НА трэці месяц восені па календары каталіцкай канфесіі прыпадаюць памінальныя святы. Першага лістапада адзначаецца ўрачыстасць Усіх Святых, другога — успамін пра памерлых вернікаў — Дзень памяці і малітвы. Апошняя дата больш вядома як Дзяды.

Звычайна напярэдадні гэтых дзён мы спяшаемся на могілкі, каб навесці там парадак. Ідзём у храмы, пішам запіскі за памерлых родных і знаёмых, каб падчас Святых Імшаў памаліцца за іх душы. Разам са святарамі наведваем месцы пахавання дарагіх нам людзей. Запальваем на магілках свечкі, ставім кветкі, молімся супольна і ў цішыні. І такім чынам аддаём даніну павагі тым, каго, на жаль, ужо няма з намі. Успамінаем, якімі яны былі пры жыцці, чым запомніліся.

У першыя лістападаўскія дні кожны, хто ўвечары праязджае каля могільнікаў, бачыць запаленыя лампадкі. Наўкола цемра, а ў ёй мноства агеньчыкаў — маленькіх знічак нашай памяці. І пакуль ёсць людзі, якія іх запальваюць, упэўнена, ніколі не пазарастаюць да святых месцаў сцяжынкі і не будзе там нічыйных магілак.

У памінальныя дні мы звычайна ўзгадваем родных і блізкіх, а разам з імі ўсіх, каго паважалі, любілі. Для мяне ў ліку такіх людзей і былы пробашч Мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай айцец Бэрнард Радзік, які напрыканцы жніўня адышоў у вечнасць. Гэта быў Святар з вялікай літары і надзвычай шчыры, сардэчны, бязмернай дабрыні чалавек. Праз позірк, прамоўленыя словы, што­дзённыя ўчынкі ён злучаў на кожнага, хто з ім меў справу, нябачнае святло. Ніхто з нас не задумваўся, адкуль у яго ўсё гэта? Дзе чэрпае сілы, каб быць сапраўдным Пастарам для сваіх вернікаў, настолькі бескарысліва дапамагаць людзям у няпростых сітуацыях? Адказ на гэтыя пытанні даў пробашч касцёла Святога Мікалая ў Свіры, ксёндз-канонік Багуслаў Маджаеўскі. Падчас развітальнага набажэнства з пастарам у касцёле Святога Андрэя Апостала ў Нарачы ксёндз Багуслаў у гаміліі падкрэсліў, што поўнае манаскае імя святара — Бэрнард ад Беззаганнага Сэрца Марыі. І менавіта з Сэрца Марыі, поўнага ласкі і любові да ўсіх людзей, ён чэрпаў сваю неабсяжную любоў і дабрыню… І толькі, калі айцец Бэрнард адышоў у вечнасць, многія з нас сапраўды зразумелі, як шмат страцілі ў сваім жыцці, як збяднелі духоўна.

…З узростам мы страчваем усё больш людзей. На могілках у Канстанцінаве пахаваны мая матуля, дзядуля Франц і бабуля Паўліна. А таксама сястрычка Валечка, якая ў дзевяцімесячным узросце пакінула гэты свет. Яе ведаю толькі па фотаздымку, які беражліва захоўваецца ў сямейным альбоме. А вось бацькоў мамы, як і яе саму, памятаю. І іх так мне не хапае. Асабліва матулі — яе нястомных клопатаў, сардэчнай увагі, шчырага слова, спагадлівага позірку, прыемнай усмешкі. Нездарма кажуць, пакуль ёсць бацькі, мы застаёмся дзецьмі.

Кожнае наведванне могільніка на маёй малой радзіме пакідае ў душы значны след. Штораз прыходжу туды быццам на чарговае спатканне з мінулым, з дарагімі сэрцу людзьмі. У гэткія хвіліны нябачныя ніткі звязваюць нас, жывых, з роднымі і блізкімі, якіх ужо няма побач. Здаецца, што і яны сочаць за ўсім, што адбываецца, з вышыні. Бачаць нашы ўчынкі, чуюць прамоўленыя словы, ловяць патаемныя думкі і радуюцца, што мы пра іх памятаем, не забыліся.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.