Прафілактычнай рабоце сярод насельніцтва надаюць асаблівую ўвагу у раённай інспекцыі Энерганагляду

272

denerg191210ЭНЕРГЕТЫКА лічыцца базавай галіной эканомікі. Без яе не можа існаваць ні харчовая, ні хімічная, ні лёгкая прамысловасці. Таму кожны, хто звязаў сваё жыццё з энергетыкай, адчувае пачуццё гонару за прафесію. Вялікія задачы ўскладзены і на калектыў работнікаў раённай інспекцыі Энерганагляду. Любая вытворчасць пастаянна ўдасканальваецца. А таму зараз узмоцненыя патрабаванні да захаванасці жыцця і здароўя людзей.

— Прафілактычнай рабоце сярод насельніцтва надаём асаблівую ўвагу, — расказвае начальнік раённай інспекцыі Энерганагляду Уладзімір Феліксавіч Вайцэхоўскі. — Людзі павінны ведаць, да чаго можа прывесці грэбаванне элементарнымі мерамі перасцярогі. Электрычны ток памылак не даруе. Калектыў наш невялікі — усяго шэсць чалавек. Аднак гэта сапраўдныя прафесіяналы. Напрыклад, інспектар Сафія Браніславаўна Варановіч працуе ў сістэме энергетыкі з 1974 года. Адказная, дысцыплінаваная, прынцыповая, ініцыятыўная — так коратка можна ахарактарызаваць гэту жанчыну.

Як паведаміў У. Ф. Вайцэхоўскі, стараннем і руплівасцю вызначаюцца таксама старшы інспектар Генадзь Іванавіч Жукоўскі, інспектар Андрэй Уладзіміравіч Чарняўскі, інспектар-цеплатэхнік Іван Іванавіч Кухальскі. Гэтыя спецыялісты маюць за плячыма пэўны вопыт работы, таму дасканала ведаюць усе патрабаванні і пільна сочаць за захаваннем правілаў бяспекі жыцця людзей, каб кожны смела карыстаўся ў быце электрычнасцю і цеплавой энергіяй.

— Толькі добрае магу сказаць і пра ва­дзіцеля Аляксандра Браніслававіча Сульжыцкага. Чалавек ён адказны, дысцыплінаваны. Яго «УАЗік» у любую мінуту гатовы да выезду, — дадае Уладзімір Фе­ліксавіч. — А з нагоды прафесійнага свята хачу пажадаць усім цяпла і святла не толькі ў дамах, але і ў сэрцах. Шчыры дзякуй ветэранам галіны, якія шмат зрабілі для станаўлення і развіцця энергетычнай сістэмы раёна і краіны. Зычу ўсім упэўненасці ў заўтрашнім дні, моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту. Адначасова віншую ўсіх жыхароў Мядзельшчыны з Калядамі і надыходзячым Новым годам! Няхай усім шчасціць!

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.