Па Танкавых сцяжынках…

143

Народны паэт Беларусі Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся 110 гадоў таму — 17 верасня 1912-га. Паэт-бунтар, патрыёт, сатырык, філосаф, наватар, усё жыццё ён быў верны сваім блізкім і роднаму краю.

У адзін з яшчэ цёплых і ясных вечароў я вырашыла наведаць малую радзіму народнага паэта — Піль­каў­шчыну. Хутар знахо­дзіцца на ўскрайку лесу, за кіламетр ад вёскі. На сялібе можна ўбачыць дзве хаты: навейшую, з аканіцамі, збудаваную ў 1930-х і старую, прывезеную яшчэ з Пількаўшчыны. “Мая калыска” — называў яе Максім Танк.

У той восеньскі вечар ціхі маляўнічы куток здаўся мне асабліва прывабным. Залатая восень размалявала пазалотай усе дрэўцы навокал, дарога да сялібы была засыпана жоўтым лісцем. Непадалёку ад хутара стаіць стогадовы дуб. Ёсць трывалая лавачка, якая, відаць, зусім нядаўна зроблена. Мабыць, для выпадковых падарожнікаў, якія любяць наведваць такія мясціны, цікавяцца гісторыяй свайго краю. А можа — проста так, для ўсіх, хто спыняецца тут. Як бы ні было, але гэта вельмі добрая справа. Агароджа таксама новая. Клапоцяцца людзі пра гістарычную спадчыну.

Не толькі маляўнічасць прыроды ўразіла мяне: навокал панавалі дух даўніны і вечнасці, далёкай гістарычнай мінуўшчыны. На гэтым лапіку зямлі будучаму народнаму паэту было ўтульна, душэўна, камфортна і цёпла. Такое цяпло і ўтульнасць адчуеце і вы, калі наведаеце гэтае гістарычнае месца.

Максім Танк — народны паэт Беларусі, выдатны грамадскі дзеяч, класік айчыннай літаратуры, лаўрэат дзяржаўных і літаратурных прэмій, Герой Сацыялістычнай працы, акадэмік АН Беларусі. Можна яшчэ доўга пералічваць дасягненні нашага выдатнага земляка, але ўсім вядома, што ў жыцці Максім Танк быў сціплым, простым і адкрытым чалавекам. Як мала хто з іншых літаратараў, ён пакінуў запавет пахаваць сябе побач з бацькамі на роднай зямлі. Слабадскі пагост (вёска Новікі, раней — Слабада) — бліжэйшыя да Пількаўшчыны могілкі. Тут, паводле апошняй волі народнага пісьменніка Беларусі, побач з жонкай, бацькамі і роднымі яго, і пахавалі. Сям’я нібы з’ядналася ў роднай зямлі.

Па Танкавых сцяжынках…

Паэзія Максіма Танка заўсёды абуджае гістарычную памяць, ажыўляе крыніцы народнай творчасці:
Калі трэба была песня —
Ні ў чые не грукаў дзверы.
Я яе знаходзіў дома,
Як пад лаваю сякеру,
Як у прыпечку —
цяпельца,
У сальніцы —
жменю солі…
Максім Танк прайшоў выпрабаванне вернасцю сваёй Радзіме, родным, сябрам, жанчыне і сабе самому. Няхай жа яго вернасць паслужыць прыкладам і ўсім нам!

Алена Рапановіч, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Княгінінскай СШ.