Адышоў у вечнасць былы кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе айцец Віктар Бурлака

836

9 лютага ў бэрнардынскім кляштары ў Шаргарадзе (Украіна) на 48-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы адышоў у вечнасць айцец Віктар Бурлака OFM, які з 2002 па 2018 год нёс служэнне ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, паведамляе catholic.by.

Ілля (манаскае імя Віктар) Бурлака нарадзіўся 16 лютага 1974 года ў вёсцы Розкіш Шаргарадскага раёна Вінніцкай вобласці ва Украіне.

6 верасня 1992 года ўступіў у ордэн бэрнардынаў, дзе праз год прынёс першыя манаскія абяцанні. 3 мая 2000 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля чаго на працягу года нёс служэнне ў Шаргарадзе. У 2002 годзе прыехаў у Беларусь, дзе нёс служэнне ў Будславе. З 2005 года быў кусташам Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

26 жніўня 2018 года завяршыў сваё служэнне ў Беларусі і працягнуў яго ў бэрнардынскім кляштары ў Забаражы, што на Цярнопальшчыне ва Украіне, у 2019 годзе выехаў у Італію, дзе правёў два гады ў кляштары святога Себасцьяна ў Б’елла. У мінулым годзе вярнуўся на радзіму, у бэрнардынскі кляштар у Шаргарадзе.

Раніцай 9 лютага айцец Віктар прыняў святую Камунію, папрасіў даць яму ў рукі грамнічную свечку і ў прысутнасці братоў супольнасці спачыў.

Айцец Віктар, большая частка святарскага жыцця якога прайшла ў Беларусі, не дажыў тыдня да свайго 48-а дня нараджэння.

У Будславе святая Імша за памерлага айца Віктара Бурлаку адбудзецца ў суботу, 12 лютага, а 12-й гадзіне. Узначаліць жалобную цэлебрацыю ў Нацыянальным санктуарыі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пахаванне спачылага адбудзецца 11 лютага. Пахавальная святая Імша ў касцёле святога Фларыяна ў Шаргарадзе распачнецца а 13-й гадзіне.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Адышоў у вечнасць былы кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе айцец Віктар Бурлака

Крыніца catholic.by