У свеце лічбаў і планаў

282

У свеце лічбаў і планаў

ДВАЦЦАЦЬ сем гадоў на ўнітарным прадпрыемстве “Ілаўскае” галоўным эканамістам працуе Галіна Войніч. За час работы маладая сарамлівая дзяўчына паступова пераўтварылася ў вопытнага і ўпэўненага прафесіянала, які лёгка аперыруе паказчыкамі, лічбамі і табліцамі.
— На гэту пасаду мяне запрасіла Тэрэза Іванаўна Януковіч, якая тады ўзначальвала завод, — узгадвае Галіна Станіславаўна пачатак сваёй кар’еры. — Паабяцала падтрымаць напачатку, вырашыць пытанне з жыллём. Я і згадзілася перайсці з калгаса на прадпрыемства, хоць, скажу шчыра, было страшна.
На той момант Галіна Станіславаўна мела дыплом эканаміста сельскай гаспадаркі пасля заканчэння “нархоза”, год вопыту работы па спецыяльнасці ў родным Будслаўскім калгасе, мужа і маленькага сына, з якімі туліліся ў бацькоўскай хаце разам з яе сёстрамі і бабуляй. Перспектыва мець асобнае жыллё перамагла страх перад новай і незнаёмай сферай дзейнасці. Да таго ж, знайшлася на заводзе работа і мужу Сяргею. Разам і стартанулі ў новае жыццё.
Малады галоўны эканаміст крок за крокам знаёмілася з жыццём прадпрыемства: пагружалася ў лічбы, планы, за вопытам ездзіла на іншыя аналагічныя заводы (напрыклад, знаёмілася з кансервавай лініяй на Красненскім заводзе). Жанчына з цеплынёй узгадвае эканаміста Зінаіду Цімафееўну Рымант, якая была побач, дапамагала парадамі, перадавала дзяўчыне вопыт і ўменне.
— Першы год быў вельмі складаным, асабліва цяжка даўся першы бізнес-план, — кажа Галіна Станіславаўна. — Праблемы ўзніклі і з асваеннем пярвічных дакументаў. Ні тады, ні зараз нашых студэнтаў не вучаць працаваць з імі. А без гэтага — нікуды. Працуючы з практыкантамі, якіх перыядычна накіроўваюць да мяне, пачынаю менавіта з асваення пярвічных дакументаў. Здавалася, усё вучыў, тэорыю ведаеш, а для практычнай дзейнасці гэтага недастаткова. Ды і ўвогуле сёння працаваць эканамістам складана: шмат розных нюансаў, справаздач, трэба дасканала валодаць камп’ютарнымі праграмамі. Раней у гэтым плане было лягчэй. Прыйдзе ліст па пошце з запытам, падрыхтуеш адказ і адправіш у вышэйстаячую арганізацыю, куды ён трапіць праз тыдзень ці два. Зараз жа ўсё робіцца хутка і аператыўна.
Работа Галіны Станіславаўны патрабуе пастаяннага працэсу ўдасканалення. Як пачалося з першых грувасткіх камп’ютарных праграм, якія самастойна даводзілася асвойваць, так і сёння рэгулярна трэба знаёміцца з нечым новым. І добра, калі прыедзе спецыяліст, навучыць і пакажа. У адваротным выпадку неабходна самастойна знаходзіць і чытаць літаратуру, шукаць падказкі ў інтэрнэце, ехаць на курсы.
Сярод асноўных задач галоўнага эканаміста — планаванне выпуску прадукцыі, разлік яе кошту, бягучае планаванне, налічэнне зарплаты работнікам. А праца над пашырэннем асартыменту ў сукупнасці з павелічэннем рэалізацыі дробнымі партыямі (раней завод працаваў у асноўным з аптовым звяном) дазволіла ў гэтым годзе выйсці на прыбытак і рэнтабельнасць. У параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года рост па ўсіх відах дзейнасці склаў 33%. Засмучаюць спецыяліста толькі даўгі мінулых гадоў, якія не дазваляюць упэўнена трымацца на плыву. Нягледзячы на гэта, сёння завод выпускае сем найменняў соку, яблычнае павідла (бачкавое і фасаванае ў слоічкі), тры найменні соусаў асабістай распрацоўкі, чыпсы, больш за дваццаць — він і лінейку кальвадосу. Што тычыцца апошняга напою, то ў хуткім часе на заводзе плануецца выпуск марачнага кальвадосу пяцігадовай вытрымкі. Гэта прадукцыя — імпартазамяшчальная, яе вырабу і рэалізацыі надаецца асаблівая ўвага. Праўда, па словах галоўнага эканаміста, УП “Ілаўскае” ўжо не адзінае ў рэспубліцы прадпрыемства, якое займаецца выпускам кальвадосу. Але сувенірнае афармленне і паўручная вытворчасць дадзенай прадукцыі выклікаюць цікавасць у пакупніка.
Ужо зараз Галіна Станіславаўна разлічвае колькі і чаго трэба нарыхтаваць у ліпені-лістападзе з улікам асартыменту і запланаваных аб’ёмаў вытворчасці. Ад таго, як гэта атрымаецца, у многім будзе залежыць і эфектыўнасць работы калектыву. Чорныя і чырвоныя парэчкі, буякі, яблыкі, чарніцы, маліна… У першую чаргу нарыхтоўваецца тое, на што багаты наш родны край. Будзе слабы ўраджай у нас, ілаўцам давядзецца ехаць на Гродзеншчыну ці Брэстчыну, як здаралася на памяці Галіны Станіславаўны ўжо не раз. Але галоўны эканаміст ведае: нарыхтаваная ў запланаваных аб’ёмах сыравіна здымае адно з асноўных пытанняў работы вытворчасці як мінімум да наступнага сезона. Ажыццяўлення намечаных планаў і хацелася б пажадаць спецыялісту з нагоды прафесійнага свята.
Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.