І лыжка дзёгцю ў прыдачу

353

І лыжка дзёгцю ў прыдачуФАКТ бясспрэчны: якасць любых тавараў у многім залежыць ад сыравіны, з якой яны вырабляюцца. Тым больш, шмат вырашае гэты фактар у харчовай сферы. У дадзеным выпадку гаворку павядзём пра Нарацкі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, дзе апошнім часам адбылося нямала станоўчых змен. Пасля праведзенай рэканструкцыі асвоілі выпуск новых відаў прадукцыі: сыроў, розліў стэрэлізаванага малака ў “брык-пакі”. Што, у сваю чаргу, прымусіла больш строга падыходзіць да ацэнкі вартасці паступаючай на перапрацоўку сыравіны. Не проста стала сельгасвытворцам адпавядаць сучасным патрабаванням. Днямі пабываў на прадпрыемстве і падрабязна пагутарыў на актуальную тэму з начальнікам заводскай вытворчай лабараторыі  С. М. Зяленінай.

— Святлана Міхайлаўна, якім аказаўся мінулы год у гэтым плане для калектыву, ці была задаволенасць якасцю малака, якое дастаўлялі гаспадаркі раёна?

— Лепш за ўсё, думаю, раскажуць лічбы. За 2012 год на філіял паступіла з гаспадарак Мядзельшчыны 27026,1 тоны малака. У тым ліку вышэйшы гатунак склаў — 53,7 працэнта, 1-ы — 19,6 працэнта, 2-гі — 5,7 працэнта і “экстра” — 21 працэнт.

— Як вядома, значны акцэнт цяпер робіцца менавіта на “экстру”. Хто з’яўляецца пастаўшчыком гэтай сыравіны, наколькі задавальняліся запыты прадпрыемства?

— “Экстра” ў асноўным да нас паступала з акцыянерных таварыстваў “Занарацкі” і “Будслаўскае”, а таксама з Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Калі гаварыць пра аб’ёмы, яны склалі прыкладна палову ад патрэбнага, што не дазволіла належным чынам загрузіць сучасныя лініі, арыентаваныя на выпуск экспартнай прадукцыі. А экспарт — гэта найперш валюта! Падцягвацца па якасці малака неабходна многім, тым больш, што ёсць і зусім негатыўныя прыклады. У прыватнасці, другім гатункам ішло малако з такіх гаспадарак як “Слабодская зара” і “Габы-Агра”, недапрацоўваюць і вытворцы “Свір-Агра”. Істотна пагоршылася сітуацыя ў таварыстве “Мядзелаграсэрвіс”, а больш дакладна — на ферме “Лук’янавічы”: малако бруднае, утрымлівае шмат саматычных клетак. Да таго ж, здараюцца выпадкі фальсіфікацыі яго вадой.

— Будзем спадзявацца, Святлана Міхайлаўна, што сельгасвытворцы прымуць усё гэта да ўвагі і прыкладуць максімум намаганняў, каб выправіць становішча. Бо, ў рэшце рэшт, яны таксама ў гэтым зацікаўлены. Фінансава! А якая сітуацыя ў прыватным сектары?

— Малако, якое прымаецца ад насельніцтва, займае прыкладна 10 працэнтаў ад паступаючай сыра¬віны. Лічба можа не такая і значная. Тым не менш, прадукцыя ўласнага падворка таксама запатрабавана. Праўда, і тут часам узнікаюць праблемы з якасцю. Больш летам. Але і ў зімнія месяцы дадаюць клопату некаторыя нядобрасумленныя здатчыкі. Яшчэ і лаяцца, калі малаказборшчык адмаўляецца браць іх “тавар”. Менавіта па такой скарзе ў снежні мінулага года правялі разам з выконваючай абавязкі галоўнага дзяржінспектара па закупках і якасці сельгаспрадукцыі Кацярынай Пятроўнай Шваб комплексную праверку на падворку мя¬дзяльчанкі Малашонак. Высветлілі, што малако ад яе каровак, сапраўды, бруднае, кіслае і прымаць яго ні ў якім разе нельга. Быў складзены адпаведны акт. Дарэчы, здае малака гэта гаспадыня нямала і калі яе не кантраляваць — будзе трапляць час ад часу ў цыстэрну з прыватным малаком, вобразна кажучы, ладная лыжка дзёгцю. А ім, як ведаем, добра толькі калёсы мазаць…

Аляксандр БЫКАЎ.