З разлікам на… сумленне

417
З разлікам на... сумленнеСвятлана Клямята працуе кантралёрам па аплаце за прыродны і звадкаваны газ Мядзельскага раёна газазабеспячэння ВУ «Маладзечнагаз».
На гэтай пасадзе яна з 2009 года. І зарэкамендавала сябе толькі са станоўчага боку. Недарэмна да свята атрымае падзяку ўпраўлення «Маладзечнагаз».
Абавязкаў у Святланы Уладзіміраўны шмат. Гэта кантроль за аплатай насельніцтвам, праверка  паказанняў лічыльнікаў, правільнасці справаздачнасці. Займаецца яшчэ работай з неплацельшчыкамі, з тымі, у каго адключаны газ.
 — Ці бываюць якія прыемныя моманты ў працы? — пытаю ў яе.
 — Так. Мы яшчэ заключаем дагаворы. Для гэтага людзі павінны прыйсці да нас з дакументамі. Ёсць жыхары, якія тэлефануюць, расказваюць, што па стане здароўе яны не могуць прыйсці — то ідзём да іх. Вось за гэта і чуем «Дзякуй!». Бывае, нагадаем каму, што забыўся заплаціць — таксама ёсць такія, што падзякуюць.
Расказала Святлана Клямята, што зараз колькасць абанентаў расце: людзі вядуць газ, будуюцца новыя дамы.
— Звяртаемся да іх, як у прынцыпе і да ўсіх — каб  з сумленнем аплачвалі за газ.
Галоўным у рабоце яна лічыць добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў,  каб не было пратэрмінаванай запазычанасці.
Аляксандр ВЫСОЦКІ. 
Фота аўтара.