Што са станам прамысловай бяспекі ў Мядзельскім раёне

192

У РАМКАХ інфармавання насельніцтва пра стан прамысловай бяспекі ў азёрным краі адбылася гутарка з адказнымі работнікамі Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці МНС Рэспублікі Беларусь. На пытанне па забеспячэнні захавання суб’ектамі гаспадарання ў курортным рэгіёне ўзроўню бяспекі, адказаў начальнік аддзела Валерый БАБЕЙ:

-На Мядзельшчыне налічваецца 32 суб’екты гаспадарання, якія эксплуатуюць 6 небяспечных вытворчых аб’ектаў і 256 — патэнцыяльна ўяўляючых пагрозу, а таксама паўтара дзясятка транспартных сродкаў, прызначаных для перавозкі небяспечных грузаў. Летась нашы работнікі абследавалі 15 суб’ектаў гаспадарання. Пры праверцы 56-ці патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў выяўлена 114 парушэнняў. Па выніках гэтых мерапрыемстваў гаспадарам уручаны 14 звестак і столькі ж — прадпісанняў па ухіленні выяўленых недахопаў, а таксама чатыры даведкі праверкі. Мяркуючы па гэтай статыстыцы, суб’ектам гаспадарання ёсць над чым працаваць.

— А як абстаялі справы з арганізацыяй праходжання суб’ектамі гаспадарання падрыхтоўкі да работы ацяпляльнага абсталявання ў асенне-зімовы перыяд 2020/2021 года на паднаглядных Дзяржпрамнагляду аб’ектах?

— На гэта пытанне дае тлумачэнне вядучы дзяржаўны інспектар Пётр КАВЕРЗІН:
З мэтай падрыхтоўкі да ўстойлівай работы ў асенне-зімовы перыяд інспектары абласнога ўпраўлення правялі мерапрыемствы тэхнічнага і тэхналагічнага праверачнага характару кацельных, якія забяспечваюць цяплом жыллёвы фонд, аб’екты сацыяльнага і культурна-бытавога прызначэння. Суб’ектам гаспадарання Мядзельшчыны своечасова выдадзены ўсе 28 заключэнняў Дзяржпрамнагляду аб гатоўнасці цеплакрыніц да ацяпляльнага сезона. Лічу, што і пры падрыхтоўцы да наступнага неабходна прадоўжыць станоўчую практыку складання графікаў прад’яўлення кацельных для праверкі прадстаўнікам Дзяржпрамнагляду з раўнамерным размеркаваннем работ і разбіўкай па месяцах — з мая па жнівень. Пры гэтым суб’екты гаспадарання павінны звярнуць увагу на своечасовае правядзенне работ па тэхнічным дыягнаставанні і аглядзе катлоў.

— Раскажыце, ці ўсё добра ў азёрным краі з перавозкай небяспечных грузаў?

— На жаль, — адказвае старшы дзяржаўны інспектар Мікіта МАНЕШКІН, — праблем хапае. Справа ў тым, што з паўтара дзясятка транспартных сродкаў, якія перавозяць небяспечныя грузы, 13 — цыстэрны. Дзесяць з іх ужо адпрацавалі свой нарматыўны тэрмін службы. Летась іх замена не праводзілася, няма праграм і на перспектыву. З выяўленых тыповых парушэнняў адзначу наступныя: рух аўтацыстэрнаў з нафтапрадуктамі са зліўнымі рукавамі, якія не ўкладзены ў пеналы (скрыні). А яшчэ — адсутнасць на зліўных рукавах заглушак, што можа прывесці да ўцечкі рэшткаў нафтапрадуктаў у навакольнае асяроддзе і нават стаць прычынай пажару. Трэба дадаць і тое, што практычна на ўсіх транспартных сродках, прызначаных для перавозкі небяспечных грузаў, адсутнічае неабходная дакументацыя. У прыватнасці, пашпарты прадукцыі і ўмовы яе транспарціроўкі, якія выдаюцца заводам-вытворцам небяспечнага рэчыва ці грузаадпраўшчыкам. А гэта цягне за сабой няведанне вадзіцелямі правілаў перавозкі канкрэтнага грузу, з якім лепш не жартаваць. Канечне, пры правядзенні наглядных мерапрыемстваў і ў ходзе выступленняў у працоўных калектывах мы акцэнтуем увагу на неабходнасць безумоўнага захавання патрабаванняў заканадаўства ў галіне перавозак небяспечных грузаў. Мэта тут адна — не дапускаць парушэнняў у далейшым

— Пэўны нарматыўны тэрмін службы устаноўлены таксама для пад’ёмных кранаў, ліфтоў. Як абстаяць справы з іх заменай на Мядзельшчыне?

— Вывад, як кажуць, — пачынае галоўны дзяржаўны інспектар міжраённага аддзела Фёдар НЕНЮКОЎ, — рабіце самі. У Мядзельскім раёне эксплуатуецца 14 грузапад’ёмных кранаў, і толькі адзін з іх яшчэ не адпрацаваў нарматыўны тэрмін службы. Пры гэтым варта адзначыць, што большасць кранаў, а калі больш канкрэтна, то дзесяць адзінак і ўсе чатыры ліфты, якія адпрацавалі нарматыўны тэрмін службы, выведзены ўладальнікамі з эксплуатацыі з пісьмовым паведамленнем Дзяржпрамнагляду, а вось з уліку там так і не зняты.
Да сказанага вышэй, — працягвае Валерый БАБЕЙ, — хачу дадаць, што важнае месца ў нашай работы займаюць мерапрыемствы прафілактычнага характару. Гэта і выступленні ў працоўных калектывах, і ў сродках масавай інфармацыі. Самым важным сваім набыткам лічым тое, што за мінулы год аварый і няшчасных выпадкаў, звязаных з эксплуатацыяй аб’ектаў, паднаглядных Дзяржпрамнагляду, на прадпрыемствах і ў арганізацыях Мядзельшчыны не зарэгістравана…

Гутарыў Павел ЖУКАЎ.