Тэлемайстар з вёскі Нарач

247

pa040024Кватэра кожнага чалавека літаральна насычана зараз разнастайнымі электроннымі прыборамі. І па-ранейшаму галоўную ролю адыгрывае тэлевізар. Мы карыстаемся ім кож­ны дзень, а калі раптам выходзіць са строю — настрой ад­разу псуецца: ні любімага серыяла па­глядзець, ні на­він пачуць. Бо той жа камп’ютар на сёння яш­чэ не ў кожнага, тым больш у вёсцы.

Карацей, без «тэлелекара» па-ранейшаму не абысціся. Ёсць такі ў вёсцы Нарач —  індывідуальны прад­прымаль­нік П. Э. Дунец. Вязуць яму апараты з усіх куткоў раёна, пачынаючы ад Сві­ры і заканчваючы Крывічамі.

— Чаму менавіта Нарач аказалася  цэнтрам аказання такіх паслуг?  — пытаюся.

— Ды проста я тут жыву! — адказвае Пётр Эдвардавіч. — Вырашыў заняцца ўласнай справай пасля таго, як у чэрвені мінулага года зачынілася майстэрня ў Мядзеле, дзе я адпрацаваў 16 год. А пачынаў асвойваць гэту прафесію ў Паставах у 1994 годзе пасля заканчэння  віцебскага прафтэхвучылішча.

— Ці хапае заказаў? Наколькі ведаю, пакуль асаблівых канкурэнтаў у вас няма…

— Сапраўды, калі гаварыць пра рамонт у стацыянарных умовах, я тут адзін. Прымаю тэлевізары любых мадэлей, акрамя лямпавых. Ды іх ужо практычна нідзе не засталося. Заключыў  таксама адпаведныя дагаворы з нарачанскімі здраўніцамі. Так што, заказаў хапае. Акрамя гэтага, рамантую, калі ёсць час, DVD, музычныя цэнтры. А што тычыцца канкурэнцыі, адкажу так: у людзей цяпер шмат рознай апаратуры, і калі з’явіцца ў гэтай сферы яшчэ нехта — работы хопіць і яму. Галоўнае, працаваць так, каб кліент застаўся задаволеным.

— У вас назапашаны немалы вопыт. Тым не менш, бываюць, напэўна, і няпростыя выпадкі…

— Зразумела, тэх­ніка ёсць тэхніка. Здараецца, нямала трэба паламаць галаву, каб адшукаць прычыну паломкі. Гэтым летам, напрыклад, некалькі тэлевізараў паступіла, якія выйшлі са строю пасля ўдару маланкі. Такія выпад­кі, бадай, самыя складаныя.

Падчас нашай гутаркі завітала ў майстэрню жанчына з вёс­кі Занарач, каб параіцца, што рабіць з тэлевізарам — прапаў на экране нармальны колер. П. Э. Дунец выязным рамонтам не займаецца, але, уважліва выслухаўшы, паабяцаў жанчыне: як будзе ў тым баку, абавязкова зойдзе і па­глядзіць у чым прычына. Што ж, падыход да кліента пра­вільны!

Дарэчы, Пётр Эдвардавіч «рэаніміраваў» сёлета і мой чорна-белы «Віцязь», які ўжо збіраўся выкінуць на сметнік. Цяпер будзе дажываць свой век на кухні!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: за работай тэлемайстар
П. Э. Дунец.