“Будзем з сыравінай увесь год”

283

“Будзем з сыравінай увесь год”На УП “Ілаўскае” штогод вялікая ўвага надаецца арганізацыі нарыхтовак  дзікарослых і садовых ягад, яблыкаў. Менавіта назапашванне сыравіны ў дастатковай для перапрацоўкі колькасці і дазваляе прадпрыемству на працягу ўсяго зімова-вясенняга перыяду працаваць стабільна.

Як расказала намеснік начальніка аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Т. М. Мехавіч, усяго для патрэб завода закуплена ў насельніцтва і арганізацый 4275 тон ягад і яблыкаў. З іх 25 тон клубніц, 36 — вішні, 31 — чырвоных парэчак, 109 — чорных парэчак, 7 — буякоў, 18 — маліны, 12 — чорнай рабіны, 11 — журавін і 4026 тон яблыкаў.

— Працуем па сутнасці па ўсёй Мінскай вобласці. Аднак, як вядома, ільвіная доля нарыхтовак, асаб­ліва яблыкаў, прыпадае на жыхароў Мя­дзель­шчыны, — адзначае падчас размовы Тамара Міхайлаўна. — Здаюць нам садовыя ягады і асобныя сельгасарганізацыі раёна. Напрыклад, з ААТ “Свір-Агра” на прадпрыемства паступіла для перапрацоўкі 3256 кілаграмаў чорных і 340 кілаграмаў чырвоных парэчак. Патрэбна сказаць, што Свіршчына ўвогуле славіцца імі. Пацвердзіць гэта можа і нарыхтоўшчык па той зоне Тэрэза Іосіфаўна Яхімчык, якая больш іншых назапасіла парэчак. Дарэчы, толькі добрае магу сказаць у адрас стараннай і добрасумленнай жанчыны, якая ўмее знайсці кантакт з кліентамі розных узростаў. Пастаянна своечасова разлічваецца з імі за закупленую сыравіну. Шмат удзячных слоў за шчырую працу заслугоўвае таксама малады вадзіцель Іван Андрэевіч Тумаш, які ў такі напружаны для завода перыяд не лічыўся і з асабістым часам. Ды і машына практычна ніколі не падводзіла свайго гаспадара, у чым, вядома, вялікая заслуга шафёра-прафесіянала. Акрамя таго, перавыкананы прад­прыемствам дзяржаўны заказ па нарыхтоўцы збожжа, якога назапашана 2300 тон. Так што будзем з сыравінай увесь год.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.