Ад марскога пехацінца да Ганаровага сувязіста — расказ пра ветэрана з Крывічоў Пятра За­біяку

123

У кожнага народа ёсць свая памяць — гісторыя. Немагчыма забыць аб тых трагедыях, якія адбываліся ў краіне, жорсткіх войнах, што забіралі мільёны жыццяў мірных, безабаронных, ні ў чым не вінаватых людзей, разбуралі духоўныя каштоўнасці, створаныя чалавекам. Праходзіць час, усё змяняецца, але нязменным застаецца адно — памяць аб свяшчэннай Перамозе.

Калі чую слова “вайна”, адразу паўстаюць пытанні: як жа даведацца пра тыя далёкія падзеі? ці засталіся жывыя тыя людзі, якія абаранялі нашу Радзіму? як яны жылі да вайны і як склаўся іх лёс? На жаль, рэальных сведкаў тых падзей з кожным годам усё менш і менш. Настане час, што не застанецца ні ўдзельнікаў, ні сведкаў вайны.

Лічу, што ў Год гістарычнай памяці неабходна ўзгадаць імёны і подзвігі тых людзей, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вельмі хочацца нізка пакланіцца ім і выказаць шчырыя словы падзякі за тое, што абаранялі нашу краіну да апошняга, не баяліся аддаць сваё жыццё дзеля мірнага неба над галовай, далі нам бесперашкодную, вольную дарогу ў светлую будучыню.

Гартаю альбом з фота­здымкамі і ўспамінамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Позірк спыняецца на Пятры Андрэевічы За­біяку.

Нарадзіўся 3 чэрвеня 1921 года ў горадзе Канатопе Сумскай вобласці. Да сёмага класа там жыў і вучыўся. Дзесяць класаў закончыў у пасёлку Міхайлаўскі Сумскай вобласці.
Вайна застала Пятра Андрэевіча на абавязковай ваеннай службе на Чарнаморскім ваенна-марскім флоце. Са снежня 1941 года па чэрвень 1942 ён удзельнічаў у гераічнай абароне Севастопаля (250 дзён). У кнізе “Они сражались за Севастополь” ёсць звесткі і пра яго.

З 13 чэрвеня 1942 года па 23 жніўня 1943 знахо­дзіўся ў палоне. Са жніўня 1944 года па май 1945 года змагаўся на другім Украінскім фронце ў 1-й паветрана-дэсантнай дывізіі і ў 327-й стралковай дывізіі. Жнівень-верасень 1944 года ваяваў на Забайкальскім фронце.

Шмат давялося перажыць Пятру Андрэевічу Забіяку — ветэрану з г. п. Кры­вічы. Увесь пасляваенны час працаваў у аддзяленні сувязі ў г. п. Крывічы. “Ганаровы сувязіст СССР”, — такое прысвоена яму званне.

З вялікім задавальненнем сустракаўся ветэран з моладдзю, дзяліўся багатымі ўспамінамі, правёў старшакласнікаў Крывіцкай СШ па месцах баёў, у якіх асабіста ўдзельнічаў.

За баявыя заслугі падчас вайны Пётр Андрэевіч ад­значаны ўрадавымі ўзнагародамі: “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”, юбілейнымі медалямі, ганаровымі знакамі марскога пехацінца і ветэрана Чырванасцяжнага Чарнаморскага флоту.

Зведаў ветэран горыч адступленняў і радасць перамог, марское братэрства і гібель баявых сяброў. А як жа ён адчуваў сябе пасля вайны? На маю думку, і ў пасляваенныя часы не давалі гэтаму чалавеку спакою па начах раны, вярэдзілі душу ўспаміны…
Лічу, што кожны чалавек павінен ведаць гісторыю сваёй краіны, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра гістарычныя дасягненні беларускага народа і яго подзвігі. Трэба памятаць сваіх герояў, быць удзячнымі ім за тое, што зараз наша краіна вольная.

Юлія Калбун, настаўніца Крывіцкага ВПК д/с-СШ.