АДНОЙ з пастаянных праблем нашага прадпрыемства з’яўляецца вялікая
пратэрмінаваная запазычанасць некаторых грамадзян па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі. У прыватнасці, на пачатак верасня яна складала 73 200 рублёў. Калі параўнаць з папярэднім месяцам, гэта менш на 3 930 рублёў.
Такі вынік не задавальняе, бо зніжэнне адбылося выключна дзякуючы зладжаным дзеянням супрацоўнікаў ЖКГ і аддзела прымусовага выканання раёна. Таму эфектыўнасць работы з тымі, хто мае запазычанасць, вымушае чакаць лепшага. Хаця кіраўніцтва прадпрыемства надае праблеме нямала ўвагі. Супрацоўнікі, якія адказваюць за работу ў гэтым накірунку, сістэматычна трымаюць справаздачы. Па месцы пражывання даўжнікоў сумесна з аддзелам прымусовага выканання праводзяцца рэйды. Ды яшчэ накіроўваем папярэджанні наконт неабходнасці пагашэння запазычанасці на працягу сямі дзён з моманту атрымання заказнога ліста. На тых, хто іх ігнаруе, у адпаведнасці з заканадаўствам адрасуем матэрыялы натарыяльнай канторы для ўчынення выканаўчага надпісу.
Найбольш праблемнымі з’яўляюцца ўласнікі і наймальнікі жылых памяшканняў, якія не заняты ў эканоміцы. Асабліва адзінока пражываючыя, бо з іх спагнаць запазычанасць практычна немагчыма. Ёсць катэгорыя грамадзян, у адносінах якіх выканаўчыя надпісы вернуты аддзелам прымусовага выканання з актамі аб немагчымасці спагнання. Гэта 22 былыя наймальнікі жылых памяшканняў, якія за карыстанне імі, а таксама аказаныя камунальныя паслугі не плацілі і таму рашэннем суда раёна выселены з кватэр без прадастаўлення іншага жылля. Агульная сума запазычанасці
гэтай катэгорыі грамадзян складае 16 480 рублёў.
Пры ўстанаўленні факта працаўладкавання некага з іх выканаўчыя надпісы паўторна накіроўваюцца па месцы работы для спагнання запазычанасці ў бясспрэчным парадку. Што яшчэ? Дадаюць нікому не патрэбных пытанняў некаторыя маладыя мамы, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трохгадовага ўзросту. Пры гэтым ад аплаты жыллёва-камунальных паслуг ухіляюцца, а па выканаўчых надпісах натарыуса з дзяржаўнай дапамогі, якую яны атрымліваюць, утрыманне не робіцца. Але ж такая “адтэрміноўка” да дабра не даводзіць, бо запазычанасць назапашваецца, да яе дадаецца пеня, якая, здараецца і такое, калі дзіцяці спаўняецца тры гады, перавышае суму асноўнага доўгу.
Не лішне нагадаць, што за несвоечасовую альбо не ў поўным аб’ёме аплату жыллёва-камунальных паслуг за кожны дзень пратэрміноўкі налічваецца пеня ў памеры 0,3% ад сумы доўгу. У выпадку ўчынення выканаўчага надпісу давядзецца яшчэ дадаткова заплаціць 5-працэнтны тарыф ад сумы, якая спаганяецца, натарыяльнай канторы і 10% за прымусовае спагнанне судоваму выканаўцу. З пенсіянераў за ўтрыманне і пералічэнне грашовых сродкаў па выканаўчых надпісах натарыуса таксама бярэцца значная сума. Маюць у нас месца і выпадкі, калі грамадзяне атрымліваюць кватэры ў новабудоўлях, аднак не рэгіструюцца там працяглы час. Такім грамадзянам аплата гарачага водазабеспячэння і ацяплення налічваецца па эканамічна абгрунтаваных затратах, што ў разы перавышае субсідзіраваныя дзяржавай тарыфы. Навасельцам дома № 23 па вуліцы Заазёрнай у Мядзеле, якія не зарэгістраваліся ў атрыманых кватэрах, раю паспяшацца. Гэтым вы сэканоміце значныя сумы грашовых сродкаў.
І яшчэ. Спажыўцы жыллёва-камунальных паслуг, якія маюць электронную пошту, з мэтай своечасовага атрымання паведамленняў аб іх аплаце могуць звярнуцца з заявай на імя дырэктара Мядзельскай ЖКГ з указаннем свайго адраса. У такім выпадку паведамленні ім накіруюць у электронным выглядзе.
Віктар ХІЛА, начальнік камунальна-разліковага аддзела Мядзельскай ЖКГ.