Па выніках праверак

234

Па выніках праверакУ АДПАВЕДНАСЦІ з каардынацыйным планам кантрольнай (нагляднай) дзейнасці па Мінскай вобласці на 1-ае паўгоддзе 2014 года Мінскім абласным упраўленнем па нагляду за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР) праведзены планавыя праверкі шасці раённых спажывецкіх таварыстваў Белкаапсаюза па частцы выканання Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 ад 14 чэрвеня 2007 года “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” і іншых нарматыўных прававых актаў.

Падчас праверак былі выяўлены факты нерацыянальнага выкарыстання ПЭР, парушэнні патрабаванняў заканадаўства ў сферы энергазберажэння, а менавіта:

 адсутнасць цеплаізаляцыі на падаючых трубаправодах, цеплавыкарыстоўваючым абсталяванні;

 наяўнасць прамых страт вады па прычыне няспраўнасці абсталявання сетак; выкарыстанне ПЭР без зацверджаных ва ўстаноўленым парадку ўдзельных норм расходу паліва і электраэнергіі на водпуск цеплавой энергіі топачнымі (групамі катлоў), ацяпленне і вентыляцыю, абмежаваных узроўняў спажывання электраэнергіі для функцыянавання;

частковае выкарыстанне электраэнергіі для патрэб гарачага водазабеспячэння і ацяплення службовых і іншых памяшканняў без дазволу энергазабяспечваючых арганізацый і органаў дзяржаўнага энерганагляду.

Па выніках праверак выдадзены прадпісанні на ўхіленне выяўленых парушэнняў і складзены 22 пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 20.1 (ч.1, ч.2) як у адносінах да юрыдычных асоб, так і да службовых асоб райспажыўтаварыстваў Белкаапсаюза.

Па стану на 1 ліпеня гэтага года разгледжаны і ўступілі ў законную сілу пастановы суда па 12 пратаколах аб адміністрацыйным правапарушэнні па вышэйназваным артыкуле.

С. КОРПІК.

Дзяржаўны інспектар Мінскага абласнога ўпраўлення па нагляду за рацыянальным выкарыстаннем ПЭР.