Дзе ў Беларусі найбольш і найменш туманных дзён? Спойлер: сярод рэкардсменаў — метэастанцыя «Нарач»

31

Начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет) Таццяна ЧАТЫРКО ў матэрыяле для часопіса «Родная прырода» расказала, дзе найчасцей і найрадзей бываюць туманы, паведамляе сайт газеты «Звязда»

За перыяд 1991–2021 гг. у сярэднім на тэрыторыі Беларусі адзначалася ў год ад 15 да 68 дзён з туманам. Найменшая іх колькасць характэрная для метэастанцый Вілейка і Нарач (15 і 19 дзён адпаведна), найбольшая — для метэастанцый, якія знаходзяцца на ўзвышшах (Валожын і Навагрудак (69 і 67 дзён адпаведна)). 59 % туманаў адзначаецца ў халодны перыяд года (лістапад — сакавік). Па месяцах найбольшая іх колькасць адзначаецца ў канцы года: у кастрычніку і снежні ў сярэднім рэгіструецца па 5 дзён з туманам, у лістападзе — 7 дзён (г. зн. туман адзначаецца кожны 4-ты дзень месяца).

У кастрычніку найбольшая колькасць дзён з туманам адзначана ў Ашмянах у 1964 годзе і склала 24 дні. У лістападзе — у Навагрудку ў 1958 годзе (26 дзён). У снежні — у Лепелі ў 1960 годзе (26 дзён). Таксама ў Навагрудку ў 1964 годзе было адзначана 140 дзён з туманам, што з’яўляецца рэкордным значэннем для Беларусі.

Фота  з сайта газеты «Звязда».