Пытанні добраўпарадкавання тэрыторый вытворчых і культурна-бытавых аб’ектаў, населеных пунктаў былі і застаюцца важнымі і актуальнымі. Ці ўсё магчымае робіцца на месцах для таго, каб кожная вёска, кожны куточак нашай Мядзельшчыны выглядаў прыгожа і ўтульна? Гэта і паспрабавала высветліць рэйдавая брыгада, якая днямі наведала шэраг населеных пунктаў, пабывала на машынных дварах, фермах некаторых сельгаспрадпрыемстваў. Адразу варта адзначыць, што выкананы вялікі аб’ём работы па навядзенні парадку на зямлі, але многае яшчэ застаецца па-за ўвагай некаторых адказных асоб.
Сваткаўскі сельсавет. На дзень праверкі наведзены парадак на могілках у вёсках Русачкі, Рудзевічы, Брусы. Там скошана трава, ачышчаны кантэйнеры ад смецця. Менавіта такі парадак, як запэўніла старшыня сельвыканкама В. У. Хацяновіч, у бліжэйшы час будзе наведзенаы і на могілках у вёсцы Вузла.
— Сёння нашы людзі працуюць у вёсцы Новікі, абкошваюць пустазелле, — расказвае Вера Уладзіміраўна. — Гэты накірунак для нас сёлета, як кажуць, стратэгічны. Абавязкова ўстановім агароджу на могілках у вёсцы Новікі, дзе пахаваны Максім Танк. Сюды прыязджае шмат турыстаў, а з нагоды юбілею славутага земляка гасцей будзе яшчэ больш…
Аднак варта не толькі абгарадзіць могілкі, але і кантэйнер для збору адыходаў паставіць на цвёрдую пляцоўку, ачысціць перапоўненую скрыню для смецця. Ды і вёскі Мацкі, Новікі, Пількаўшчына павінны быць добраўпарадкаваны належным чынам.
Не надало аптымізму наведванне машыннага двара ААТ «Сваткі». На тэрыторыі бачны плямы ад разлітых нафтапрадуктаў. Не ўпарадкавана складзіраванне зношаных шын і металалому. На тэрыторыі збожжасушыльнага комплексу ўчынена звалка будаўнічых матэрыялаў, не прыбраны рэшткі згарэўшага будынка. Бачна, што на мехдвары распачыналі барацьбу з пустазеллем. Яно абкошана ля агароджы, а за ёй — не кранутае. Вось і атрымліваецца як ў той прымаўцы: твар памылі, а пра цела забыліся.
Жадае быць лепшым парадак і на тэрыторыях ферм «Новікі» і «Рудзевічы», дзе валяюцца рэшткі кармоў, саломы, абрыўкі поліэтыленавай плёнкі. Прычым падобную карціну мы назіралі падчас рэйду ў пачатку красавіка. Няўжо за два месяцы так і не знайшлося часу, каб навесці парадак на прыфермскіх тэрыторыях?
Княгінінскі сельсавет. Адразу завіталі на ферму «Гарадзішча» птушкафабрыкі «Новая зара». Прыемна было бачыць, як загадчык фермы Іван Віктаравіч Зянько завіхаўся з бензакасой, абкошваючы пустазелле.
— Паспрабаваў звычайнай касой — не атрымліваецца. Прывёз з дому бензінавую, — патлумачыў ён.
Вось бы так рабілі і іншыя загадчыкі ферм. Асабліва малочнатаварнай фермы «Восава», якая з года ў год патанае ў зарасніках быльнягу. Не даведзены да канца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі мех¬двара ў вёсцы Восава. Гнаясховішча на комплексе «Княгінін» перапоўнена.
На могільніку ў вёсцы Восава кантэйнер для збору смецця таксама перапоўнены, і пад ім адсутнічае пляцоўка з цвёрдым пакрыццём. Не вельмі клапоцяцца вяскоўцы, каб іх населены пункт выглядаў прыгожа. Таму ля асобных прыватных падвор’яў не наведзены санітарны парадак.
— Пакуль яшчэ ўгаворваем людзей, а не атрымаецца — прыменім іншыя меры ўздзеяння. Мы не ў сілах паўсюдна абкасіць. Сёння два касцы працуюць у Княгініне, — кажа старшыня сельвыканкама Ч. У. Адамовіч.
Зразумела, два-тры касцы, якія працуюць штодзень, усюды не паспеюць. Патрэбна каб кіраўнікі тых арганізацый і ўстаноў, чые аб’екты знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, таксама адчувалі і неслі пэўную адказнасць за добраўпарадкаванне замацаваных тэрыторый.
Крывіцкі сельсавет. Могільнікі ў гарадскім пасёлку абкошаны, а вось кантэйнеры для збору смецця не ўстаноўлены на цвёрдыя пляцоўкі. На праваслаўных могілках вяліся работы па рамонце агароджы.
— Трава сёлета расце, здаецца, як ніколі. Не паспееш скасіць, як зноў пара брацца за гэту справу. Сёння касцы працуюць у вёсцы Баравікі. Я вельмі ўдзячна вяскоўцам і жыхарам гарадскога пасёлка, якія заўсёды падтрымліваюць парадак ля сваіх сядзіб. У чысціні ўтрымліваецца тэрыторыя бальніцы, Дома культуры і бібліятэкі, некаторых іншых устаноў, — расказвае старшыня сельвыканкама Н. В. Бялоўская. — З іх павінны браць прыклад іншыя. Хачу адзначыць работнікаў участка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны выконваюць значны аб’ём работы па добраўпарадкаванні пасёлка.
Зазірнулі мы на тэрыторыю мехдвара мясцовага сельгаставарыства. Тут не ўпарадкавана захоўванне зношаных шын і металалому. А з астатнім, як кажуць, можна мірыцца. А вось убачанае на малочнатаварнай ферме «Піліпкі» вельмі засмуціла. Павільён былой артсвідравіны паўразбураны. З воданапорнай вежы, з-за абыякавасці адказных асоб, бесперапынна цячэ артэзіянская вада, забалочваючы тэрыторыю. Металічная ёмістасць для збору сцёкаў ад малочнага блока перапоўнена, таму брудная вада самастойна прабівае сабе дарогу і разам з вадкай фракцыяй гною расцякаецца па наваколлі. Работнікі фермы імкнуцца штосьці зрабіць, каб тэрыторыя выглядала прывабна. Пра гэта сведчаць клумбы тыпу «альпійская горка», «сад камянёў». Але ўся гэта прыгажосць застаецца непрыкметнай у параўнанне з недахопамі, якія адразу кідаюцца ў вочы.
Будслаўскі сельсавет. У вёсках Алешкі і Равячкі ля дамоў, у якіх ніхто не жыве, не абкошана пустазелле. Пры ўездзе ў вёску Камарова не поўнасцю ўбраны рэшткі жылога дома. Паўразбураная печ прыгадвае кадры з хронікі ваенных гадоў. На могільніку ў Камарове распачалі замену агароджы. А яшчэ раней тут спілавалі старыя дрэвы. Сукі не вывезлі, а склалі ў кучы, якія засмечваюць тэрыторыю. Кантэйнер для збору смецця не пастаўлены на цвёрдую пляцоўку і практычна «ўрос» у зямлю. Вакол яго ўтварылася звалка. Усё недахопы бачны з дарогі, па якой у хуткім часе будуць крочыць пілігрымы на фэст у Будслаў. Варта паклапаціцца і навесці парадак вакол могільніка ў Будславе. Неадкладнай ачысткі ад гноевых сцёкаў патрабуе гнаясховішча фермы «Будслаў»…
Словам, недахопаў, якія сведчаць пра абыякавасць асобных адказных асоб да пытанняў навядзення парадку на зямлі, захавання санітарных і экалагічных патрабаванняў, выяўлена шмат.
У рэйдзе ўдзельнічалі:
А. ПАПКОВА.
Памочнік урача-гігіеніста раённага
цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
В. ПРАТАСЕВІЧ.
Намеснік начальніка раённай
інспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя.
І. ЛУБНЕЎСКІ.
Загадчык аддзела курорта і турызму
рэдакцыі газеты «Нарачанская зара».