца…” (да 70-годдзя стварэння мясцовай гаспадаркі)

1016

НІЧОГА не скажаш, цудоўнае мерапрыемства правялі ў Будслаўскім Доме культуры. У глядзельнай зале сабраліся вяскоўцы розных пакаленняў, а вядучыя Галіна Аксючыц і Ганна Януковіч павялі гаворку пра гісторыю мясцовай гаспадаркі, якая бярэ пачатак са стварэння семдзесят год таму ў гэтым краі калгаса імя Энгельса. Праўда, насіў ён такую назву нядоўга, праз сем год перайменавалі ў калгас “Будслаўскі”. Тым не менш, нагода для ўрачыстасці больш чым важкая – раскошны юбілей!

Як прагучала са сцэны, у кожнага чалавека ёсць Радзіма – мясціна, дзе ён нарадзіўся і рос, жыў і працаваў, дзе спазнаў першыя радасці і няўдачы. Іншая справа, што ў віхуры жыцця нам няма калі спыніцца, азірнуцца, паразважаць. Аднак выпадаюць імгненні, калі бацькоўскі дом робіцца даражэйшы за ўсё на свеце, мы звязваем паняцце сапраўднага шчасця з роднай вёскай, сваім краем. Сапраўдныя сыны і дочкі, шчырыя і адданыя, робяць усё, каб ён стаў самым прывабным, самым прыгожым на гэтай зямлі. Асабліва з улікам таго, што бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам малой радзімы, а раён адзначае 80-годдзе.

Па тым часе арцелі арганізоўвалі на бурлівых сходах сялян практычна ў кожнай вёсцы. Не мінуў гэты бум і Будслаўскую старонку. Калгасы сфарміравалі адначасна амаль паўсюдна: у Алешках — “Чырвоны Маяк”, у Альхоўцы — імя Сяргея Лазо, у Альжутках — імя Дзімітрава, у Палессі — імя Якуба Коласа, у Сіўцах — “Герой Працы”… У 1965 годзе гэтыя і многія іншыя гаспадаркі, усяго пад два дзясяткі, увайшлі ў склад ужо спецыялізаванага саўгаса “Будслаўскі”. Канечне, мясцовым жыхарам такая метамарфоза была дарэчы. І ў першую чаргу па той прычыне, што саўгасы ў пэўнай меры прыраўноўваліся да прадпрыемстваў, людзі атрымлівалі стабільныя заробкі. Яно і пры калгасе “Будслаўскі” не хадзіў у адсталых. Калі ў некаторых гаспадарках у далёкім 1955 годзе на працадзень давалі менш за 20 капеек, то тут — 1 рубель і 19 капеек. А да грошай — па 650 грамаў збожжа і 800 — бульбы.

Як успамінае вадзіцель Фелікс Сіняўскі з Альхоўкі, тады ў вяскоўцаў дамінавала жаданне не больш зарабіць, а больш зрабіць добрых спраў на карысць роднай гаспадаркі. Таму і станавілася яна хутка на ногі, набірала моцы эканоміка. Хаця людзі жылі небагата, цяжка і шмат працавалі, але ж і час быў які — пасляваенны! Фелікс Францавіч коратка ўзгадаў вучобу ў Будслаўскай школе, дзе закончыў сем класаў, і як па дарозе туды ўзімку яго “суправа­джалі” ад Альхоўкі ваўкі, бо хадзіў адзін…

“О, Будслаў, жыцця майго крыніца…” (да 70-годдзя стварэння мясцовай гаспадаркі)

У пятнаццаць год падлетак ужо працаваў нароўні з дарослымі ў брыга­дзе, хадзіў за плугам і акучнікам, касіў з мужчынамі травы на сена. Потым кіраўніцтва калгаса накіравала Фелікса Сіняўскага вучыцца ў Маладзечна за шафёра. Адслужыўшы ў арміі, юнак папрацаваў па камсамольскай пуцёўцы на будаўніцтве гідраэлектрастанцыі ў Карэліі, адкуль вярнуўся дадому. І з таго часу ажно пяць­дзясят чатыры гады круціў баранку розных машын у сваім калгасе. Спадарожна пабываў у многіх гарадах і рэспубліках Савецкага Саюза: Літве і Латвіі, Украіне і Малдавіі, Калінінградзе, Маскве і Ле­нінградзе. На заслужаны адпачынак Фелікс Францавіч аформіўся канчаткова толькі летась. Вяскоўцы кажуць, што ў гэтага паважанага чалавека галоўны дэвіз па жыцці: “Не бяры чужога і не бойся нікога!”

Безумоўна, у любым калектыве вельмі многае залежыць ад дырэктара, ад таго, наколькі рацыянальна ён умее распарадзіцца працоўнымі і фінансавымі рэсурсамі, абраць перспектыўныя напрамкі дзейнасці, арганізаваць, зацікавіць і павесці людзей на стваральныя справы. Таму можна лічыць заканамерным, што значную частку ўрачыстасці вядучыя прысвяцілі кіраўнікам гаспадаркі. Першым са дня стварэння яе ўзначальваў Мікалай Гайдучонак. Вяскоўцы памятаюць Мікалая Мікалаевіча як клапатлівага гаспадара, франтавіка. Штодня ўставаў на досвітку і да традыцыйнай планёркі аб’яз­джаў палі і фермы, гутарыў з жывёлаводамі, іншымі вяскоўцамі. Пры гэтым выяўляліся балючыя пытанні, якія патрабавалі тэрміновага вырашэння. І старшыня праўлення не любіў адкладваць вытворчыя праблемы на потым. Хаця, трэба прызнаць, усё давалася нялёгка, бо многае выконвалася ўручную. Кукурузу і тую, не кажучы ўжо пра буракі і моркву, палолі жанкі ды старэйшыя дзеці.

Мікалай Гайдучонак, па водгуках лю­дзей, быў строгі, але справядлівы, добрасардэчны. Ён змог аб’яднаць вакол сябе спецыялістаў, працавітых і адданых хлебаробскай справе людзей, якія верылі яму. Маўляў, калі сказаў Мікалай Мікалаевіч, то так яно і будзе. У многім таму калектыў гаспадаркі з калгасным статусам, а потым і саўгасным, дабіваўся вельмі добрых вынікаў. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы даходзілі да кілаграма і больш, а ўраджайнасць збожжавых — за сорак цэнтнераў з гектара. Важкіх і ўкормленых бычкоў з блішчатымі бакамі вагонамі адпраўлялі на Ленінград.

Раз былі значныя дасягненні, то хапала і перадавікоў вытворчасці. Іх група пабывала ў сямідзясятыя гады на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, адкуль вяскоўцы вярнуліся з падарункамі і медалямі. Багатыя яны і на ўрадавыя ўзнагароды. Мікалай Гайдучонак, які чвэрць стагоддзя шчыра адпрацаваў кіраўніком, адзначаны ордэнам “Знак Пашаны”. Мікалай Мікалаевіч надоўга застаўся ў памяці ўдзячных землякоў, бо жыў не для сябе, а для людзей, дзеля іх дабрабыту, дзеля росквіту гаспадаркі. З поўнай аддачай сіл і ўласных магчымасцей! Мабыць, таму і з жыцця пайшоў рана, у пяцьдзясят чатыры гады: не вытрымала вялікай нагрузкі сэрца. Пры абвостраных адданасці справе, пачуцці адказнасці, канечне, непазбежна церпіць сям’я, застаюцца абдзеленыя бацькоўскай ласкай дзеці. Відаць, не памылюся, калі скажу, што такі лёс многіх сапраўдных кіраўнікоў у сельскай гаспадарцы. Так ужо атрымліваецца: калі яны збіраюцца раніцай на працу — дзеці яшчэ спяць, а калі вяртаюцца познім вечарам дадому — ужо спяць. Пра гэта казала на ўрачыстасці і дачка Мікалая Мікалаевіча Жанна Лягаева. І нават калі прыхварэў, не прыслухаўся да настой­лівай парады жонкі Ганны Віктараўны пакінуць нервовую пасаду. “Як гэта — вазьму і проста так кіну, за адзін дзень такія рашэнні не прымаюцца”, — адказаў Мікалай Гайдучонак. Бо была дысцыпліна, усе працавалі ад душы, а ты, накшталт таго дэзерціра, апынешся на абочыне вірлівага жыцця. Не тое выхаванне ў большасці сваёй мелі па тым часе кіраўніцкія кадры…

Дык вось, гэта пры Мікалаі Мікалаевічы многія вяскоўцы сталі ардэнаносцамі. Ды не абы-якімі, а самымі ганаровымі! Вышэйшай уз­нагародай за асабліва выдатныя заслугі ў працоўнай дзейнасці, перад дзяржавай і грамадствам у Савецкім Саюзе з’яўляўся ордэн Ле­ніна. Першаму ў “Будслаўскім” яго ўручылі брыгадзіру Мікалаю Роўду ў 1971 годзе. Родам Мікалай Іосіфавіч з вёскі Капусцічы, юнаком патрапіў у школу фабрычна-заводскага навучання, у Вялікую Айчынную давялося паваяваць на Карэльскім перашыйку ў асобным знішчальным танкавым дывізіёне. Пасля дэмабілізацыі працаваў на Вілейшчыне, у Карэліі і больш за два дзесяцігоддзі — брыгадзірам паляводчай брыгады ў Палессі. Быў прынцыповы, патрабавальны да сябе і людзей, змог вывесці свой калектыў з адсталых у перадавыя. Такой жа ўзнагародай заахвочаны і механізатар Валянцін Камянецкі са Слабады. Прафесію трактарыста Валянцін Дамінікавіч атрымаў у Докшыцкім сельскім прафтэхвучылішчы, найлепшым чынам праявіў сябе ў калгасах імя Мічурына, імя Жданава, саўгасе “Будслаўскі”. Апрача таго, дваццаць восем сезонаў убіраў на камбайне збожжавыя. Неаднойчы яго прызнавалі адным з лепшых хлебаробаў рэспублікі. Пра многае сведчыць хаця б той факт, што Валянцін Дамінікавіч шчыраваў ад ду­шы на палях на імянным паўтарамільённым “МТЗ” Мін­скага трактарнага завода.

Пазней, ужо пры дырэктары Мар’яне Вайнілку, атрымаў ордэн Леніна і механізатар Іван Грузд з Палесся, а да гэтага, у 1973 годзе, была яго першая высокая ўзнагарода — ордэн Працоў­нага Чырвонага Сцяга. Пасля заканчэння вядомага нам Свірскага СПТВ-17 Іван Антонавіч распачынаў плённы хлебаробскі шлях у Будслаўскай МТС, а потым да самай пенсіі шчыраваў на палетках мясцовай гаспадаркі. Як у працы, так і быце Івана Грузда ярка вылучала сціпласць і выключная добрасумленнасць. У свой час наша газета цікавілася ў знакамітага механізатара пра тое, як ён разумее чалавечае шчасце. І вось што прагучала ў адказ: “Шчасце заключаецца ў тым, каб прыносіць карысць грамадству… Шчасце — гэта тыя хвіліны, калі ідзеш пад добразычлівымі позіркамі шчырых сяброў на сцэну, каб атрымаць узнагароду Радзімы. Шчасце — атрымаць вестку ад былога аднапалчаніна, што ён жывы, здаровы, цешыцца са сваіх дзяцей, унукаў, радуецца мірнаму небу. Мне, былому артылерысту-разведчыку, давялося радавацца наступіўшай цішыні пасля апошняга бою з ворагам, захапляцца адбудаванымі хатамі ў вёсцы Палессе, якую ў 1944 годзе зруйнавалі фашысты. А потым была радасць пасля самастойна пракла­дзенай трактарам першай баразны…”

Добры след у далейшым раз­віцці гаспадаркі пакінуў і Мар’ян Вай­нілка, які прыйшоў на змену Мікалаю Гайдучонку і папрацаваў датуль у саўгасе галоўным інжынерам, старшынёй Будслаўскага сельскага Савета народных дэпутатаў. Трапіў сюды Мар’ян Браніслававіч па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Вяскоўцы яго ведаюць як разумнага кіраўніка, які дасканала ведае сваю справу. Мар’ян Вайнілка свае намаганні скіроўваў на далейшы росквіт саўгаса, умеў ладзіць са спецыялістамі і мясцовым насельніцтвам. Ніколі не павярнуўся спінай да праблем чалавека, заўсёды стараўся дапамагчы людзям. За выніковае кіраўніцтва гаспадаркай узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, шматлікімі Ганаровымі граматамі. Здымак Мар’яна Браніслававіча змяшчалі на Дошцы гонару трэста, раёна, яго сям’я паважаная ў нашым азёрным краі і сталічнай вобласці.

Дадаў ёй аўтарытэту і сын Анатолій Вайнілка. Не адразу за татам, аднак Анатолій Мар’янавіч таксама нямала год плённа парупіўся кіраўніком на карысць роднай гаспадаркі. Прытым даволі эфектыўна! Любіць сам шчыраваць ад душы, гэтага ж па­трабуе і ад падначаленых. Усе ведаюць Анатолія Вайнілку як чалавека слова. Калі ўжо нешта паабяцае, то абавязкова зробіць. Гэта добрая рыса прывабна вылучала Анатолія Мар’янавіча як у якасці кіраўніка сельскагаспадарчага кааператыва “Будслаўскі”, дырэктара прадпрыемства меліярацыйных сістэм, так і цяпер — на адказнай пасадзе старшыні раённага выканаўчага камітэта. Анатолій Вайнілка за высокія дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці прадпрыемстваў, якія ён узначальваў, таксама адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі — медалём “За працоўныя заслугі” і ордэнам Пашаны. На вечарыне паказалі цудоўны здымак, на якім два старшыні: бацька Мар’ян Браніслававіч і сын Анатолій Мар’янавіч. Сапраўдны гонар сям’і, гаспадаркі, раёна, вобласці! Цёплыя словы са сцэны прагучалі і ў адрас Івана Пятроўскага, які не здрадзіў бацькоў­скай зямлі і каля двух пяцігодак стараўся з толкам кіраваць таварыствам “Будслаўскае”.

Нельга не сказаць, што ў гаспадарцы шмат і іншых ардэнаносцаў. Сярод іх асаблівае месца займае Сцяпан Аксючыц. У складзе зенітнага палка ваяваў на фронце, пасля Вялікай Айчыннай вайны і службы ў Закаўказскай ваеннай акрузе працаваў па накіраванні камсомола ў Будслаўскім спецыяльным дзіцячым доме, дырэктарам Ілаўскага дома інвалідаў. А з 1963 года Сцяпан Якаўлевіч — брыгадзір паляводчай брыгады. Вызначыўся тым, што добраахвотна перайшоў у адстаючы калектыў, які ў хуткім часе пачаў займаць у саўгасе адно з лепшых месцаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Па эфектыўнасці працы і ўзнагароды! Сцяпан Аксючыц заахвочаны ордэнамі “Знак Пашаны” і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Між іншым, апошні з іх даволі рэдкі — за ўвесь час на Мядзельшчыне яго атрымала толькі дванаццаць чалавек.

Наступны па ранжыры ордэн — Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ім адзначана добрасумленнае шчыраванне на зямлі на працягу многіх год рупных механізатараў Станіслава Камянецкага, Часлава Колбуна, звеннявога па механізаваным вырошчванні бульбы Рамана Лубнеўскага, які прысутнічаў на мерапрыемстве. Дзяцінства ў Рамана Вікенцьевіча было цяжкае і галоднае, бо гадаваўся без бацькі. У школе вучыўся да чацвёртага класа на адны пяцёркі. Служыў у Прыморскім краі, а потым увесь час працаваў у гаспадарцы.

“О, Будслаў, жыцця майго крыніца…” (да 70-годдзя стварэння мясцовай гаспадаркі)

Заўсёды з высокай адказнасцю, у сяброўстве з тэхналагічнымі патрабаваннямі па вырошчванні бульбы. Як аднаго з лепшых механізатараў Рамана Вікенцьевіча заахвоцілі імянным залатым гадзін­нікам, яго здымак красаваўся на Дошцы гонару пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі. Не крыўдзілі ў саўгасе і талковых аператараў машыннага даення кароў. На слыху заўсёды былі Соф’я Касяк, Леанарда Яцэвіч. І ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга атрымалі ў адзін год — 1973. Самыя высокія надоі па гаспадарцы атрымлівала Соф’я Баляславаўна. Вельмі добрасумленная, адказная, нераўнадушная. На ферме “Казіміраўка” яна старалася разам з мужам, і праца для іх была на першым месцы. Тое ж тычыцца і Леанарды Браніславаўны. Не будзем забываць, што ўсё тады на фермах выконвалася ўручную. Паспрабуй ты пацягай бітоны з малаком у лядоўню! Для тых, хто не ведае, патлумачым, што раней халадзільнікаў на фермах не было. Таму ахалоджвалі малако ў ёмістасцях з ільдом, які нарыхтоўвалі зімой: складалі глыбы ў вялікія бурты і засыпалі зверху добрым слоем пілавіння. Так і захоўвалі яго амаль да восені, што дазваляла адпраўляць на прыёмны пункт прадукцыю добрай якасці. Шчырай павагі заслугоў­вае і тое, што Леанарда Яцэвіч выгадавала чацвёра дзяцей, трое з іх атрымалі вышэйшую адукацыю, адна дачка — сярэднюю спецыяльную.

Вялікая кагорта працаўнікоў гаспадаркі адзначана ордэнамі “Знак Пашаны”. І тут ёсць тры аператары машыннага даення кароў: Вера Дубовік, Зінаіда Локцік і Марыля Рудзінская. Першая з іх аддала жывёлагадоўлі больш за два дзясяткі год. І калі б сабраць усю атрыманую ёй прадукцыю разам, то атрымалася б малочная рака Веры Пятроўны. У прыватнасці, за 1983 год асабістае заданне па валавым надоі ад групы яна выканала на 125 працэнтаў, пастаянна выходзіла ў лідары спаборніцтва. Больш за тое, Вера Дубовік ахвотна дзялілася вопытам з пачынаючымі даяркамі, з’яўлялася майстрам-жывёлаводам II класа. Адказнымі, добрасумленнымі, працавітымі зарэкамендавалі сябе і Зінаіда Пятроўна, Марыля Васільеўна. Усё на іх рабочых месцах было дагледжана, так, як трэба. Таму і за вынікамі справа не стаяла, а ад вяскоўцаў за гэта — шчырая павага!

Сапраўдным адносінам да даручанага ўчастка вытворчасці многім можна было павучыцца ў даглядчыка жывёлы Рамуальда Сяліцкага. Апрача яго, мелі ордэн “Знак Пашаны” і брыгадзір Баляслава Дзядзёла, ветурач Паліна Стэфкіна, якая прападала на фермах з раніцы да позняга вечара. Паліна Іванаўна не толькі лячыла пагалоўе, клапацілася пра высокі выхад цялят, але і кантралявала якасць нарыхтоўкі кармоў. Толькі на “выдатна” імкнулася выконваць даручаную справу і Баляслава Адамаўна. Яе вызначалі высокая адказнасць, справядлівасць, жывы і паўсядзённы клопат пра сваю брыгаду, гаспадарку. Побач з імі цудоўным спецыялістам зарэкамендавала сябе галоўны аграном Надзея Яцко. Надзея Іванаўна ўставала разам з сонцам, перажывала за кожнае поле, пільна сачыла за работай людзей, тэхнікі, таму
і справы ў раслінаводстве ладзіліся, год ад году прыбаўлялі па ўра­джайнасці сельскагаспадарчыя культуры.

Ды і сярод кавалераў ордэна Працоўнай Славы III ступені паважаныя людзі — брыгадзір Аляксандр Рудзік, вадзіцель Вітольд Краўчонак, механізатары Валерый Малафей і Станіслаў Канопскі. Пра кожнага з іх можна расказваць і расказваць. Знакаміты Станіслаў Мартынавіч больш за трыццаць год адпрацаваў на рознай тэхніцы: лепшы камбайнер, лепшы трактарыст, перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці.

Сёння і ва ўсе часы галоўным багаццем нашых вёсак лічацца людзі. Гэта яны шчыравалі і шчыруюць у гаспадарцы, на палетках і фермах, аддаюць увесь запал душы спрадвечнай хлебаробскай справе, множаць славу роднага кута і нашага азёрнага краю. І не толькі ардэнаносцы. Якую вёсачку ні вазьмі, паўсюль хапае сапраўдных патрыётаў сваіх мясцін, якіх не палохала і не палохае нялёгкая праца ў сельскай гаспадарцы.

Напачатку вядучыя свята распавялі пра Алешкі. Сама па сабе вёсачка невялікая, але прыгожая, дагледжаная, жывуць там сапраўдныя гаспадары. І зусім не выпадкова яе яшчэ называюць “дружныя Алешкі”, бо тут ніколі не было гультаёў. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў вельмі многія сем’і на палях і фермах, у майстэрні і на іншых адказных участках здабывалі роднаму куту працоўную славу. У іх ліку Эдуард і Галіна Ляшко­вічы, Часлаў і Марыся Януковічы, Уладак і Яні­на Грыбовічы з сынам Віктарам, Баляслаў і Марыя Краўчонкі, Вітольд і Леанарда Краўчонкі, Нікадзім і Вольга Каркоцкія, іх сыны Юзік і Часлаў, Рамуальд і Зузанна Апанасевічы, Іосіф і Людвіга Апанасевічы, Іосіф і Крысціна Сяліцкія, Леў і Зося Маліноўскія, Чэслаў і Вера Будзько, а яшчэ — адзін з лепшых камбайнераў гаспадаркі Ян Аношка, бухгалтар Крысціна Мароз, жывёлавод Тарэза Будзько… Што ні чалавек — то асоба! І кожны — майстар сваёй справы! Падобным чынам на свяце ўзгадалі ўсе шаснаццаць вёсак, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі таварыства “Будслаўскае”. Пра Камарова, Альхоўку і Альжуткі цёпла і сардэчна распавяла былы галоўны эканаміст калгаса Зінаіда Мацко, пра Матыкі і станцыю Будслаў — Пётр Хацяновіч, пра Курчына — колішняя загадчыца жывёлагадоўчага комплексу “Палессе” Соф’я Палачанская.

“О, Будслаў, жыцця майго крыніца…” (да 70-годдзя стварэння мясцовай гаспадаркі)

Па меркаванні Соф’і Рамуальдаўны, раней працавалася добра: на вытворчасці хапала дбайных рук, паўсюль забяспечваўся належны парадак. Калі ставілася задача, што сеялку неабходна ўключыць у работу ў 6 раніцы, то ў гэты час яна ўжо была ў полі. Якім чынам дасягалася — клопат брыгадзіра. “За паўгадзінкі да вызначанага часу, — падзялілася Соф’я Палачанская, — прыязджаў на грузавіку Мікалай Каляга, на складзе набіралі мяшкоў восем насення і кіраваліся на поле да пасяўнога агрэгата Сяргея Лягаева, які працаваў на “Т-150”. Хуценька загружалі ў бункер авёс ці ячмень, пры неабходнасці сама часова станавілася за сеяльшчыка — і працэс пайшоў!..” Узгадала Соф’я Рамуальдаўна і такі кур’ёзны выпадак. Адным летнім дзянёчкам група вяскоўцаў завіхалася на таку на ўкладцы цюкоў сена. Былі такія прамавугольныя пасля праходу прэс-падборшчыка “Кыргызстан”, пуды па два. Вечарам пасля работы вырашылі цішком прыхапіць па парачцы сабе дадому. Пра такое свавольства стала вядома
дырэктару, і ён неадкладна прыімчаў на комплекс на “козліку”. “Першай, — расказвае Соф’я Рамуальдаўна, — патрапіла яму на вочы я. Канечне, хапіла мне, а потым і астатнім. Непрыемная размова з кіраўніком завяршылася рашучай камандай: “Каб праз 20 хвілін усе цюкі былі на месцы!” Самае цікавае было потым, як людзі вярталі сена: хто на веласіпедзе, хто на кані, а хто і на плячах. Хаця і не зусім весела, аднак з таго выпадку пасмяяліся нямала. Ды і навукі нашым вяскоўцам хапіла не на адзін год…” Са шчырых працаўнікоў Соф’я Палачанская ўзгадала жывёлаводаў Яніну Юбіцкую, трактарыстаў Антона Панкратовіча, Эдуарда Сяліцкага, Міхаіла Грыневіча, Мечыслава Роўду.

Запомнілася выступленне Люд­мілы Янкоўскай, якая працавала брыгадзірам у вёсках Слабада і Сіўцы пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума. Першыя гады ездзіла ўлетку па палях на веласіпедзе, зімою — на санях, а потым ужо далі матацыкл “Мінск”. У перадавіках хадзілі механізатары Валянцін Камянецкі і Яўген Бабкевіч, якія з імпэтам спаборнічалі паміж сабой, хто лепшы і больш здатны хлебароб. Бывала, хлеб убіралі да дзвюх гадзін. На трактарах таксама рупіліся ад душы Анатолій Касяк, Альберт Лётка, Станіслаў Камянецкі, Іван Бандаронак. У брыгадзе дбайна шчыравалі Уліма Камянецкая, Ніна Касач, Уліма Бандаронак, Марыя Ермаковіч, Рамуальда Бабкевіч, Станіслава Касяк, Зоя Бабкевіч, Баляслаў Ермаковіч, Станіслаў Паўлоўскі, Іосіф Ярашэвіч, Мікалай Лётка і многія іншыя. У жывёлагадоўлі вызначаліся Валянціна Ярашэвіч, Станіслава Паўлоўская, Галіна Паўлоўская, Марыя Лётка, Юзэфа Святоха, Арына Марэцкая, Аліна Ярашэвіч, Віктар Паўлоўскі. З вялікім задавальненнем Людміла Мікалаеўна ўзгадала, як на мяжы стагоддзяў ім удалося наладзіць шыкоўнае свята вёскі Слабада і шчыра падзякаваць усім сялянам за стваральную працу…

Вось так няспешна, ад вёсачкі да вёсачкі, дайшла чарга і да Будслава, дзе таксама шчыравала ў розныя гады і сёння працуе нямала сапраўдных хлебаробаў. Па сорак пяць год ад душы адпрацавалі ў гаспадарцы знакаміты на ўсё наваколле трактарыст Часлаў Шуман, а яго жонка Таццяна — у аддзеле кадраў. Дарэчы, іх дачка Святлана зараз — бухгалтар таварыства. Неаднаразова ў прызёры рэспубліканскіх “Дажынак” выходзіў механізатар Анатоль Аксючыц. На старэнькім 17-гадовым комплексе Анатоль Сцяпанавіч па нарыхтоўцы кармоў займаў у краіне і першае, і другое месцы. А прызы якія атрымліваў: легкавы аўтамабіль, два халадзільнікі, камп’ютар з важкай грашовай прэміяй! Высокіх паказчыкаў дабіваліся таксама Франц Грыневіч, Іван Баркоўскі. Заўсёды на першым месцы была праца ў трактарыстаў Уладзіміра Капелькі, Станіслава Бізуновіча, Яна Бабкевіча. Асобна варта сказаць пра Юрыя Кузняцова, які адзін з першых у раёне намалаціў на камбайне “Ліда-1300” больш за тысячу тон збожжа. Такі ўжо характар у Юрыя Аляксеевіча: пакуль не напрацуецца ад душы — не адправіцца дадому. Ды і спуску нікому не дае за абыякавасць, безадказнасць. Гэта чалавек, які заўсёды робіць па сумленні.

Паважаны сярод таварышаў і ў дырэкцыі таварыства Уладзімір Нарэйка. У першую чаргу — за працавітасць, гаспадарскую кемлівасць. Напачатку стараўся ў Вілейскім леспрамгасе. Аднак лёс распарадзіўся так, што ў час камандзіроўкі ў гэтыя мясціны Ула­дзімір Сідаравіч абзавёўся сям’ёй і стаў працаваць у калгасе. Адказнымі і дбайнымі вадзіцелямі зарэкамендавалі сябе Філіп Грыцкевіч, Франц Будзько, Іосіф Сяліцкі. Ніколі не ўяўлялі сябе без справы Уладзімір Ланец, Мікалай Каляга, Сяргей Лягаеў. Няма ўжо з намі Часлава Штуры, Алега Кузьбара, Віктара Кавалёнка, Івана Рагоўскага, Часлава Клімантовіча, але іх імёны за добры жыццёвы след памятаюць жыхары аграгарадка. Усё жыццё адшчыраваў у калгасе Мікалай Канопка, хапала клопатаў і Алегу Кратовічу, які браўся за любое заданне без усялякіх разважанняў. Можна сказаць, што трымалася гаспадарка і на такіх шафёрах, як Станіслаў Мацюшонак, Вайцех Рудкоўскі, Іван Дзядзёла, Станіслаў Тачыцкі, Здзіслаў Палачанскі.

Усё сваё жыццё прысвяцілі саўгасу знакаміты садавод Уладзімір Губскі, механізатар Іван Скроцкі, адзін з першых брыгадзіраў Казімір Рубалка, паляводы Іван і Рэгіна Рудамёты, Марыя Паўлоўская, Марыя Грышкевіч. Славіўся добрым аграномам-насенняводам Уладзімір Паўлоўскі. Нямала хто называў яго “дэталёвым”. Аднак не ў сэнсе абразы, а за глыбокае веданне тэхналогіі вырошчвання бульбы. Як любіў паўтараць Уладзімір Вацлававіч, любую справу трэба выконваць дэталёва. Кажуць, што незаменных лю­дзей няма. Аж ёсць! Не стала Ула­дзіміра Паўлоўскага — не стала ў Будславе і бульбы! Нельга не ўзгадаць добрым словам добрасумленную даярку Таццяну Камінскую і яе мужа Алега, якія ўжо шмат год шчыруюць на ферме і не ўяўляюць сябе на іншай працы. Са спецыялістаў ажно трыццаць шэсць год адпрацавала галоўным бухгалтарам Ніна Лях. Разам з Пятроўнай, як называлі яе вяскоўцы, рупіўся зладжаны калектыў. Так, галоўным эканамістам была
Соф’я Рагоўская, якую з часам запрасілі на працу ў Мядзел, а потым — і ў ста­ліцу.

Цяпер у таварыстве галоўным бухгалтарам Наталля Катковіч. Называліся і многія іншыя прозвішчы адданых хлебаробскай справе людзей. А разам з гэтым — пажаданні шчаслівага жыцця, выдатнага самаадчування і важкага плёну на вытворчасці.
Можна лічыць удалым, што аповеды пра вёскі, працаўнікоў гаспадаркі розных год чаргаваліся з нумарамі мастацкай самадзейнасці. На сцэне выступалі навучэнка Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага Яна Лагутка, яе сястра-першакласніца Вера і бабуля Ванда Нікадзімаўна з Матык, Часлаў Рудніцкі, галоўны эканаміст таварыства Анастасія Букзеева, акампаніятар Дома культуры Валерый Драгун… Варта дадаць і тое, што над удумлівым сцэнарыем мерапрыемства, якое прайшло цікава і, як кажуць, на адным дыханні, нямала папрацавалі мясцовыя бібліятэкар Галіна Аксючыц і настаўнік сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі Лявон Грыбовіч.

Павел ЖУКАЎ.
Фота аўтара.