1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, у зале заключэння шлюбаў Нарацкага сельвыканкама адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ордэнам Маці Наталлі Заякінай.
Разам з мужам яны выхоўваюць пяцёра дзяцей — чатырох сыноў і дачушку. З вітальным словам да Наталлі Эдуардаўны звярнуўся старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка і ўручыў заслужаную ўзнагароду.
Ад імя мнагадзетных матуль, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, Наталлю павіншавала Ірына Хацяновіч.
Былі і музычныя падарункі, і віншавання ад старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Таццяны Ефімавай і ад дзяцей Наталлі. Якраз у гэты дзень Наталля Заякіна адзначыла свой дзень нараджэння.