Радзімай ганарымся!

110

ШТОГОД у другую нядзелю мая адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Якімі мерапрыемствамі сустракаюць гэту дату вучні Слабадской сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча?

Адказваюць на пытанне педагогі ўстановы адукацыі Людміла Кавальчук, Вольга Грынкевіч і Алена Бурак. Ад іх даведалася, што слабадскія школьнікі з павагай ставяцца да галоўных нацыянальных сімвалаў — Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга краіны. І гэта невыпадова. Бо на ўроках і пазакласных мерыпрыемствах значная ўвага надаецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Вучням па крупінках прывіваецца любоў да роднай зямлі, яе гісторыі і багатых традыцый. І работа ў гэтым накірунку вядзецца мэтанакіравана. Як сцвярджаюць мае суразмоўцы, сапраўды вельмі важна, каб дзеці з маленства вучыліся даражыць мінулым і сучасным краіны, дзе нарадзіліся і жывуць. Каб паважалі карані, шанавалі продкаў, цанілі мірнае, спакойнае жыццё, раслі патрыётамі Радзімы. А тут шырокае поле дзейнасці не толькі для педагогаў, але і для татаў і матуль, дзядуляў і бабуль — дзецям вельмі важны прыклад дарослых.

У Слабадской сярэдняй школе імя Адама Гурыновіча да Дня Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь прымеркавалі шэраг мерапрыемстваў. У бібліятэцы аформілі тэматычную кніжную выставу. Па класах правялі інфармацыйныя гадзіны, гутаркі. Для вучняў пачатковых класаў наладзілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Дзяржаўныя сімвалы”. Павучальна прайшоў інфармдайджэст “У сімвалах — гісторыя краіны”. Старшакласнікам запомніліся прэзентацыя “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”, а таксама відэафільм на гэту тэму.

Ці ж не цікава было даведацца, што герб адлюстроўвае лепшыя якасці і рысы нацыянальнага характару беларусаў: працавітасць, добразычлівасць, накіраванасць да лепшага?! Нездарма ў яго аснове — выява зямлі і ўзыходзячага сонца. Контур Беларусі ў цэнтры сімвалізуе суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць краіны ў яе міжнародна прызнаных межах.

Ідэя ўрадлівасці і шчодрасці знайшла ўвасабленне ў абрамленні герба — вянку з жытнёвых каласоў, упрыгожаных кветкамі канюшыны і лёну, абвітым стужкай колераў Дзяржаўнага сцяга. А пяціканцовая зорка на ім сімвалізуе гуманізм, вечнасць і адначасова абарону нашай Айчыны, адпавядаючы менталітэту Беларусі.
Асноўныя рысы Дзяржаўнага сцяга — чырвоная, зялёная і ўпрыгожаная арнаментам белая паласа — таксама маюць гістарычныя і нацыянальныя карані. Напрыклад, чырвоны колер здаўна сімвалізуе сонца, а яшчэ гэта ўвасабленне мужнасці, сталасці, высакароднасці. Гэта колер сцягоў дывізій Чырвонай Арміі і беларускіх партызанскіх брыгад, якія вызвалялі нашу зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. Сцяг Перамогі, узняты над рэйхстагам, таксама быў чырвоны. Зялёны колер — сімвал прыроды, колер расліннасці. А яшчэ — сімвал маладосці і энергіі, надзеі, вясны і адраджэння. Белы колер — увасабленне духоўнай чысціні, святасці. Гэта колер прымірэння, веры, мудрасці і ведаў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.