Гаспадарыць ашчадна, з толкам

274

Гаспадарыць ашчадна, з толкамСЁЛЕТНІ год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам беражлівасці. На двары — другая палова кастрычніка, можна падводзіць першыя вынікі зробленага. Ці багата за прайшоўшы час на Мядзельшчыне набыткаў? З такім пытаннем звярнуліся да намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Леаніда БЕРНЯКОВІЧА:

— На мой погляд, магло быць і больш. Пакуль з пяці прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага азёрнага краю выконваюцца чатыры. Ладзяцца справы з экспартам тавараў і паслуг, перасягнуты ўзровень намінальнай сярэднямесячнай зарплаты. Створаны тры новыя арганізацыі — “Вытворчы альянс”, “Віджэлія”, “Вінакурня “Нарач”. А гэта — дадатковыя рабочыя месцы з неблагімі заробкамі. Горш сітуацыя з прамымі замежнымі інвестыцыямі на чыстай аснове — без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі. Тут за першыя тры кварталы з намечаных двух мільёнаў долараў ЗША маем толькі 207 тысяч. У прамысловасці за дзевяць месяцаў, калі параўноўваць з адпаведным перыядам мінулага года, тэмпы росту складаюць 126,4 працэнта. Запасы гатовай прадукцыі на складах не з вялікіх — 14,2 працэнта да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. А вось у аграпрамысловым комплексе многае неабходна паляпшаць карэнным чынам. Маю на ўвазе найперш невысокі ўзровень вытворчасці малака, вырошчвання буйной рагатай жывёлы і свіней. Не парадавала ў гэтым годзе і хлебная ніва — усяго па раёне 22,1 цэнтнера збожжавых з гектара.

— Леанід Сцяпанавіч, вы адзначылі, што ў нас перавыкананы паказчык па намінальнай налічанай заработнай плаце. Калі можна, пра гэта крышачку падрабязней. І яшчэ: у якіх арганізацыях заробкі добрыя, а дзе — слабаватыя?

— Наша заданне па гэтым параметры — 3 мільёны 695 тысяч рублёў. Маем за дзевяць месяцаў 3 мільёны 966 тысяч рублёў альбо 113,1 працэнта да задання па заробках. За пяць мільёнаў яны ў будаўніцтве, дзе прывабную “пальму першынства” трымаюць прадпрыемства меліярацыйных сістэм, “Нарачпрафбуд”, у раённым вузле электрасувязі, санаторыі “Прыазёрны”, прадстаўніцтве Белдзяржстраху… У той жа час шэраг арганізацый значна не дацягвае па заробках да сярэдняраённага паказчыка. У іх ліку — унітарнае прадпрыемства “Нарач курортгандаль”, таварыствы аграпрамысловага комплексу і некаторыя іншыя.

— Леанід Сцяпанавіч, у справе выканання Дзяржаўнай праграмы па далейшым развіцці курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады ўжо пройдзены экватар. Гэтым дакументам прадугледжваецца, што некаторыя мерапрыемствы будуць ажыццёўлены інвестарамі. Скажыце, як вы ацэньваеце іх дзейнасць? Мабыць, з кагосьці ў гэтай справе можна браць прыклад?

— Сапраўды, надзвычай важная для нашага краю гэта Дзяржаўная праграма выконваецца ўжо трэці год. Прытым, даволі паспяхова. Гэта дазваляе забяспечыць у цэлым стабільную дынаміку росту асноўных паказчыкаў развіцця курортнай зоны, мэтанакіравана ствараць на Нарачы буйнейшы аздараўленчы, культурна-забаўляльны і турыстычны цэнтр рэспублікі. Абласным выканаўчым камітэтам скарэктаваны і зацверджаны прыкладны пералік з 22 інвестыцыйных праектаў, плануемых да рэалізацыі на рэкрэацыйнай тэрыторыі курортнай зоны. На іх ажыццяўленне інвестарамі ўжо выкарыстана 81,1 мільярда рублёў. Для таго, каб меркаваць пра важкасць гэтай сумы дадам, што ўвогуле адказнымі выканаўцамі на рэалізацыі ўзгаданай вышэй праграмы асвоена 364,5 мільярда рублёў. Як можна меркаваць па гэтых лічбах, уклад інвестараў значны. Дзякуючы ім завершана будаўніцтва дзесяці драўляных дамоў гасцінічнага тыпу ў санаторыі “Спадарожнік” і двух аналагічных — у санаторыі “Белая Русь”, доміка паляўнічага і рыбалова ў Наносах, турыстычнай вёскі каля Абрамаў. У якасці прыкладу можна прывесці ўзвядзенне этнакультурнага турыстычнага агракомплексу ў Наносах. На пачатак кастрычніка тут асвоена 30 мільярдаў рублёў інвестыцый, з іх амаль палавіна — сёлета. Цяпер вядуцца аддзелачныя работы на дванаццаці гасцявых дамах, у этнаграфічным музеі быту і адміністрацыйным будынку. На вадзяным млыне завяршаюць устаноўку кроквін, абуладкавана ніжняя сажалка, у канюшні-манежы ўкладваецца падлога. Падведзены таксама ўсе неабходныя інжынерныя камунікацыі — электраэнергія, водазабеспячэнне, каналізацыя, ацяпленне.

— Леанід Сцяпанавіч, працяглы час на розных узроўнях вялася гаворка пра адраджэнне Нарацкага рыбазавода. Гады са два таму справа нарэшце зрушылася з мёртвай кропкі, калі на прадпрыемстве з’явіўся новы гаспадар — ТАА “Вытворчы альянс”. Наколькі вас, Леанід Сцяпанавіч, задавальняюць тэмпы адраджэння рыбазавода, прадукцыя якога ў былыя часы ішла ў спажыўцоў, як кажуць, нарасхват?

— Тое, што ў курортным пасёлку зноў адкрылася вытворчасць па перапрацоўцы і кансерваванні рыбы і рыбных прадуктаў, можна толькі вітаць. Інвестар уклаў у былы завод больш за два мільярды рублёў, адкрыў там жа фірменны магазін, у якім кожны жадаючы можа набыць даволі шырокі асартымент вяленай, вэнджанай і салёнай прадукцыі. Вялікі плюс для раёна і ў стварэнні кіраўніцтвам “Вытворчага альянсу” на новай вытворчасці шасцідзесяці рабочых месцаў з неблагімі заробкамі. А што датычыцца колішняга іміджу завода, то пры належнай арганізацыі справы, гэта прадпрыемства можа ў перспектыве вярнуць сабе былую славу і заняць дастойнае месца на рэспубліканскім рынку рыбнай прадукцыі.

— Леанід Сцяпанавіч, адна з праблем раёнаў як вобласці, так і краіны — невыкарыстоўваемая маёмасць. Скажыце, што ўдалося зрабіць сёлета па яе вырашэнні?

— Адна з нашых злабадзённых задач на гэты год — уцягнуць у гаспадарчы абарот чатырнаццаць такіх аб’ектаў. Па трох з іх пытанне ўжо закрыта. На дзясятак аб’ектаў дакументы знаходзяцца ў фондзе “Мінскаблдзяржмаёмасць”. Па васьмі з іх арганізаваны аўкцыёны, па чатырох стартавая цана продажу ўстаноўлена ў памеры 20 працэнтаў ад першапачатковага кошту. Гэта будынкі трох фельчарска-акушэрскіх пунктаў у вёсках Ляшчынск, Лотва і Сцюдзяніца, а таксама былой Дзягільскай сярэдняй школы. З паніжэннем першапачатковага кошту на 50 працэнтаў выстаўляецца на аўкцыён паштовае аддзяленне ў Ляшчынску. У лістападзе правядзём аўкцыёны па продажы адміністрацыйнага будынка ў Чараўках, дзіцячага садка ў Выгалавічах, школы ў Яцкавічах. Карацей кажучы, прымаем неабходныя меры, каб усе намечаныя аб’екты, якія зараз не выкарыстоўваюцца, былі ўцягнуты ў гаспадарчы абарот. З гэтай інфармацыяй зацікаўленыя асобы, схільныя да прадпрыемніцкай дзейнасці, могуць азнаёміцца на сайце раённага выканаўчага камітэта: www.myadel.minsk-region.by. Ды і наогул, перад тымі, хто жадае адкрыць сваю справу, сёння ў нашай краіне адкрываюцца вялікія магчымасці, аказваецца падтрымка на дзяржаўным узроўні. Усяляк садзейнічае развіццю прадпрыемніцтва ў азёрным краі

і раённы выканаўчы камітэт. Так што не саромейцеся, заходзьце да нас за кансультацыяй, падтрымкай у вырашэнні ўзнікаючых праблем. Дзверы майго кабінета для наведвальнікаў заўсёды адчынены.

— Хто ашчадна, з толкам гаспадарыць, у таго і фінансавыя справы ладзяцца. Леанід Сцяпанавіч, ці ўсе нашы арганізацыі, таварыствы працуюць з прыбыткам?

Стратных арганізацый у нас лічыцца толькі дзве — птушкафабрыка “Новая зара”, якая ўжо знікла з карты раёна, і ўнітарнае прадпрыемства “Нарач курортгандаль”. Канечне, з улікам патрабаванняў сённяшняга дня іх не павінна быць наогул. Больш таго, кожнаму суб’екту гаспадарання трэба забяспечваць устойлівы прыбытак, якога б хапала не толькі на бягучыя плацяжы, але і далейшае развіццё арганізацыі. Менавіта з гэтага пачынаецца яе эканамічная моц і дабрабыт усіх работнікаў. А забяспечым высокую рэнтабельнасць у галінах народнай гаспадаркі, значыць, зробім крок наперад у справе далейшага росквіту свайго роднага краю.

Гутарыў

Павел ЖУКАЎ.