Малы бізнес: стратэгія развіцця

265

Што ўяўляе сабой малы бізнес на Мядзельшчыне, якая яго вага ў эканоміцы раёна? Лепш за ўсё на гэта пытанне адкажуць лічбы. Па стану на 1-га сту­дзеня 2011 года ў азёрным краі налічвалася 520 індывідуальных прад­прымальнікаў. Суб’­ектамі малога бізнесу ў бюджэт раёна пералічана 1280,7 мільёна рублёў — 3,4 працэнта ад агульных паступленняў. Большасць прадпрымальнікаў працуюць у сферы гандлю і паслуг. Але ёсць і такія, хто займаецца вытворчасцю і даволі паспяхова. У прыклад можна прывесці таварыства з абмежаванай адказнасцю «Пілвудбуд». Толькі выручка ад экспарту прадукцыі склала летась 374 мільёны рублёў. І дадзеная вытворчасць  працягвае развівацца.

Важным фактарам з’яўляецца ўзаемадзеянне прадпрымальнікаў і мясцовай улады. Тут наладжаны пэўны кантакт, што дазваляе больш эфектыўна і аператыўна вырашаць наспеўшыя праблемы. Так, рэгулярна праводзяцца сустрэчы прадпрымальнікаў з прадстаўнікамі розных службаў, аддзелаў райвыканкама. Вось і нядаўна, 28 сакавіка, прайшла адпаведная  нарада, дзе былі разгледжаны змены ў падаткаабкладанні.

У кантэксце задач па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскага краю на 2011-2015 гады адкрываецца шырокае поле дзейнасці і для камерцыйных структур. У першую чаргу — у сферы паслуг. І працэс, як кажуць, пайшоў. Ужо сёлета 8 інвестараў выказалі жаданне ўкласці свае сродкі ў будаўніцтва аб’ектаў агратурызму. Безумоўна, да­зволіць пазбегнуць многіх бар’ераў на шляху лібералізацыі эканомікі вядомая Дырэктыва №4 «Аб развіцці прадпрыемніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», падпісаная 31 снежня 2010 года кіраўніком дзяржавы. Безумоўна, яна паспрыяе актывізацыі прадпрымальніцкага руху. Дарэчы, у раёне адпрацавана ўжо сістэма спрошчанай рэгістрацыі юрыдычных і фізічных асоб, што дазваляе пазбегнуць многіх клопатаў, эка­номіць час. Прынесла плён і распрацаваная праграма пад­трымкі малога бізнесу на 2007-2010 гады. Сёлета перад намі стаіць задача па стварэнні адзінай інфармацыйнай базы аб дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца — для продажу яе ў далейшым альбо здачы ў арэнду. Адпаведная інфармацыя змешчана на сайце райвыканкама. І заключаны ўжо тры інвестыцыйныя дагаворы па адкрыцці вытворчасці на аб’ектах былой вайсковай часці.

Заўтрашні дзень малога бізнесу — тэма вельмі актуальная. І наша стратэгічная задача — стварыць максімальна зручныя ўмовы для яго развіцця.

Л. БЕРНЯКОВІЧ.

Намеснік старшыні

райвыканкама па эканоміцы.