Месячнік па добраўпарадкаванні: шлях праз непрыгожае

330

Месячнік па добраўпарадкаванні: шлях праз непрыгожаеВЯСНА радуе сонечным і цёплым надвор’ем, прыбіраюцца ў квецень гарады і вёскі. Усё больш прывабнай робіцца і Мядзельшчына, каб адпавядаць як тэндэнцыям прыроды, так і агульначалавечаму паняццю прыгажосці. На гэта накіраваны і месячнік па навядзенні парадку на зямлі, азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый, аб’яўлены ў красавіку аблвыканкамам. Ён падыходзіць да свайго завяршэння. Што зроблена, а куды не дацягнуліся рукі, і паказаў маніторынг, праведзены ў сераду.

Месячнік па добраўпарадкаванні: шлях праз непрыгожаеЕдзем на могілкі ў Чарэмшыцы паглядзець на стан кантэйнернай пляцоўкі. З’язджаем з цэнтральнай трасы, і позірк адразу ловіць па абодва бакі дарогі, што вядзе ў населены пункт, каляровыя плямы смецця. Зразумела, што “ўпрыгожваюць” такім чынам пад’езд да сваёй вёскі мясцовыя жыхары ці іх госці, бо выпадковыя людзі сюды наўрад ці заварочваюць. Але каля крыжа, што на ўездзе, чыста. У вёсцы каля могілак стаіць жоўты кантэйнер для збору пластыку. У празрыстай ёмістасці — пахавальныя вянкі, пакеты з бытавым смеццем, шклянкі-бляшанкі. “Дабра” — ажно праз верх вывальваецца. Далей ад дарогі размяшчаецца агароджаная кантэйнерная пляцоўка, праўда, не ў самым лепшым стане. Смецце вывезена, але нехта ўжо падкінуў пад кантэйнеры старыя вянкі.
Месячнік па добраўпарадкаванні: шлях праз непрыгожаеЗа будынкам, дзе месцяцца кантора ААТ “Занарачанскі” і магазін, знайшлі лужыну са спецыфічным водарам (здымак 1). Сцёкавыя воды каналізацыі зноў, без папярэджання, выйшлі на паверхню. Гэта сітуацыя, як патлумачыла Святлана Даліба, паўтараецца з зайздросным пастаянствам. У магазіне прадавец аказалася не ў курсе праблемы. Бухгалтэрыя таварыства таксама не праявіла цікавасці да нашай навіны. Маўляў, у нас вокны зачыненыя, мы нічога не чуем і не ведаем.
У аграгарадку Занарач вялікі і даўні могільнік. І калі з боку Дома культуры ён мае ахайны выгляд, то зусім іншая карціна адкрываецца з тыльнага боку. Сцяна зарасніку спакушае “акуратных” грамадзян выкідваць перыядычна туды смецце. Дастаць яго адтуль дастаткова праблематычна. Ды і дарогу, што падымаецца ўгору да могілак, адолее не кожны: калдобіны, натрэсенае галлё. Бачна, што тут працавала тэхніка, але ацаніць вынікі яе работы па прычыне бедламу складана.
Накіроўваемся да шматкватэрнага дома таварыства ўласнікаў “Хваля”, што па вуліцы 1 Мая аграгарадка. Не так даўно тут каля кацельні ляжалі кучы смецця, драўніннай кары і пілавіння. Сёння ў двары чысціня і парадак. Але што гэта? Пасярод заасфальтаванай пляцоўкі — старая газавая пліта і больш за дзясятак мяхоў з пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі (здымак 2). Жыхар дома Віктар Кучарэнка тлумачыць: “Дамовіліся з камунгасам, што яны прыедуць і забяруць. Але па графіку, у першы чацвер месяца, машына не прыехала. Чакаем”. Звязаўшыся па тэлефоне з ЖКГ, пачулі, што работнік, у кампетэнцыі якога гэтыя пытанні, захварэў. Адказаць, колькі яшчэ будзе “ўпрыгожваць” двор такая кампазіцыя, не ўзяліся. Яшчэ ў двары кінулася ў вочы стужка новага плоту, што адгароджвае агароды. “Гэта мы самі пастараліся”, — задаволена паведаміў Віктар Кучарэнка. І ў той жа час з вонкавага боку дома (дзе, дарэчы, 34 кватэры) ні кусціка, ні кветачкі, толькі некалькі ўросшых у дзірван аўтамабільных шын, што некалі, напэўна, былі клумбамі.
Месячнік па добраўпарадкаванні: шлях праз непрыгожаеНаш далейшы шлях ляжыць у Сваткі. Праязджаючы праз Рудзевічы, заўважаем людзей на мясцовых могілках. Валерый Русак і Марыя Чарняўская, якіх накіравала сюды старшыня мясцовага сельвыканкама, заканчваюць работы па ўсталяванні агароджы каля кантэйнернай пляцоўкі (здымак 3). Яны паведамілі, што сёння тут вывозілі спілаваныя дрэвы, прыбіралі галлё. Такім чынам, яшчэ адзін аб’ект прыведзены ў парадак.
А вось чаго чакае гаспадыня дома №5 па вуліцы Максіма Танка ў аграгарадку Сваткі, застаецца толькі здагадвацца (здымак 4). Яшчэ ў пачатку месяца зацікаўленыя службы ўказалі ёй на тое, каб навяла ў двары парадак. Але, як расказала старшыня сельвыканкама Наталля Калбун, жанчына не спяшаецца,
апраўдваючыся недахопам часу і мужчынскай сілы. 11 красавіка з Інэсай Лук’яненкай (так завуць гаспадыню) быў заключаны дагавор на вываз смецця, мясцовая гаспадарка выдзеліла “амкадор” у дапамогу. Каб сказаць, што пачысцела? Ды не. Так, сляды тэхнікі бачны ў двары. Месячнік па добраўпарадкаванні: шлях праз непрыгожаеТолькі да парадку там яшчэ далёка. Як няма элементарнага парадку і на дваровай тэрыторыі яшчэ аднаго дома на гэтай жа вуліцы, які належыць усё той жа Лук’яненцы.
Нешта падобнае ўбачылі ў двары жыхаркі Крывічоў Алены Сакаловай (здымак 5). Яе дом знаходзіцца на ўездзе з боку Восава. Адразу можа падацца, што тут ніхто не жыве: непрыбраны з восені сухастой на занядбанай клумбе, параскіданыя анучы, жэрдкі, нейкі стары посуд, вёдры, смецце і… сіратлівы нарцыс, што выпусціў кветачку, прабіўшыся скрозь дзірван. Гаспадыня-пенсіянерка кажа, што зараз прыхварэла, а як паздаравее, то адразу возьмецца за парадак. Ці паверылі мы ёй? А вы?
Сляды суботніка ўбачылі на малочнатаварнай ферме “Крывічы”. Дошкі, што ляжалі каля даільнага блока і кідаліся адразу ў вочы, прыбралі. А смецце з пілавіннем работнікі сабралі і перанеслі ў іншае месца, каб потым адтуль яго вывез пагрузчык. І хто аўтар такога плана? Алена Фёдарава ўказала кіраўніку гаспадаркі Ігару Шаблоўскаму на нявычышчаную пляцоўку для часовага захоўвання гною, сцёкавыя воды ад выграбу малочнага блока, што падтапляюць падмурак будынка. Знайшліся недахопы і на тэрыторыі рамонтна-механічнай майстэрні ААТ “Пруднікі-Агра”, што ў Прудніках. На тыльным двары тут размясцілася несанкцыянаваная звалка зношаных шын, каля плоту — кучка паламанага шыферу. Ігар Мечыслававіч паабяцаў выправіць сітуацыю ў бліжэйшы час.
Месячнік па добраўпарадкаванні: шлях праз непрыгожаеЗазірнулі і ў суседні з канторай таварыства двор жылога дома. Жыхарка Зоя Свірыдзенка паскардзілася, што не ўсе яе суседзі сур’ёзна ставяцца да пытання навядзення парадку: закінуты і не прыбраны з боку дарогі агарод, хлеў знесены, а месца засталося захламленым, перакошаная з паламанымі дзвярамі прыбіральня, якой ніхто не карыстаецца, таксама не ўпрыгожвае двор. Жанчына спадзяецца, што, можа, праз газету дастукаецца да сумлення гаспадароў.
Праверылі, ці знікла звалка ў двары дома 127 па вуліцы 17 верасня гэтага населенага пункта. Так, яе няма. Пытанне тут застаецца толькі па калодзежы, які яўна патрабуе гаспадарскай увагі: ці каб яго знеслі, ці каб адрамантавалі (здымак 6). Жыхары хочуць, каб ён застаўся, але апошняе слова за ЖКГ.

С. ДАЛІБА.
Памочнік урача-гігіеніста
ДУ “Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.
А. ФЁДАРАВА.
Галоўны спецыяліст
раённай інспекцыі
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
І. ЯРЧАК.
Супрацоўнік рэдакцыі раённай газеты
“Нарачанская зара”.
Фота Іны Ярчак.