Занарацкая смаката

260

Занарацкая смакатаЯК КАЖУЦЬ у народзе, на густ і колер сяброў няма. Яно і сапраўды, калі заходзім у краму купіць сабе на сняданак ці абед штосьці з мясных вырабаў, то адны аддаюць перавагу прадукцыі гродзенскіх вытворцаў, другія — мінскіх, трэція — барысаўскіх… Пры гэтым усіх аб’ядноўвае жаданне набыць тую ж каўбаску добрай якасці па прымальнай цане. Аднак, калі шчыра, удаецца далёка не кожнаму. Бывае, кошт на прадукцыю мясакамбіната не слабы, а смаку асаблівага няма. І вось нядаўна для жыхароў нашага азёрнага краю з’явілася цудоўная альтэрнатыва ўсім гэтым вырабам. Справа ў тым, што ў таварыстве “Занарацкі” даволі паспяхова асвоілі выпуск мясной прадукцыі. Яе асартымент уражвае — больш за шэсць дзясяткаў найменняў: паўфабрыкаты, фаршы, каўбасы вараныя, паўвэнджаныя і сыравяленыя, шашлыкі і вяндліна, грудзінка і сасіскі…

— Мы даўно задумваліся наконт перапрацоўкі ўласнай сыравіны на месцы, — дзеліцца ў размове дырэктар гаспадаркі Пётр Каўрус. — Вы ведаеце, надавала імпэту вялікая розніца ў цане, па якой мы здавалі на прыёмныя пункты малако, мяса, і іх коштам на прылаўках магазінаў. Меркавалі, што на гэтым можна зарабляць неблагую капейку. У прынцыпе, так яно і атрымліваецца. Хаця адзначу, што выпускаць мясную прадукцыю ў шырокім асартыменце, наколькі паспелі зразумець, — зусім не проста. Трэба мець падрыхтаваныя кадры, строга захоўваць тэхналагічныя, санітарныя нарматывы, прапаноўваць спажыўцам толькі якасныя вырабы. Інакш попыту на іх, з улікам вялікай канкурэнцыі на рынку, не будзе.

— Таму, — працягвае Пётр Уладзіміравіч, — адразу для сябе вызначылі, што на перапрацоўку будзем адпраўляць толькі якасную сыравіну. У прыватнасці, таварных бычкоў з адкорму, калі кароў, то пажадана вышэйшай укормленасці. Праблем з гэтым няма. Многія на Мядзельшчыне ведаюць, што апошнім часам межы нашай гаспадаркі пасля аб’яднання з таварыствам “Міжазёрны край”, далучэння буйкаўскіх зямель, істотна пашырыліся, больш стала жывёлы. І цяпер нават пры ўсім жаданні не зможам перапрацаваць усё тое, што вырошчваем на фермах. Частку пагалоўя даводзіцца адгружаць на Барысаўскі мясакамбінат.

Занарацкая смакатаПадыход правільны. Не сакрэт, што ў такой справе добрая сыравіна — гэта палова поспеху. А працаваць з жывёлай у Занарачы ўмеюць здаўна. На кармах уласнай вытворчасці сярэднясутачныя прывагі пагалоўя на адкорме дасягаюць васьмісот грамаў. Добрыя паказчыкі таксама па групах маладняку Ніны Белісавай, Надзеі Шабан. Пасуе гэтым руплівым майстрам і Таццяна Ціхан, якая шчыруе на свінаферме “Памошша”. Словам, пагалоўе на каўбасны цэх гаспадаркі, які знаходзіцца ў вёсцы Нарач, паступае толькі здаровае. Ужо вялікі плюс! Па-другое, у мясныя вырабы, апрача прыпраў, нічога не дабаўляюць. Атрымліваецца высакаякасная натуральная прадукцыя.

— Цана на яе, — расказвае загадчыца вытворчасці Аксана Дубовік, — нават некалькі ніжэйшая, чым на аналагічную з мясакамбінатаў. А вось па карыснасці для чалавека, магу запэўніць, з нашымі вырабамі мала хто зможа пацягацца, бо атрымліваюцца ў дадатак да ўсяго практычна экалагічна чыстымі. Хто хаця б аднойчы паспрабаваў занарачанскія каўбасы альбо паўфабрыкаты, не хаваюць задаволенасці, становяцца пастаяннымі пакупнікамі. Зараз адгружаем прадукцыю ў мясцовыя здраўніцы, бяруць яе камерчыя магазіны ў Свіры, вёсках Канстанцінава, Буйкі, Старлыгі. Сярод паважаных кліентаў таксама адна з воінскіх часцей сталіцы, Беларускі Нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Гэта ўстанова шмат год трымала шэфства над колішнім таварыствам “Міжазёрны край”, а цяпер штомесяц бярэ больш за тры тоны мясных паўфабрыкатаў для сваіх сталовых. Як чулі ад прадстаўнікоў рэктарата ўніверсітэта, другія стравы, прыгатаваныя з нашай прадукцыі, карыстаюцца ў студэнтаў вялікай папулярнасцю.

— Апрача гэтага, — дадае Аксана Баляславаўна, — яна пастаянна ў продажы ў фірменным магазіне гаспадаркі ў Занарачы. Прытым, без гандлёвых надбавак. З’явіўся нядаўна невялічкі аддзел нашых вырабаў і ў Мядзеле ў краме “Малако”, якая размяшчаецца ў будынку Дома быту. А кожную суботу на спецыяльна абсталяваным аўтамабілі дастаўляе іх на рынак райцэнтра вадзіцель Уладзімір Кумішча. Задавальняем і заяўкі сваіх работнікаў, якія бяруць каўбасы альбо што іншае ў лік заработнай платы. Вяскоўцы дзякуюць за клопат, маўляў, малайцы, што вырабляеце такую цудоўную прадукцыю — самая сапраўдная смаката! Хто-хто, а яны толк у гэтым разумеюць. У ліку нашых пастаянных кліентаў многія даяркі, загадчыца фермы “Міціненты” Таццяна Сцефановіч, пенсіянерка з Хоневічаў Соф’я Янцэвіч…

— Праца калектыву каўбаснага цэха, у якім дваццаць адзін работнік, падаецца мне цікавай, творчай, — запэўнівае Аксана Дубовік. — Кожны на сваім месцы стараецца рабіць ад душы, каб на выхадзе ў нас атрымлівалася прадукцыя толькі высокай якасці. Будзе яна — будуць і стабільныя рынкі збыту. Не збіраемся спыняцца і на асвоеным асартыменце вырабаў. У бліжэйшых планах — распрацоўка некалькіх відаў новай прадукцыі па старадаўняй народнай рэцэптуры, якія павінны стаць нашым брэндам. Якраз над гэтым і працуе цяпер тэхнолаг Іна Дзяргач. Думаю, усё ў яе атрымаецца, як мае быць, і мы займеем неўзабаве сваю адметную “візітную картку”.

— Пакуль наш каўбасны цэх, — заключае Пётр Каўрус, — працуе не на поўную магутнасць. Нават пры адназменнай рабоце ён можа даваць у месяц прадукцыі значна больш — на шэсць-сем тон. Таму і адшукваем для яе дадатковыя рынкі збыту. На першым этапе адчувальную падтрымку ў гэтай важнай справе нам аказаў старшыня райвыканкама Ілья Іванавіч Шацько, за што яму шчыра ўдзячны. Канечне, адкрыццё новых гандлёвых кропак, таго ж фірменнага павільёнчыка на Камароўскім рынку, патрабуе сур’ёзнай прапрацоўкі. Любая новая справа павінна прыносіць дывідэнды. Інакш, які сэнс ёй займацца?! На мой погляд, было б правільна, каб асноўная частка нашай прадукцыі спажывалася на Мядзельшчыне. А што? Натуральная, якасная. Значыць, карысная для здароўя людзей. Вось і атрымліваецца на справе рэальны клопат пра сваіх землякоў. Тым больш, што цэны на ўсе віды прадукцыі памяркоўныя…

З гэтым пагаджаюцца шматлікія пакупнікі фірменнай крамы гаспадаркі ў Занарачы. У іх ліку і старшыня мясцовага сельскага выканаўчага камітэта Уладзімір Зелянкевіч:

— Сюды прыязджаюць людзі нават здаля. Некаторыя купляюць адразу кілаграмаў па пяць-шэсць мясной прадукцыі. Кажуць: бяром для сябе, сваякоў, суседзяў. Дыяпазон цэн на каўбасы, вяндліну даволі шырокі. Штосьці каштуе тысяч сорак рублёў за кілаграм, штосьці — дзевяноста. Мне асабіста вельмі падабаецца каўбаса “Імператарская” — высакаякасны прадукт! Перакананы, што кіраўніцтва нашага таварыства, асвоіўшы выраб мясной прадукцыі, узялося за вельмі патрэбную справу: для гаспадаркі, для людзей…

Павел ЖУКАЎ.

На здымках: 1. Апетытныя каўбасы дэманструе работнік цэха Яўген Баліцкі; 2. Работнікі каўбаснага цэха таварыства Людміла Баканава, Ігар Смаленскі, Сяргей Сікора, Сяргей Смаленскі, Віктар Шабан, Кацярына Кунавіч з начальнікам вытворчасці Аксанай Дубовік (у цэнтры) упэўнены ў высокай якасці сваёй прадукцыі

Фота аўтара.