Не забываць і пра якасць

265

Не забываць і пра якасцьДЛЯ кожнай з галін народнай гаспадаркі сур’ёзным выпрабаваннем з’яўляецца работа ў зімовы перыяд. І ў першую чаргу гэта датычыцца цеплавой гаспадаркі, дарожнікаў… Якраз тыя службы, якія па роду сваёй дзейнасці курыруе намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр ЧАРНЯЎСКІ. Вось мы і звярнуліся да Аляксандра Мікалаевіча з пытаннем, наколькі яны падрыхтаваліся да завей і маразоў?

— Да апошняга часу зіма нам спрыяла — нават у канцы снежня стаіць адносна цёплае надвор’е. Аднак маразы сваё штогод, як кажуць, усё роўна бяруць. Таму і падрыхтоўка да работы ў гэты перыяд праводзіцца сур’ёзная. На Мядзельшчыне налічваецца больш за паўсотні крыніц, якія забяспечваюць цяплом і гарачай вадой спажыўцоў самага рознага прызначэння. Большая палавіна іх прыпадае на долю жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Дастаткова сказаць, што ўжо ў лютым былі распрацаваны мерапрыемствы па падрыхтоўцы народна-гаспадарчых аб’ектаў да бягучага асенне-зімовага перыяду і зацверджаны ў раённым выканаўчым камітэце. Яны тычыліся як пытанняў дыягностыкі, так і рамонту абсталявання, стварэння запасаў паліва і запчастак. Вялікая ўвага апошнія гады надаецца замене цеплавых сетак з выкарыстаннем ізаляваных Пі-труб. Так, летась іх укладзена 7,2 кіламетра, сёлета — 5,2. Абыходзіцца гэта нятанна. Але ўсё роўна выгадна, бо, апрача істотнага павышэння надзейнасці трас, гэта дазваляе рэзка скараціць страты цяпла пры падачы да спажыўцоў, а значыць, і знізіць яго сабекошт. На жаль, у важнай справе падрыхтоўкі аб’ектаў да работы ў зімовы перыяд не абыходзіцца і без праблем. З-за неразваротлівасці кадраў узнікалі пытанні па своечасовым афармленні пашпартоў гатоўнасці кацельняў у Дамах культуры Свіры і Княгініна, інтэрната турыстычнага комплексу “Нарач” у аграгарадку Занарач. Да гэтай пары знаходзіцца на кантролі запуск у работу новых газавых катлоў у Нарацкай сярэдняй школе №1.

Паспяховая дзейнасць народна-гаспадарчага комплексу зімой у многім залежыць і ад стану дарог. Іх абслугоў-ваннем у нас займаюцца дзве невялікія арганізацыі, у кожнай налічваецца ад 85 да 100 чалавек. На балансе “ДЭУ-66” 206 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння, “ДРБУ-133” 723 кіламетры — агульнага карыстання і 147 — у сельскіх населеных пунктах. У цэлым са сваёй задачай яны спраўляюцца. Іншая справа, што, хаця і працуюць з прыбыткам, неабходна ўмацоўваць як эканоміку гэтых участкаў, так і іх матэрыяльна-тэхнічную базу.

А яшчэ — павышаць якасць выконваемых работ, у першую чаргу — ямачнага рамонту. І хітрага тут нічога няма. Проста трэба строга захоўваць тэхналагічныя параметры, тады і будзе ўсё ў парадку. Куды больш увагі кіраўніцтва адзначаных калектываў патрабуюць прыдарожныя палосы, некаторыя з іх выглядаюць крайне занядбанымі. Што датычыцца вуліц і дарог у Мядзеле, курортным пасёлку Нарач і аграгарадках, то гэта паўсядзённы клопат жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А галоўную ацэнку рабоце ўзгаданых вышэй службаў, мяркую, дадуць маразы з завірухамі, якія чакаюць нас наперадзе.

— Адным з паказчыкаў устойлівага сацыяльна-экана¬мічнага развіцця любога рэгіёну з’яўляецца актыўнае будаўніцтва жылля, укараненне ў вытворчасці прагрэсіўных тэхналогій. Ці багата набыткаў у гэтых напрамках у нас, Аляксандр Мікалаевіч?

— Яно так. Не выпадкова ж у народзе кажуць, свая хатка як родная матка. Будаўніцтва жылля — адзін з важнейшых паказчыкаў высокага ўзроўню дабрабыту насельніцтва, якое ў азёрным краі вядзецца належным чынам. Бадай, не знойдзеш ніводнай сям’і, якая б не імкнулася займець уласнае жытло. І дзяржава ўсяляк падтрымлівае людзей, прадастаўляючы льготныя крэдыты, аказваючы фінансавыя падтрымкі ў пагашэнні запазычанасці па крэдытах для маладых сем’яў і малазабяспечаных грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Менавіта дзякуючы гэтаму былі пабудаваны і ўведзены ў строй дамы жыллёва-будаўнічых кааператываў “Меліяратар ПМС”, “Кастрычніцкі-2011”. А гэта з улікам індывідуальнай забудовы, якая таксама актыўна вядзецца ў азёрным краі, пры гадавым заданні ў 15 тысяч складае 13565 квадратных метраў. Вось-вось указаная лічба ўзрасце да 17 тысяч са здачай у эксплуатацыю 60-кватэрнага дома ЖБК “Мядзельская вясёлка”, якая адбудзецца днямі. Быццам складваецца ўсё добра. Але ёсць у гэтай “бочцы мёду” прыкрая лыжка дзёгцю. Справа ў тым, што ў адрас будаўнікоў ад навасёлаў паступаюць папрокі за парушэнне тэрмінаў здачы жылых дамоў у эксплуатацыю, няякаснае выкананне работ, асабліва — аддзелачных. І трэба прызнаць, прэтэнзіі людзей, як правіла, абгрунтаваныя. Канечне, будаўнікі, у сваю чаргу, за словам у кішэню не лезуць: маўляў, дае ведаць несвоечасовае фінансаванне, адток кваліфікаваных кадраў. Адзначу, што гэта пазіцыя ўчарашняга дня і пазбаўляцца ад яе неабходна самым рашучым чынам. Сёння выгадна працаваць на аб’ектах так, каб потым не перарабляць, бо ухіляць брак будаўнікам даводзіцца за свой кошт. А гэта напрамую ўплывае і на эканоміку арганізацыі, і на заробкі яе работнікаў. Нельга не ўлічваць і наступнага: гарантыя на ўзводзімыя кватэры для членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў зараз пяць год.

За такі тэрмін нават схаваныя дэфекты становяцца яўнымі з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі.

— Апошнім часам у нашай краіне вялікая ўвага надаецца тэхнічнаму пераўзбраенню аграпрамысловага комплексу, пераводу жывёлагадоўлі на новы ўзровень вытворчасці. Сёлета пастаўлена задача літаральна ў кожнай гаспадарцы ўзвесці сучасныя малочныя блокі. Ці справіліся з ёй нашы гаспадаркі?

— Летась, згодна з адпаведнай праграмай,у нашым раёне намячалася правесці грунтоўную рэканструкцыю на 15 малочнатаварных фермах альбо пабудаваць новыя. Напачатку меркавалася зрабіць усё гэта гаспадарчым спосабам. Але неўзабаве стала відавочным, што ў гэтай грандыёзнай справе без прафесійных арганізацый не справіцца. Асноўная нагрузка тут легла на прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якое выступіла падрадчыкам па шасці фермах. Ды і наогул, яно ў параўнанне з “Нарачпрафбудам”, не кажучы ўжо пра “ПМК-215”, “РБУ”, мае куды больш уражваючыя асноўныя вынікі работы. У прыватнасці, найбольшыя чысты прыбытак, выручку на аднаго працуючага, якая за дзесяць месяцаў наблізілася да 35 тысяч долараў ЗША. Адзначу і тое, што з-за недастатковага фінансавання праграмы па рэканструкцыі ферм, некаторыя аб’екты былі прыняты як пускавыя комплексы з пераносам асобных відаў работ на больш познія тэрміны. Напрыклад, у той жа Лотве новая даільная зала ўжо выкарыстоўваецца, а будаўніцтва кароўніка часова прыпынена.У асноўным работы завершаны па 11 фермах. Кепска тое, што вялікай застаецца запазычанасць нашых гаспадарак перад меліяратарамі за выкананыя аб’ёмы на рэканструкцыі і будаўніцтве ферм — каля 14 мільярдаў рублёў. Не сакрэт, прамаруджванне з разлікамі негатыўна ўплывае на вытворчую дзейнасць прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

— У рамках выканання Дзяржаўнай праграмы па далейшым развіцці курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады сёлета меркавалася ажыццявіць два інвестыцыйныя праекты — пабудаваць гатэль са SPA-цэнтрам у Мядзеле і рэкаструяваць касцёл у Будславе. Што ўдалося зрабіць па гэтых аб’ектах?

— Ужо сёння бачна, што новая гасцініца з’явіцца цудоўным упрыгажэннем Мядзела, ды і ўсяго азёрнага краю. Але там яшчэ застаецца вялікі аб’ём будаўніча-мантажных работ. Яны разам з матэрыяламі, абсталяваннем і добраўпарадкаваннем тэрыторыі “пацягнуць” больш, як на паўсотні мільярдаў рублёў. Па гэтай суме можна меркаваць, што папрацаваць на гатэлі неабходна яшчэ шмат і даволі напружана. Спадзяюся, што здаць яго ў эксплуатацыю зможам у наступным годзе. Прыкметныя перамены адбыліся і ў будслаўскім касцёле. Умацаваны падмурак велічнага храма, падрамантаваны цокаль, зроблены адмостка і гранітны ганак. Добраўпарадкавана таксама тэрыторыя, побач набыў сучасныя і прывабныя абрысы сквер. Тут жа разбіта дзіцячая пляцоўка, пасаджаны дэкаратыўныя дрэвы…

— Сёлетні год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам беражлівасці. Якія арганізацыі, па вашым меркаванні, Аляксандр Мікалаевіч, найбольш ашчадна выкарыстоўваюць паліва-энергетычныя рэсурсы, не марнуюць другасную сыравіну?

— Энергасберагаючыя мерапрыемствы, як і збор другаснай сыравіны, ажыццяўляюць усе прадпрыемствы азёрнага краю. Найлепшых паказчыкаў у гэтай справе дзяржаўнай важнасці дабіваецца жыллёва-камунальнай гаспадарка. За няпоўны год тут сэканомлена паліва-энергетычных рэсурсаў на 2,5 мільярда рублёў. Ды і ў цэлым Мядзельшчына ўпэўнена спраўляецца з прагнозным паказчыкам па энергазберажэнні. Хачу адзначыць і тое, што работа па ашчадным выкарыстанні паліва, электраэнергіі, матэрыялаў з завяршэннем года не спыняецца. Наадварот, яна будзе ўзмацняцца, што абавязкова паспрыяе ўмацаванню эканомікі нашага рэгіёну.

Гутарыў Павел ЖУКАЎ.