«Тихие омуты» ў віры прадпрымальніцтва

291

— У назве «Тихие омуты» не варта шукаць нейкай падаплёкі ці чагосьці містычнага, — тлумачыць дырэктар гэтага прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства Юрый Церахаў. І працягвае:

— Хацелі з сябрамі пачаць прадпрымальніцтва з арэнды вадаёма на Пастаўшчыне, каб арганізаваць платную аматарскую рыбалку. Таму і назву выбралі такую. Але з вадаёмам не склалася — заняўся іншай справай, а назва засталася.
Так у аграгарадку Нарач 18 год таму з явіўся першы магазін прадпрыемства. Зараз яно аб’ядноўвае чатыры гандлёвыя кропкі (у аграгарадку Нарач, курортным пасёлку, Мядзеле, Паставах) і летняе грыль-кафэ «Дым і мяса».

— Што падштурхоўвае развівацца, адкрываць больш магазінаў?

— Натура такая, што не сядзіцца на месцы, хочацца новае спрабаваць. Не заўсёды гэта ўдала было, шышак набіў многа. Але ўсё роўна біцца трэба, бо сядзець на месцы — гэта тое самае, што апускацца ўніз.

— У той час, як пачыналі, такой канкурэнцыі ў гандлі не было. Як цяпер удаецца канкурыраваць з іншымі крамамі, а тым больш з гандлёвымі сеткамі, якія прыходзяць ужо і ў аграгарадкі?

— З вялікімі сеткамі — вельмі цяжка. Але ўжо справу не кінеш. Аднак, думаю, знайшлі свой сегмент. Спецыялізуемся на кулінарыі: прадаём мяса, субпрадукты, паўфабрыкаты. Па іх людзі і з іншых населеных пунктаў прыязджаюць. Пастаянна нешта думаеш, кампануеш, штосьці мяняеш. Пару разоў закрываўся, адкрываўся зноўку. На новым аўтавакзале ў курортным пасёлку Нарач кафэ было — не пацягнуў. Не атрымалася — адышоў убок, набраўся сіл і пайшоў далей.

«Тихие омуты» ў віры прадпрымальніцтва
15 год працуе прадаўцом у краме ПГУП «Тихие омуты» ў аграгарадку Нарач Галіна Пісарчык

— Чаму галоўнаму за гэты час навучыліся?
— Пастаянна трэба за ўсім сачыць: кантроль і яшчэ раз кантроль. Бо калі дзе трохі недаглядзеў, хутка сыдзеш у мінус.

— Які ён — звычайны дзень прадпрымальніка?
— Дзень на дзень не выходзіць. То па магазінах сваіх ездзіш, а то ў Мінск. Бывае, дома пабудзеш, бо звычайных выхадных няма. Таму што субота, нядзеля амаль ва ўсіх — выхадны, а ў нас — работа.

— Самы любімы ваш праект за гэтыя гады?
— Мне падабаецца грыль-кафэ. Размешчана яно пры трасе, у былым аўтавакзале курортнага пасёлка непадалёку ад санаторыя «Белая Русь». Адкрыццё кафэ аказалася цяжкай і доўгай справай. Давялося ўкласціся, зрабіць рамонт. Летась яно адпрацавала другі сезон.

— Напэўна, займацца кафэ цяжэй, чым магазінам?
— Затое цікавей. Падабаецца займацца грамадскім харчаваннем. І сам, бывае, стаю, смажу шашлыкі.

— Як з явілася ідэя кафэ?
— У Youtube знайшоў ролікі, як пад Масквой зрабілі падобнае. Заказаў амерыканскі смокер (гэта нешта сярэдняе паміж вяндлярняй і рускай печкай) — зрабілі ў нас, і па спецыяльным рэцэпце вэндзім мяса, свіныя вушы, галёнкі, робім шашлыкі, стравы з мясцовай рыбы.

— Як рэкламуеце кафэ?
— Ёсць група «ВКонтакте», але ў асноўным працуе «сарафаннае радыё». Мясцовыя жыхары ведаюць, расказваюць адзін аднаму, і людзі, якія займаюцца абслугоўваннем турыстаў, рэкамендуюць. Да таго ж дарога праязная — вадзіцелі спыняюцца.

— Хто часцей наведваецца: турысты ці мясцовыя?
— У самы сезон больш турыстаў, але і мясцовыя людзі не мінаюць. Вось чакаю: як толькі пацяплее, мабыць, у маі — будзем адкрывацца.