НАПЯРЭДАДНІ свята сустрэлася з чалавекам, які сам не ўзводзіць дамы, але лёс якога цесна пераплецены з гэтай вельмі важнай і патрэбнай галіной. Размова ідзе пра дырэктара камунальнага даччынага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мядзельскага раёна” Аляксандра ЗВЯРУГУ.

— Аляксандр Анатольевіч, чым займаецца ваша прадпрыемства?

— Абавязкаў і клопатаў хапае. Выступаем заказчыкамі па ўзвядзенні бюджэтных будаўнічых аб ектаў. Гэта пераважна жыллё, інфраструктура, аб’екты інвестыцыйных праграм. Ажыццяўляем таксама тэхнічны нагляд за вядзеннем будаўніцтва ад яго пачатку да здачы ў эксплуатацыю, аказваем арганізацыям неабходныя інжынерныя паслугі, займаемся праектаваннем індывідуальных жылых дамоў і гэтак далей.

— За перыяд вашай працы на такіх адказных пасадах якія найбольш значныя аб’екты з явіліся ў азёрным краі?

— Прыбудова да Свірскай участковай бальніцы, дзве сучасныя сярэднія школы — у курортным пасёлку Нарач і аграгарадку Занарач, гасцінічны комплекс “Мядзел”. Праведзена рэканструкцыя летняга амфітэатра ў Мядзеле, пабудавана шэсць шматкватэрных жылых дамоў у нашым горадзе і курортным пасёлку, некаторыя іншыя
аб’екты.

— А што ў бліжэйшых планах?

— Праектаванне двух шматкватэрных жылых дамоў у райцэнтры. А вось будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома на вуліцы Заазёрнай у Мядзеле завяршаецца. Яго здача ў эксплуатацыю запланавана ў гэтым месяцы. Прыярытэтны накірунак — прыступіць да будаўніцтва басейна ў Мядзеле. Ён будзе ўяўляць сабой чатыры плавальныя дарожкі даўжынёй 25 метраў кожная для дарослых, дзіцячую плавальную зону, а таксама зону для адпачынку і аздараўлення.

— Што хочаце сказаць калегам у сувязі з надыходзячым святам?

— Жадаю, каб ва ўсіх і заўсёды былі новыя цікавыя аб’екты, дзе б можна было ў поўным аб’ёме прымяніць свае веды і вопыт, а таксама стабільнае фінансаванне. Гэта, дарэчы, адзін з важных складнікаў паспяховай работы калектыву. Ад душы зычу моцнага здароўя, поспехаў у працы, сямейнага дабрабыту, міру і ўсяго самага найлепшага ў жыцці.
Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 07.08