Алена Куцкевіч: У выбары прафесіі не памылілася

218

Прафесійнае свята цырульнік комплекснага прыёмнага пункта аг. Нарач Алена КУЦКЕВІЧ сустракае ў добрым настроі. Жанчыне па душы работа, якой прысвяціла больш за чвэрць стагоддзя. Ёй падабаецца несці сваім кліентам пазітыў, дастаўляць радасць.

Родам Алена з Вілейкі. Там нарадзілася, вырасла. У Вілейскім прафтэхвучылішчы набыла спецыяльнасць цырульніка і прыёмшчыка комплекснага прыёмнага пункта. Яе першым месцам працы стаў Дом быту ў родным горадзе. А калі выйшла замуж, перабралася за каханым у Нарачанскі край. Ужо 26 год, як сям’я жыве на Мядзельшчыне.

— Чым Вам падабаецца прафесія?

— Па-першае, яна дапамагае лю­дзям стаць прыгожымі. А, значыць, нясе станоўчыя эмоцыі, пазітыў. Па-другое, мне даводзіцца сустракацца з рознымі людзьмі, а гэта вельмі цікава. Люблю справу, якой займаюся. На работу іду з радасцю. У добрым настроі вяртаюся і дадому. А, значыць, у выбары прафесіі не памылілася. Яна — сапраўды мая!

— Якія зараз запыты ў наведвальнікаў?

— Прычоскі менш запатрабаваныя. Па прычыне каранавіруса радзей людзі адзначаюць юбілеі, іншыя адметныя даты. Таму найчасцей кліенты звяртаюцца па стрыжкі. Сярод жанчын вясной ёсць попыт на афарбоўку валасоў, на завіўкі. Маю ўласную базу кліентаў. Некаторыя не толькі прыходзяць у цырульню самі, але дзяцей і нават унукаў прыводзяць. Тым, хто не вырашыў, якую прычоску хоча, стараюся нешта параіць, прапанаваць. А ёсць і такія, хто ўжо ў інтэрнэце знайшоў тое, што яму падабаецца. Цешуся, калі людзі пакідаюць цырульню задаволеныя. Каму ж не прыемна чуць удзячныя словы ў свой адрас?

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 26.03