І рэклама патрабуе парадку

246

Даўно вядома, што рэклама — гэта ру­хавік гандлю. Тое самае можна сказаць і пра сферу паслуг, якія цяпер прапануюцца на любы «густ». Шмат вонкавай рэкламы размешчана і на тэрыторыі нашага раёна, асабліва ў курортным па­сёлку і ў Мядзеле. Але ж дадзены працэс, як і любы іншы, павінен рэгламен­тавацца. Падрабязней на гэту тэму пагутарыў з начальнікам аддзела экано­мі­кі райвыканкама Н. Ю. Мехавіч.
— Ніна Юльянаўна, у чым сутнасць праблемы?
— Выбарачная пра­верка паказала, што шмат рэкламы ў нас не пашпартызавана, а значыцца, не паступаюць сродкі ад яе размяшчэння ў бю­джэт раёна. І ўвогуле, тут яшчэ шмат самадзейнасці, што, зра­зумела, не на карысць справы.
— А на які закон павінны арыентавацца тыя, хто займаецца размяшчэннем рэкламы?
— Пастановай Савета Міністраў Рэспу­блікі Беларусь № 1497 ад 12 лістапада 2007 года «Аб рэалізацыі закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» ўстаноўлены парадак афармлення сродкаў вонкавай рэкламы. Для атрымання дазволу ра­спаўсю­джва­льнік рэ­кламы павінен пра­даставіць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган разам з заявай шэраг дакументаў. І, найперш, адпаведны эс­кіз у прывязцы да канкрэтнай архітэктурна-планіровачнай сітуацыі па месцы размяшчэння рэкламы, выкананы на папяровым носьбіце ў колеры. Уносіцца, зразумела, і адпаведная  плата за афармленне пашпарта сродкаў вонкавай рэкламы. Разгледжаны ў пастанове і шэраг іншых пунктаў па арганізацыі такой дзейнасці. З усімі гэтымі палажэннямі (як і рэкамендацыямі па выкарыстанні рэкламы) можна пры неабходнасці падрабязна па­знаёміцца. Дарэчы, сёлета, 28 лютага, Мін­скі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне «Аб удасканальванні рэкламнай дзейнасці ў Мінскай вобласці ў 2011 годзе». Адзін з яго пунктаў абавязвае райвыканкамы забяспечыць па­ступленне сродкаў у мясцовыя бюджэты за размяшчэнне (ра­спаўсюджванне) вонкавай рэкламы. А тут якраз мы і не дабіраем пакуль да вызначанага плана. Вось таму хацелася б, каб як мага хутчэй быў наведзены парадак у гэтай справе.
— І якія канкрэтныя дзеянні?
— Арганізацыі ўсіх форм уласнасці па­він­ны ў сціслыя тэрміны аформіць рэкламу, згодна з патрабаваннямі заканадаўства. Па гэтым пы­танні неабходна звярнуцца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Кантактныя тэлефоны 55-3-54,
55-1-42. Без рэкламы мы, сапраўды, нікуды. Дык няхай яна будзе змястоўнай, прываблівай. І, дадам, законнай!