Парадак наводзяць агульнымі намаганнямі

226

Парадак наводзяць агульнымі намаганняміНА Мядзельшчыне, як і па ўсёй вобласці, ідзе месячнік па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Уключыўся ў работу па навядзенні парадку на зямлі і Сваткаўскі сельвыканкам. Па словах яго старшыні Веры Уладзіміраўны Хацяновіч, месячнік яны распачалі не з 1 кастрычніка, а значна раней.

— 27 верасня споўнілася 70 гадоў з дня трагедыі ў вёсках Брусы і Шкленікова. Да гэтай даты рыхтаваліся загадзя. Давялі да ладу месцы, дзе ўстаноўлены помнікі землякам, якія загінулі ў блакаду не толькі ў названых населеных пунктах, але і ў вёсцы Новікі, — расказвае старшыня сельвыканкама. — У Брусах, напрыклад, пафарбавалі помнік, новую агароджу, фасад бібліятэкі, замянілі плот ля аўтобуснага прыпынку. Гэтай справай займаўся не толькі сельвыканкам, але і многія раённыя службы. За што ім шчыры дзякуй.Вера Уладзіміраўна расказала, што вялікі аб’ём работы выкананы на грамадзянскім могільніку ў Брусах. Замянілі агароджу з устаноўкай бетонных слупкоў. Але ёсць адна праблема. Там расце шмат старых аварыйных дрэў.

— Спілаваць іх сваімі сіламі няма магчымасці. Далі заяўку альпіністам. А ці зробяць сёлета — невядома. Ды і паслуга гэта не танная. Атрымліваецца, што за адно спілаванае дрэва неабходна заплаціць прыкладна мільён рублёў, — працягвае размову В. У. Хацяновіч. — Прычым убіраць іх неабходна не толькі на могілках у Брусах, але і ў Вузле.

— Якія работы запланавана выканаць падчас месячніка? — цікаўлюся ў старшыні сельвыканкама.

— Добраўпарадкаванне населеных пунктаў — адзін з галоўнейшых напрамкаў нашай дзейнасці. Асноўную ўвагу звернем на навядзенне парадку на могілках. Наступаюць памінальныя дні і прыбраць месцы пахавання продкаў — святы абавязак кожнага хрысціяніна. Разам з вяскоўцамі будзем рабіць усё магчымае, каб не сорамна было і самім зайсці, і святара запрасіць.

Вера Уладзіміраўна расказала, што плённа папрацавалі на могілках у вёсцы Сваткі. Выразалі кустоўе, прыбралі смецце. Але не меншы аб’ём работы належыць яшчэ выканаць. Неабходна падсыпаць некаторыя дарогі і вуліцы. У Брусах, напрыклад.

— Дзе завіхаліся вашы людзі ў дзень абласнога суботніка?

— Прыбіралі тэрыторыю ля сельвыканкама, Дамоў культуры і клубаў, якія размешчаны на тэрыторыі нашага сельсавета, а таксама працавалі на могілках у Сватках. Яшчэ належыць добраўпарадкаваць месцы пахавання продкаў у вёсках Даўжані і Мацкі. Хочацца, каб больш актыўную дапамогу ў гэтай справе аказвалі вяскоўцы, — чую ў адказ.

Гэта размова праходзіла ў вёсцы Вузла на беразе рэчкі. Тут жа завіха¬ліся мужчыны, якія ладзілі мост. Вера Уладзіміраўна расказала:

— Гэтай сцежкай і праз мосцік найхутчэй дабрацца да Вузлянскага лясніцтва і да могілак. Ёй карыстаюцца многія вяскоўцы. Таму і рамонт моста — справа важная і патрэбная.

— Хто тут працуе?

— Мужчыны са Сватак. Дзякуй ім за старанне і руплівасць. Думаю, што вузлянцы застануцца задаволенымі, — адказвае В. У. Хацяновіч.

— Калі ласка, назавіце прозвішчы людзей, якія прымаюць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні населеных пунктаў, — прашу старшыню сельвыканкама.

— Заўсёды актыўна працуюць работнікі культуры з Вузлы, Сватак ці Брусоў. Як толькі аб’яўляецца суботнік, яны сваім прыкладам агітуюць і натхняюць вяскоўцаў на працу. Толькі словы падзякі магу выказаць у адрас бібліятэкара з Брусоў Вікторыі Гвідонаўны Клямяціч. Дарэчы, яна з’яўляецца і старэйшынай вёскі. Заўсёды добра працуюць на добраўпарадкаванні кіраўнік справамі сельвыканкама Наталля Георгіеўна Калбун. А як не адзначыць бухгалтара сельвыканкама Алену Андрэеўну Раскову. Гэта энергічная жанчына з’яўляецца завадатарам многіх добрых спраў. Заслугоўвае падзякі і загадчыца Сваткаўскага Дома культуры Ганна Міхайлаўна Бабкевіч, — адказвае В. У. Хацяновіч. — Плённа папрацавала школа на добраўпарадкаванні тэрыторый ля помнікаў загінуўшым землякам, магілы Максіма Танка. Агульнымі намаганнямі зробім наш куточак больш прыгожым і прывабным.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: новы масток праз раку Вузлянка ўзводзяць жыхары Сватак.

Фота Георгія Прысмакова.