Дабрабыт вызначае эканоміка (апытанне)

274

Вялікае значэнне ў нашай рэспубліцы пастаянна надаецца выкананню паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта і не дзіўна, бо як папрацуем — так і жыць будзем. У поўным сэнсе гэтага слова ад вытворчых паказчыкаў залежыць як эканамічнае становішча прадпрыемстваў і арганізацый, так і дабрабыт кожнага з нас. Пацікавілася, як ідуць справы ў асобных галінах народнай гаспадаркі Мя­дзельшчыны. А даведалася наступнае:

Іна Сяргееўна КУЦКЕВІЧ,

эканаміст РВЭС Мінскі філіял РУП «Белтэлекам»:

— Пачну з таго, што прадпрыемства наша працуе стабільна. Па выніках работы за студзень-кастрычнік 2011 года забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Рост платных паслуг сувязі насельніцтву ў супастаўных цэнах склаў 123,9%, у бягучых — 132,4%. За адзначаны перыяд устаноўлена 279 тэлефонных апаратаў, у тым ліку 245 — у насельніцтва. На 845 абанентаў павялічылася колькасць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт, а на 1077 — абанентаў ZALA. Рэгулярна выплачваецца заработная плата. Дарэчы, у нас яна нядрэнная. Людзі стараюцца, усе трымаюцца за сваё працоўнае месца. І надалей будзем мэтанакіравана працаваць па развіцці сеткі перадачы даных і ўкаранення PON-тэхналогій, павелічэнні нашай долі на тэлевізійным рынку раёна і росту абаненцкай базы ZALA. А з’яўляючыся лідарам па выкарыстанні паслуг шырокапалоснага інтэрнэта, паспрабуем не проста ўтрымаць заваяваныя пазіцыі, але і забяспечыць пранікненне byfly па ўсёй тэрыторыі Мядзельшчыны.

Іван Сямёнавіч НОВІКАЎ,

начальнік цэха прыроднага і звадкаванага газу:

— Усе даведзеныя планавыя паказчыкі стараемся выконваць. За 10 месяцаў бягучага го­да расход электраэнер­гіі ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года зменшыўся на 4,3% пры заданні 4%. Рэалізацыя звадкаванага паліва праз запраўкі павялічылася на 126% і склала 159,5 тоны. За адзначаны перыяд пераведзена на прыроднае паліва 138 кватэр (план — 116), газіфікаваны 244 кватэры (план — 162). Своечасова выконваюцца ўсе заяўкі па забеспячэнні блакітным палівам спажыўцоў. Удзяляецца таксама значная ўвага пытанням бяспечнага выкарыстання газу ў быце. Сёлета праве­дзена рэканструкцыя ўласнай кацельні прад­прыемства з устаноўкай сучасных газавых катлоў. Працягваюцца  работы па газіфікацыі вёскі Нарач, горада Мядзел, у прыватнасці, па кааператыву «Баклаі». Як радавых, так і спецыя­лістаў нацэльваем на  своечасовае выкананне даведзеных заданняў, бо выдатна разумеем, што старанне кожнага ўплывае на выніковую дзейнасць усяго калектыву.

Зоя Іванаўна ШАБОВІЧ,

галоўны эканаміст райПО:

— Па выніках работы за 10 месяцаў бягучага года па таварыству выкананы ўсе 10 прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Забяспечаны рознічны тавараабарот на 120,4% пры прагнозе 111%. Прададзена тавараў на суму 33114,5 млн рублёў, а ў грамадскім харчаванні — на 1988,1 млн рублёў. Павялічыўся амаль у 2 разы аб’ём аказваемых насельніцтву платных паслуг. Сёлета адкрылі свой сталярны цэх па апрацоўцы дошак, арганізавана і дастаўка мэблі. Ёсць попыт і на такія паслугі, як памол збожжа, работы па шынамантажу, а таксама на паслугі прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Удзяляецца пастаянная ўвага паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў гандлю. У бягучым годзе ў гарадскім пасёлку Свір адкрыты два магазіны: «Свіранка», пераведзены на самаабслугоўванне з камп’ютарнымі сістэмамі і штрыхавым кадзіраваннем, і «Гаспадарчыя тавары»; пераведзены на самаабслугоўванне з устаноўкай сучаснага абсталявання магазін «Верас» у Мядзеле. А ў прадуктовых магазінах «Юбілейны» і «Свіранка» ўведзены дысконтныя карты пастаянным пакупнікам з прадастаўленнем скідак ад 2 да 5% ад сумы пакупкі. Кожнае з такіх новаўвядзенняў дазваляе амаль у 2 разы павялічыць тавараабарот. Акрамя таго, падтрымліваецца неабходны асартыментны пералік тавараў,  прымаюцца заяўкі на складаную бытавую тэхніку, іншую прадукцыю. Удзяляецца ўвага культуры абслугоў­вання кліентаў. А самае галоўнае, калектыў на чале са сваім кіраўніком з кожным днём пачынае ўсё больш упэўнена глядзець у будучыню.

Падрыхтавала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Таццяны Несцярэнка.